Распачаўся прыём заявак ад артыстаў на VI Біг-Міні-Фэстываль вулічнага мастацтва, які адбудзецца 29−30 ліпеня. Hrodna.life паразмаўляў з арганізатаркай фестывалю Анастасіяй Роўбай пра тое, як фестываль вырас за шэсць гадоў, што новага чакаць сёлета і як прыцягнуць моладзь да культурнага жыцця горада.На фестывалі выступаюць вулічныя музыкі і тэатры, жывыя статуі, скейтары, ролеры, біэміксеры, джамперы, мімы, хадулісты, брэйкдансеры, чэрлідары і іншыя танцоры.

Сёлета, акрамя удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны, арганізатары чакаюць артыстаў з Польшчы і Літвы — бязвізавы рэжым спрыяе. Магчыма, фестываль зойме ўвесь цэнтр: ад Савецкай плошчы да ЗАГСа. Плануецца вулічная мэбля, больш выязнога гандлю і выставы хэндмэйду.

Як распачынаўся Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва?

— Бюджэт першага фестывалю, які прайшоў у 2012 годзе, — 100 долараў. Калонкі былі нашыя, жахліва хрыпелі. Апаратуру і ўдарную ўстаноўку далі знаёмыя музыкі. Гэта быў местачковы фестывальчык. Але на яго з’ехаліся артысты з Мінску, Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай вобласці.

Другі фестываль прайшоў у парку Жылібера. Падключыўся гарвыканкам. Фестываль быў трошку шырэйшы, бо мы змаглі даць артыстам начлег. Трэці фестываль прайшоў у рамках Фестывалю нацыянальных мастацтваў і таму быў найменш заўважным.

Фэст вулічнага мастацтва6
Анастасія Роўба
Мы тры гады ішлі на таго, каб выйсці на фестываль у існуючым фармаце. Кожнаму накірунку мастацтва мы стараемся даць асобную пляцоўку. Да нас прыязджаюць з розных гарадоў і краін. Нарэшце фестываль зрабіўся самастойным мерапрыемствам са сваімі датамі.

Ці ёсць місія ў фестываля?

— У першую чаргу, мы рэкламуем горад. Дзіўна, але беларусы рэдка наведваюць іншыя беларускія гарады. Дзякуючы такім фестывалям людзі падарожнічаюць. Па-другое, мы звяртаем увагу на вулічнае мастацтва, папулярызуем розныя накірункі. Мы робім бясплатныя майстар-класы, каб любы мог паспрабаваць і зразумець, што марыў пра гэта ўсё жыццё.

У чым складанасці ў правядзенні фестывалю?

— Заўсёды складана фінансава. Хочацца прывезці крутога артыста, на якога патрэбныя грошы. Пры падтрымцы гарадскіх уладаў адразу вырашаюцца арганізацыйныя пытанні, якія фізічнай асобе цяжка вырашыць. Над фестывалем працуе велізарная колькасць людзей. Калі спачатку нас было ўсяго пару фаершчыкаў з тэатру агня «Ergo bibamus», то зараз гэта вопытныя людзі, кожны са сваёй задачай. Для дапамогі мы запрашаем валанцёраў.

Ці ёсць думкі зрабіць фестываль платным?

— Мы кожны раз пра гэта думаем. Але калі мы закрываем прастору і робім платны ўваход, гэта ўжо не вулічнае мастацтва. Магчыма, мы будзем ладзіць мерапрыемства перад фестывалем, каб акупіць Біг-міні-фестываль. Спонсарам мы заўсёды рады.

Фэст вулічнага мастацтва.3jpg
Псіхалагічны тэатр пластычнай імправізацыі АКМЕ з Мінска на фестывалі ў Гродне ў 2016 годзе

Чаму будзе прысвечаны сёлетні фестываль?

— Вуліцам! Жывым творчым вуліцам. Насамрэч, вуліца жыве заўсёды, нават ноччу. Але Гродна сам па сабе не вельмі жыве. Не ведаю, з чым гэта звязана. Моладзь з’язджае з Гродна. Раней было шмат тусовак, больш канцэртаў праводзілася. Спадзяюся, мы гэта выправім.

Чаму моладзь мала цікавіцца творчым жыццём горада?

— Зараз малым прыкольна пайсці ў «OldCity» і тусавацца там паўдня. Або сабрацца дзесьці на раёне, утыкаць у тэлефоны і курыць электронную цыгарэту. У наш час у прыярытэце было паехаць у цэнтр: замкі, Каложа, паркі. Заўсёды было куды пайсці. Ты быў без тэлефона, але ведаў, што можна падыйсці «пад тэкстыля», калі там сяброў няма, ідзеш «пад замкі». Калі там нікога няма, ідзеш у гэты канкрэтны дворык, і там сядзяць твае сябры.

Магчыма, інтэрнэт праглынуў усё. У нас быў прыярытэт камунікацыі, прага да зносін. А зараз можна проста сядзець, чытаць навіны і глядзець блогераў. Мне падаецца, шмат хто сёння пражывае не сваё жыццё. Зато я радуюся, калі бачу біэміксераў, скейтараў, ролераў, што тусуюцца пад «драмам». Або моладзь, якая з гітарай сядзіць і спявае. Разумееш, што не ўсё яшчэ згублена.

Фэст вулічнага мастацтва5
Оля Лета на фестывалі ў 2016 годзе

Як прыцягнуць моладзь да культурнага жыцця?

— Трэба зразумець, чым жыве моладзь, чым яна цікавіцца. Мне так смешна казаць «моладзь», бо я быццам бы не старая, а ўжо кажу пра зусім іншае пакаленне. Я ўпэўненая, што ў ім шмат актыўных, зацікаўленых людзей. Можа, зараз у прыярытэце іншыя напрамкі і віды мастацтва? Можа, зараз у прыярытэце чытаць кнігі, а не хадзіць на плошчы і граць спектаклі?

А як даведацца, чаго хоча моладзь?

— Трэба камунікаваць, выходзіць на прамы кантакт. Толькі праз камунікацыю можна пазнаць чалавека. Можа, трэба проста даць пляцоўку, магчымасць для самарэалізацыі? Удзельнічаюць жа яны ў «Alma-mater» [конкурс для першакурснікаў ГрДУ — рэд.]. Многія могуць сядзець у «падполлі». Збірацца, рэпетаваць, граць на гітарцы, спяваць песенкі, чытаць вершы. І нікуды не выходзіць. Трэба падумаць, як усё арганізаваць, каб адкрыць таленты. Хаця, у нас жа ёсць аматарскі тэатр «Бочонок», моладзевы тэатр «6-я студия». Можа, мы дрэнна шукаем, а насамрэч усё ёсць?