Усё больш дзяцей у Беларусі вучаць польскую мову або ідуць у польскамоўныя школы. Каб ведаць родную мову і традыцыі, хутчэй набыць кватэру, быць больш талерантным або з’ехаць у Злучаныя Штаты? Іх бацькі і самі школьнікі расказалі, навошта, піша «С*****а».

Летась па-польску вучыліся 13 тысяч дзяцей

Летась 13 тысяч дзяцей у Беларусі вывучалі польскую мову, паведаміў старшыня Польскага школьнага таварыства Станіслаў Сянкевіч. Найбольш умоваў для гэтага створана ў Гродзенскай вобласці. Тут і працуюць толькі дзве ў краіне агульнаадукацыйныя школы з польскай мовай навучання ў Гродне (№ 36) і ў Ваўкавыску (№ 8). У іх вучацца менш за 900 дзяцей.

Да таго ж дзейнічаюць Польскае школьнае таварыства («Polska Macierz Szkolna»), польская школа імя Яна Паўла ІІ і школа пры неафіцыйным Саюзе палякаў Беларусі. У гэтыя недзяржаўныя ўстановы ідуць з пятай клясы. Прадметы на выбар: гісторыя, культура, геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, абавязковая польская мова і літаратура. Усё па-польску.

Сёлета бацькі дамагліся, каб у гродзенскую школу № 36 набралі тры першыя класы, а не два, як раней. У школе імя Яна Паўла ІІ апошнія два гады набіраюць па 11 адзінаццатых класаў, да таго было амаль удвая меней — 6.

Вольга Камягіна, маці: «Мне не падабаецца сістэма адукацыі ў Беларусі»

Яе сын Арцём ходзіць у шосты клас рускамоўнай школы ў Гродне. Пасля школы наведвае заняткі ў Польскім школьным таварыстве. Цяпер — па дзве гадзіны двойчы на тыдзень. Далей лекцыяў будзе больш: да 4−5 у дзень.

Вольга сама скончыла «Macierz» і кажа, што польская мова ёй прыдаецца ў працы і проста ў жыцці. Маці хацела аддаць сына з першага класу ў польскамоўную школу, аднак перадумала, бо далёка ад дому. Жартуе, што рашэнне прыняла, як толькі малы нарадзіўся.

«Мы хочам, каб ён паступаў у Польшчу, — распавядае яна. — Мне не падабаецца, што ў нас ёсць размеркаванне. Думаю, з польскай адукацыяй будзе больш шанцаў уладкавацца і там, і тут. Мы яшчэ добра вучым англійскую мову, каб трапіць на праграмы абмену — павучыцца год у іншай краіне.

Для іншаземцаў у Польшчы ёсць бясплатныя месцы са стыпендыяй. Мне важна, каб у дзіцяці было нармальнае студэнцкае жыццё, калі ты на выходныя зможаш паехаць на мора, паляцець у іншую краіну, паехаць на практыку ў Нарвегію.

Мне не падабаецца сістэма адукацыі ў Беларусі: капаць бульбу, гэтая ідэалогія, не выходзіць на акцыі. Яна падобная да савецкай, а якасць ніжэйшая. Не схадзіў на імпрэзу БРСМ — табе не паставілі залік, схадзіў на мітынг (а ён мае права хадзіць на мітынгі) — адлічылі з універсітэту.

Калі Арцём быў малы, мы з’ездзілі ў Польшчу на летнік, на мора. Яму там спадабалася. Ён пачуў, што я размаўляю па-польску. Ён вельмі загарэўся. Захацеў паступаць у Польшчу.

Яму цяпер сапраўды ў «Macierzy» вельмі цікава. Зусім іншае выкладанне. Нікога не прымушаюць. Сшыткі яны могуць весьці якія-хаця, а не як у школе. Іх нямнога ў класе. Ездзяць на экскурсіі.

У канцы году разам ідуць у касцёл, хоць мой праваслаўны. Ён схадзіў, сказаў пасля: «Аказваецца, можна маліцца так, як ты хочаш, а не так, як табе кажуць». На Раство святкуюць, робяць пастаноўку. Ён там цалкам заняты. Такой традыцыйнасці няма ў звычайнай школе.

