Гродзенскага экскурсавода Міхаіла Нарынкевіча можна часта сустрэць на вуліцах Гродна. Яго пазнавальны ільняны балахон адразу прыцягвае ўвагу. Як Міхаіл зацікавіўся гісторыяй, дзе ў горадзе яго месца сілы і якія месцы ў Гродне самыя недаацэненыя, даведаліся стваральнікі аўдыягіда Pabach Hrodna, для якога Міхаіл распрацоўвае маршруты.
Міхаіл зацікавіўся гісторыяй у дзяцінстве, калі жыў ў раёне вуліцы Дамброўскага.
«…там у нас ёсць такое цікавае месца — Крэйдавыя горы, ля якіх знаходзіцца ручай. Начытаўшыся Янкі Маўра „Палескія рабінзоны“, я па гэтым ручаі ад канцавой Дамброўскага даходзіў аж да ўпадзення яго ў Нёман. Там знаходзіў бэлемніты [вымерлыя галаваногія малюскі - Hrodna.life], якія ёсць у крэйдавых пародах».
Так Міхаіл пачаў чытаць артыкулы гродзенскіх краязнаўцаў пра крэйдавы перыяд. Пасля гэтага ён вырашыў паступіць ва ўніверсітэт на гістарычны факультэт.
Першыя экскурсіі хлопец праводзіў для сяброў і сваякоў, якія прыязджалі ў Гродна.
«Людзі прыходзілі, давалі тэлефоны: там прыедзе траюрадная цётка, трэба распавесці; прыедуць сябры. І так атрымлівалася, што амаль усю суботу-нядзелю я хадзіў па горадзе і распавядаў гісторыі. А потым мне сказалі: „Ты там распавядаеш, а сертыфікатаў і дакументаў няма“. Парэкамендавалі, каб з’ездзіў і атрымаў дазвол на правядзенне экскурсій афіцыйна».
Міхаіл працаваў з дзецьмі ў гуртку краязнаўства, таксама спрабаваў працаваць у архіве. На яго думку, гэта самая галоўная праца гісторыка — «пакінуць пасля сябе нейкія кніжкі, артыкулы». Але гэта яму не так падабалася, як «выходзіць у людзі, размаўляць з імі, дыскусіі нейкія весці, шукаць разам „разыначкі“ горада».
Першая экскурсія Міхаіла была камбінаваня: ён праводзіў яе разам са старэйшым таварышам, які ўжо працаваў гідам. Тады Міхаіл расказваў пра Давыда Гарадзенскага, князя Вітаўта і Грунвальдскую бітву.
Зараз Міхаіл праводзіць экскурсіі, на якія ён акрэдытаваны. Напрыклад, экскурсію «Старажытны Гарадзень» — гэта аглядная экскурсія па горадзе і ў накірунку Аўгустоўскага канала.
У час экскурсіі Міхаіл можа апрануцца пад сярэднявечча, выкарыстоўваць не толькі ілюстрацыі, але і манеты, купюры, дакументы. Напрыклад, званочак 1930-х альбо газету 1950-х гадоў.
«Большасць прадметаў з савецкага перыяду. Паказваю, што адбывалася, як чыталі, як гэта трактавалася», — кажа Міхаіл.
Чытайце таксама: Гродзенскі экскурсавод на стогадовым «Нёмане» стаў удзельнікам міжнароднага рэтравелапрабегу
Самая запатрабаваная экскурсія зараз — аглядная па Гродне, кажа Міхаіл.
«А раней мы вельмі шмат рабілі інтэрактыўных экскурсій. Яны былі з рыцарскімі клубамі ў першую чаргу», — распавёў Міхаіл. Падчас такой экскурсіі некалькі персанажаў былі апранутыя ў сярэднявечныя строі. Таму Міхаіл і расказваў пра строі, пра тагачасныя гульні, у якія можна было нават пагуляць у час шпацыру. «Можа пабіць ворага, але ж мяккім мячом, каб не было нейкіх траўмаў», — узгадвае ён інтэрактыўныя элементы.
Чытайце таксама: Будуць караць за адступленне ад тэмы. Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў
«У ходзе экскурсіі ў нас ёсць станцыі традыцыйнай ежы: гэта можа быць сярэднявечная, беларуская ці нават гарадзенская. І традыцыйныя напоі: больш моцны напой ці нешта безалкагольнае, напрыклад, зёлкавая гарбата».
Акрамя дзённай экскурсіі ёсць і вечаровая інтэрактыўная. Яна больш рамантычная і пабудавана на байках і легендах, кажа Міхаіл. Турыстаў суправаджаюць некалькі персанажаў, ёсць квэставыя заданні, якія трэба выконваць.
Самыя недаацэненыя месцы ў Гродне паводле Міхаіла — Новы свет, Фолюш і ўсе мікрараёны.
«Ласасянка, Аўгустоў, занёманскі фарштат, загарадныя рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага каля чыгуначнага вакзала і ў Панямуні. Калі браць цэнтр горада, гэтага старажытныя могілкі: праваслаўныя, каталіцкія і вайсковыя».
Чытайце таксама: «А вы думалі - звычайны спальнік». Адзіная экскурсія Фэста экскурсаводаў за межамі цэнтра прайшла на Дзевятоўцы
Акрамя гэтага ў Гродне ёсць недаацэненныя прыродныя аб’екты: парк Пышкі, парк Салы, Крэйдавыя горы. «Глядзець — не пераглядзець», — сказаў Міхаіл.
На думку Міхаіла, самая адметная асоба, якая паўплывала на Гродна — Стэфан Баторый.
«Ён адбудаваў той жа Стары замак — нашу візітоўку на сённяшні момант. У яго часы пабудавана сінагога — адна з самых галоўных „разыначак“ не толькі нашага Гродна, але і Беларусі, і Усходняй Еўропы. Баторый запрасіў сюды ордэн езуітаў, які забудаваў адзін з галоўных сімвалаў Гродна — Фарны касцёл, пры ім — калегіум і аптэку. Тая ж карчма, дзе зараз у сутарэннях знаходзіцца кавярня», — распавёў Міхаіл.
Сярод адметных гродзенцаў Міхаіл вылучыў не толькі мужчын. Ён назваў таксама Элізу Ажэшку.
«Хоць яна і гаварыла: „Я полька“, і асэнсоўвала сябе з польскай культурай, але сэрца было заўжды ў Гродне. У нас мульцікультурны горад, шмат нацыянальнасцей; гэта можа быць і беларус, і рускі, і паляк, і яўрэй, але ж ён сам гарадзенец».
Таксама сярод знакамітых жанчын Міхаіл узгадаў дырэктарку тэатра Саламею Дэшнер і скрыпачку Тэафілію Баркоўскую.
Міхаіл любіць прыроду. Месца сілы для яго — лесапарк Пышкі. «Менавіта раён Крэйдавых гор, таму што там вельмі адчуваецца гісторыя і геалогія».
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…