У Гродне ствараюць аўдыягід з маршрутамі гродзенскіх краязнаўцаў. Стваральнікі гіда абяцаюць тэматычны кантэнт: карты цікавых месцаў, афішы падзеяў, гайды, а таксама артыкулы па гісторыі і шэраг міні-фактаў пра горад. Telegram-канал Hrodna 11:27 даведаўся падрабязнасці стварэння аўдыягіда.

Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад
Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: Старонка Inatagram Pabach Hrodna

«Нам здаецца, гэта тое, што ўжо даўно было на паверхні. Наўрадці хто-небудзь будзце спрачацца з тым, што наш горад мае вельмі цікавую і разнастайную гісторыю і вялікую колькасць гістарычных помнікаў, якія захавалі. З-за гэтага да нас прыязджае шмат турыстаў. Як мы маглі назіраць улетку, не заўсёды і гідаў хапала на ўсіх», — распавяла Telegram-каналу Hrodna 11:27 адна з аўтарак аўдыягіда. — «Тобок неабходнасць нейкага дадатка, які б дапамагаў і нашым мясцовым гарадзенцам пазнаць лепей горад і яго гісторыю, і вандроўнікам з іншых гарадоў і краін пазнаёміцца з ім бліжэй, — гэта вельмі яўная патрэба».

Слухай, каб пабачыць

У камандзе Pabach Hrodna лічаць, што людзі праводзяць дастаткова шмат часу ў тэлефонах. Таму ім хацелася максімальна высвабадзіць чалавека ад кантакта з экранам, каб ён мог пабачыць сам горад і цікавосткі ад гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. «Адсюль і ідэя і назва прыкладання».

Праект ствараюць валанцёры

Паводле словаў дзяўчыны, праект — цалкам валанцёрская ініцыятыва. Каманда складаецца з зацікаўленых «добрых і таленавітых гродзенцаў».

Тэхнічную каманду складаюць айцішнікі, каманду па кантэнту — гісторыкі, краязнаўцы, гіды і настаўнікі. Ёсць людзі, якія не маюць гістарычнай адукацыі, але разумеюць, як арганізавана сучаснае гарадское асяроддзе.

На думку стваральнікаў, «для чалавека важна не толькі даведацца нейкія гістарычныя факты, але і дазнацца, куды можна зайсці паесці, дзе ёсць цікавыя месцы для дзяцей, якія зараз працуюць музеі і выставы, дзе можна знайсці якасны падарунак».

Пачалі з версіі для Android

Зараз каманда займаецца стварэннем версіі аўдыягіда для Android. Яе можна будзе бясплатна спампаваць ў краме дадаткаў Play market. Стваральнікі спадзяюцца, што гід будзе гатовы ў першай палове 2023 года.

«Праца вядзецца паступова, ужо зроблена вялізная частка. Але памятаем, што праект валанцёрскі. Шмат што залежыць ад занятасці саміх валанцёраў, якія дапамагаюць у свой вольны час. Таму робім, што магчыма, каб знайсці аптымальны баланс паміж якасцю і хуткасцю. Нам і самім ужо вельмі хочацца падзяліцца вынікамі працы», — сказала дзяўчына.

Аўдыёгіду трэба здаць экзамен

З 1 студзеня 2023 года аўдыягіды павінны праходзіць атэстацыю. Яна адбываецца ў Міністэрстве спорта і турызму альбо ва ўпаўнаважаных ім дзяржарганізацыях. Там павінны ацаніць галасавое суправаджэнне тэкста аўдыягіда, сам тэкст, афармленне схемы маршрута, а таксама фота і відэа, калі такія прадугледжаны.

Распрацоўшчыкі аўдыягіда робяць усё, што неабходна, каб дадатак прайшоў афіцыйныя атэстацыі і праверкі. «Якраз зараз удакладняем усе гэтыя пытанні».

Навошта яшчэ адзін?

Падобныя аўдыягіды ўжо ёсць у Гродне — Grodno guide, а таксама «Славутасці Гродна». Паводле словаў дзяўчыны «гэта вельмі добрыя праекты, але ўсё ж у нас ёсць адрозненні. Мы робім менавіта аўтарскія маршруты і супрацоўнічаем з нашымі краязнаўцамі і гісторыкамі».

У канцы 2020 года ў Гродне запусцілі мабільны дадатак Grodno guide. Ён ўяўляе сабой звычайную карту Гродна з сэрвісу «Яндекс.Карты», сумешчаны з каталогам гасцініц, інтэрнатаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, гістарычных і культурных аб’ектаў, забаў. У сакавіку 2022 года ніякія аб’екты на карце ў Android-версіі дадатку не адлюстроўваліся. Не грузіліся таксама турыстычныя навіны. У 2022 годзе гарадскія чыноўнікі планавалі выдаткаваць на яго абслугоўванне больш за 8,5 тыс. рублёў.

Ад «Гарадзенскіх коцікаў» да гарадскога медыя

Таксама, ў дадатку Pabach Hrodna будуць іншыя цікавыя вобласці. Пра іх будуць паступова распавядаць на старонцы аўдыягіда ў Instagram.

«У ідэале нам бы хацелася зрабіць пляцоўку, дзе можна будзе дзяліцца якасным і карысным гістарычным кантэнтам і сучаснымі цікавымі мерапрыемствамі горада».

Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад
Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: Старонка Inatagram Pabach Hrodna

У Instagram стваральнікі праекта Pabach Hrodna падпісваюцца, як «Гарадзенскія коцікі». Яны ўпэўненыя, што коцікі - важны сімвал горада. «Бо хто не бачыў, як яны мурлыкаюць і валяюцца ў кожным дворыку? І хто ведае горад лепей, чым яны?».

Акрамя гэтага, каманда распавяла, што іх «вялікі начальнік» — кот Стэфана Баторыя. «Гэта праект нашага знакамітага гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, якім ён пагадзіўся падзяліцца. І гэта таксама фарміруе сучасны гарадскі фальклор».