Дыплом Польскага школьнага таварыства цэніцца ў Польшчы, нашыя польскія школы там ведаюць. Вынікі ЦТ залічваюць пры паступленні. Экзамены ў Польшчы і ў Беларусі ў розны час. Калі што, будзе шанец аддаць дакументы ў беларускі ВНУ.

Калі ён з’едзе жыць у Польшчу — калі ласка. Я буду да яго ў госці прыяжджаць. Арцём ведае, што ў 18−19 гадоў яго фінансаванне тут заканчваецца. Калі ён будзе студэнтам тут, яму трэба будзе дужа эканоміць, ісці працаваць.

Я касмапаліт. Я люблю сваю радзіму, але жыць магу, дзе заўгодна. Калі ён убачыць, што ў яго там атрымліваецца, то будзе жыць там. Не бачу нічога кепскага.

Вядома, ёсць шкурны інтарэс — знайсці там працу з большым заробкам. Там ты зможаш узяць крэдыт на кватэру пад 4%, а не пад 19−20% як у нас. Чалавек мусіць жыць там, дзе ў яго больш камфортныя ўмовы.

Калі ў яго не будзе атрымлівацца, то я ключы ад дому не памяняю. Калі не здолее адаптавацца, у кожны момант зможа забраць дакументы і вярнуцца ў Беларусь".

Арцём Думчаў, школьнік: «Там шмат творчых заданняў»

Ходзіць у шосты клас рускамоўнай школы, наведвае Польскае школьнае таварыства, 11 гадоў.

«Мне падабаецца, што можна ў бібліятэцы ўзяць кнігу на польскай мове, каб падцягнуць навык, як ты гаворыш. Падабаюцца настаўнікі. Яны спачатку кажуць па-польску, а потым тлумачаць сэнс таго, што сказалі, але таксама па-польску. Мне зразумела. Вельмі падобна да беларускай мовы.

Там шмат творчых заданняў: намаляваць, напісаць твор, паспрабаваць нешта новае. У звычайнай школе гэта не часта заўважыш. Амаль на кожных занятках у нас ёсць творчае заданне. Яны лепшыя, бо яны больш развіццёвыя, больш зразумелыя. Праз малюнак мы вывучаем культуру Польшчы, праз пісьмовы твор — геаграфію, гісторыю або мову.

У нас часта ідзе праца ў групе: намаляваць малюнак на ватмане ўсім разам. Потым мы выходзім і прэзентуем іх, атрымліваем адзнакі. У канцы году ў польскай школе кожнаму даюць падарунак: дыскі, салодкі пачастунак. Не падабаецца тое, што досыць доўга ідуць заняткі — амаль паўтары гадзіны. Спачатку мне не падабалася, бо было незразумела, што кажуць. Але калі чытаў, было больш зразумела. Цяпер усё задавальняе.

Я хацеў бы паступіць у Польшчу. Думаю, там лепшая адукацыя, больш развіццёвая. Не ведаю, ці хачу застацца жыць у Польшчы. Яшчэ пяць гадоў чакаць да заканчэння школы".

Натальля, маці: «Вучацца, бо атмасфера»

Старэйшы сын паступіў ва ўніверсітэт у Польшчы, малодшае дзіця вучыцца ў польскамоўнай школе ў Гродне.

«Мы палякі па нацыянальнасці. Але не размаўляем на польскай мове ў сямʼі. Мае дзеці там вучацца не таму, што навучанне па-польску, а праз атмасферу, якая пануе ў школе.

Я заўважаю, што дзеці з польскамоўнай школы і з іншых школаў — абсалютна розныя, па-іншаму сябе паводзяць. Нашыя больш талерантныя да іншых. Сучасны свет поўны жорсткасці і злосці. У нашай школе вялікі адсотак дзяцей-інвалідаў. Аддалі дзяцей туды, каб нашае вельмі злое грамадства менш траўмавала іх.

Старэйшага аддалі ў польскую школу, каб даць яму нагрузку, бо ён умеў перад школай чытаць, пісаць, лічыць.

Школа жыве традыцыямі. Раство адзначаюць у класе з настаўнікамі, бацькамі, сябрамі, як дома. Можа, іх яшчэ вера стрымлівае рабіцца жорсткімі. Шмат семʼяў каталікоў, ёсць іншыя веравызнанні.

Не ведаю, ці хачу, каб малодшы паступаў у Польшчу. Бо з узростам іншыя каштоўнасці. Хочацца, каб дзіця было побач.

