Сям’ю Раманоўскіх з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі мы сустрэлі ля сінагогі. Яны шукалі дом, дзе іх продкі жылі да Другой сусветнай. Hrodna.life паспрабаваў ім дапамагчы і заадно даведаўся, як гродзенцы апынуліся ў Паўднёвай Афрыцы.

Першая міграцыя — з-за польскага войска

Усё пачалося ў міжваенны час. Сям’я Гразальскіх жыла на вуліцы Дамініканскай, 17. Глава сям'і і яго жонка былі краўцамі - шылі касцюмы для яўрэйскага тэатра ў Гродне. У канцы 1920-х гадах першыя Гразальскія з’язджаюць у ПАР, у 1930-я іншыя едуць у ЗША. Да пачатку Другой сусветнай практычна ўся сям’я пакідае родны горад.

Сёння нашчадкі гродзенцаў жывуць у Канадзе і ПАР. У Гродна прыехала сям’я Сэлвіна Раманоўскага з Паўночнай Амерыкі і яго старэйшы брат Геральд з ПАР. Усю сям’ю даўно цікавіў стары Гродна, але прыехаць сюды яны змаглі толькі ў 2018 годзе.

«Наша бабуля Малка Гразальская (дзявочае прозвішча Краўчук) нарадзілася ў Гродне. Двух яе сыноў у канцы 1920-х павінны былі забіраць у польскую армію, але туды яўрэйскія хлопцы не хацелі ісці. Там ім было цяжка з-за антысеміцкіх поглядаў, — расказвае Сэлвін. — Іх маці ведала пра гэта і не хацела, каб яны пайшлі ў войска. У сям'і былі сваякі, якія раней пераехалі ў Паўднёвую Афрыку, і бабуля адправіла туды сваіх сыноў. Каб эміграваць у Афрыку не патрэбны былі нейкія сур’ёзныя дакументы. Трэба было толькі даказаць сваяцтва».

Нашчадкі гродзенцаў з Паўднёвай Афрыкі шукалі ў Гродне дом сям'і. І знайшлі!
Сям’я Раманоўскіх — нашчадкі гродзенцаў Гразальскіх

Чарговы сігнал — зніклая дзяўчынка

Яшчэ некалькі гадоў Гразальскія заставаліся ў Гродне, але пасля сур’ёзна задумаліся аб пераездзе. У Гродне, па расказах сям'і, былі сур’ёзныя антысеміцкія настроі. Было і пачуццё набліжэння катастрофы.

«Нягледзячы на ​​ціск, гродзенская яўрэйская абшчына жыла багата. Наша ж сям’я была небагатая. Памятаю, мама распавядала, што аднойчы ў дом уварвалася паліцыя. Усё пачалося з-за таго, што на Дамініканскай знікла польская дзяўчынка. Суседзі сталі казаць, што гэта яўрэі скралі, і паказалі на кватэру нашай сям'і. Палякі тады думалі, што яўрэі выкарыстоўваюць кроў хрысціянскіх дзетак для нейкіх рытуалаў. Дзяўчынка вярнулася, але ніхто прабачэння ў нашай сям'і не папрасіў. Ужо тады бабуля зразумела, што трэба хутчэй з’язджаць з Гродна».

Да самай смерці лічылі сябе гродзенцамі

У сярэдзіне 1930-х гадоў Гразальскія пачынаюць зноў эміграваць. Да пачатку Другой сусветнай амаль усёй сям'і ўдалося пакінуць Гродна.

«Бабуля была ў нас вельмі актыўная і разумная, яна ведала, што з Захаду ідзе бяда. У 1935 годзе тры яе браты эмігравалі ў Нью-Ёрк. Яны займаліся там тэкстыльнай прамысловасцю. У іх яна папрасіла дапамогі ў пераездзе. Браты сказалі, што яе муж не зможа знайсці працу за акіянам, бо ён не вельмі актыўны чалавек. Сказалі, што яму будзе цяжка і золата на вуліцах Нью-Ёрка не валяецца. Тады бабуля вырашыла, што любой цаной яна з сям’ёй паедзе да сыноў у Паўднёвую Афрыку. Але ўлады гэтай краіны сталі моцна турбавацца, што да іх едзе шмат яўрэйскіх мігрантаў з Польшчы, і адмаўляліся прымаць людзей. Тады бабуля ў 1938 годзе паехала ў Варшаву, прыйшла ў амбасаду Паўднёвай Афрыкі і дабілася свайго».

Нашчадкі гродзенцаў з Паўднёвай Афрыкі шукалі ў Гродне дом сям'і. І знайшлі!
Барты Сэлвін і Геральд Раманоўскія ў двары дома сваіх гродзенскіх продкаў. Пра гэты дом ім часта распавядала іх мама
Гродзенка сказала, што будзе стаяць ля дзвярэй амбасады пакуль ёй не дадуць дазвол на ўз'яднанне сям'і. Яна дамаглася дакументаў і з мужам і двума дзецьмі паплыла ў Паўднёвую Афрыку. Гэта было ў 1938 годзе. Маці Сэлвіна і Геральда было тады 19 гадоў.

«Калі сям’я перабралася на іншы кантынент, то дзядуля сказаў, што не зможа жыць у ПАР. Ён у нас быў веруючы чалавек — верыў ва ўсё, што казалі. У Афрыцы ён казаў, што не зможа жыць у д’ябальскай краіне. Ён лічыў, што д’ябал — чорны, а там усе чорныя навокал. У 1939 годзе ён нават хацеў вярнуцца ў Гродна, але бабуля не дала. Дзядуля і бабуля так і не асіміляваліся ў ПАР і да самай смерці лічылі сябе гродзенскімі яўрэямі».

Іншы менталітэт і іншае жыццё

У 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна. Праз два гады ў Гродна прыйшлі немцы, якія знішчылі практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва горада. У Гродне тады заставалася яшчэ невялікая частка сям'і Гразальскіх.

«У Гродне былі сваякі, але што з імі сталася ў час вайны, мы так і не даведаліся. Мама часта ўспамінала Гродна і яго багатае яўрэйскае жыццё. Яна памерла ў 1995 годзе. Заўсёды марыла прыехаць дадому, але ўлады ПАР не дазвалялі наведваць камуністычныя краіны. Мы адчуваем, што звязаныя з гэтым горадам, але мы ўжо іншыя яўрэі, не такія, якімі былі нашы продкі. Прыехаўшы ў Гродна, я зразумеў у чым справа: проста тут, на Усходзе, у людзей зусім іншы менталітэт і іншае жыццё».

Гэта добра, што тут усё захавалася

У Гродне госці з іншых кантынентаў наведалі яўрэйскія могілкі. Яны былі закрытыя, але дзякуючы актыўнасці іх гіда атрымалася знайсці адкрыты праход да пахаванняў. Таксама сям’я знайшла дом сваіх продкаў на Савецкай, 17.

«Мы не маглі сабе нават уявіць, што калісьці будзем у тым месцы, дзе жылі нашы сваякі. Гэта проста невымоўныя пачуцці - стаяць у тым двары, дзе нарадзілася мама. Гэта добра, што тут усё захавалася. Абсалютна неверагодная атмасфера. Мама часта расказвала пра гэтае месца, але мы ніколі яго не бачылі. Я ўяўляў сабе дом па-іншаму, але я ўражаны ўбачаным».


Не хватает света в квартире? Исправьте это, приобретите новые потолочные люстры. От выбора люстры зависит многое, в том числе и комфорт. Поэтому стоит отнестись к выбору очень серьезно.


Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life