Старэйшы ў захапленні ад навучання. Калі студэнты пішуць курсавую па хіміі, то пад іх працу замаўляюць патрэбныя рэчывы, рэактывы. У іх болей практыкі. Польская школа невялікая. Імавернасць таго, то дзецям давядзецца ўдзельнічаць у конкурсах, алімпіядах, імпрэзах, высокая. Хочаш не хочаш, мусіш удзельнічаць у школьным жыцці, быць актыўным".

Ганна Пажэцка, маці і настаўніца: «Мы — польская сямʼя»

Старэйшая дачка вучыцца ў Варшаве, малодшая ходзіць у чацверты клас польскамоўнай школы ў Гродне. Сама Ганна выкладае ў польскай школе імя Яна Паўла ІІ.

«Нашыя дзеці вучацца па-польску выключна таму, што ёсць магчымасць навучацца на роднай мове. Мы польская сямʼя. Дзяцей з моманту нараджэння мы вучылі размаўляць выключна па-польску. Гэта нашае моцнае перакананне. Грахом было б не аддаць дзяцей у польскамоўную школу.

Для нас гісторыя і традыцыі — неадʼемная частка нас. Мы святкуем і каталіцкія, і дзяржаўныя польскія святы: 11 лістапада, 3 мая, адзначаем 17 верасня. Нашыя дзеці ведаюць, што гэтая дата азначала для іхных дзядоў: не толькі тое, пра што кажуць у тэлебачанні і па радыё, але што 17 верасня ў іх адабралі ўсё.

Кожнае рашэнне свайго дзіцяці я ўшаную: ці захоча паехаць у Польшчу, ці ў Амерыку. Калі б мы самі хацелі выехаць, мы б выехалі. І я, і мой муж вучыліся ў Польшчы як студэнты. Мелі магчымасць там застацца, але нашая малая радзіма нас прыцягнула. Мы любім Гродна.

Паступленне — гэта рашэнне дзяцей. Але калі выхоўваць дзяцей у такіх традыцыях, як мы, то натуральна, што яны захочуць вучыцца па-польску далей, замацаваць свой светапогляд.

Нашыя дзеці без праблем камунікуюць з іншымі людзьмі. Рускую мову яны ведаюць, з беларускай ім цяжэй. Гэта для іх адзін з самых цяжкіх прадметаў, як і англійская мова".

Алена Дубоўская, дырэктарка школы: «У Польшчу паступаюць каля 90% навучэнцаў»

Дырэктарка польскай школы імя Яна Паўла ІІ Алена Дубоўская распавяла, што ў гэтым навучальным годзе да іх прыйшлі 650 чалавек. Па заканчэнні іх школы каля 75% дзяцей паступаюць у ВНУ са стыпендыяй польскага ўраду. Астатнія — дзякуючы сваім польскім караням. Усяго каля 90% навучэнцаў.

«У пятым класе прыходзяць для агульнага развіцця. Яшчэ бацькі і дзеці ея ведаюць, ці дзеці будуць паступаць. А ўжо з 8−9 класа ідуць з мэтай паступлення», — кажа Алена Дубоўская.

Станіслаў Сянкевіч, Польскае школьнае таварыства: «Попыт ёсьць»

Старшыня Польскага школьнага таварыства Станіслаў Сянкевіч заўважыў, што ў дзяржаўных школах усё менш польскай мовы, адпаведна ўсё больш дзяцей ідзе ў прыватныя школы.

«Попыт ёсць, і людзі шукаюць, дзе вучыцца. У прыватных школах польскай мове цяпер вучацца больш. Раней яшчэ ў чатырох школах гораду можна было вучыць польскую мову. Цяпер толькі адна дзяржаўная школа. Няма статыстыкі, колькі вучняў паступаюць у Польшчу. Еўразвяз не дае нам звестак. Але прыкладна гэта 50−70% навучэнцаў», — патлумачыў Станіслаў Сянкевіч.


Во многих странах Европы уже давно оценили преимущества велосипедной езды. Именно поэтому, такая услуга, как прокат велосипедов, там пользуется большой популярностью. В последнее время, прокат велосипедов, стал доступен и в Москве. Вся подробная информация здесь. Ведите здоровый образ жизни. Крутите педали на здоровье.