Гродзенскага экскурсавода Міхаіла Нарынкевіча можна часта сустрэць на вуліцах Гродна. Яго пазнавальны ільняны балахон адразу прыцягвае ўвагу. Як Міхаіл зацікавіўся гісторыяй, дзе ў горадзе яго месца сілы і якія месцы ў Гродне самыя недаацэненыя, даведаліся стваральнікі аўдыягіда Pabach Hrodna, для якога Міхаіл распрацоўвае маршруты.

Як зацікавіўся гісторыяй

Міхаіл зацікавіўся гісторыяй у дзяцінстве, калі жыў ў раёне вуліцы Дамброўскага.

«…там у нас ёсць такое цікавае месца — Крэйдавыя горы, ля якіх знаходзіцца ручай. Начытаўшыся Янкі Маўра „Палескія рабінзоны“, я па гэтым ручаі ад канцавой Дамброўскага даходзіў аж да ўпадзення яго ў Нёман. Там знаходзіў бэлемніты [вымерлыя галаваногія малюскі - Hrodna.life], якія ёсць у крэйдавых пародах».

Так Міхаіл пачаў чытаць артыкулы гродзенскіх краязнаўцаў пра крэйдавы перыяд. Пасля гэтага ён вырашыў паступіць ва ўніверсітэт на гістарычны факультэт.

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Як пачаў праводзіць першыя экскурсіі

Першыя экскурсіі хлопец праводзіў для сяброў і сваякоў, якія прыязджалі ў Гродна.

«Людзі прыходзілі, давалі тэлефоны: там прыедзе траюрадная цётка, трэба распавесці; прыедуць сябры. І так атрымлівалася, што амаль усю суботу-нядзелю я хадзіў па горадзе і распавядаў гісторыі. А потым мне сказалі: „Ты там распавядаеш, а сертыфікатаў і дакументаў няма“. Парэкамендавалі, каб з’ездзіў і атрымаў дазвол на правядзенне экскурсій афіцыйна».

Праца ў архіве — галоўная для гісторыка, але выходзіць у людзі цікавей

Міхаіл працаваў з дзецьмі ў гуртку краязнаўства, таксама спрабаваў працаваць у архіве. На яго думку, гэта самая галоўная праца гісторыка — «пакінуць пасля сябе нейкія кніжкі, артыкулы». Але гэта яму не так падабалася, як «выходзіць у людзі, размаўляць з імі, дыскусіі нейкія весці, шукаць разам „разыначкі“ горада».

Першая экскурсія Міхаіла была камбінаваня: ён праводзіў яе разам са старэйшым таварышам, які ўжо працаваў гідам. Тады Міхаіл расказваў пра Давыда Гарадзенскага, князя Вітаўта і Грунвальдскую бітву.

Паказвае старыя манеты, дакументы і газеты

Зараз Міхаіл праводзіць экскурсіі, на якія ён акрэдытаваны. Напрыклад, экскурсію «Старажытны Гарадзень» — гэта аглядная экскурсія па горадзе і ў накірунку Аўгустоўскага канала.

У час экскурсіі Міхаіл можа апрануцца пад сярэднявечча, выкарыстоўваць не толькі ілюстрацыі, але і манеты, купюры, дакументы. Напрыклад, званочак 1930-х альбо газету 1950-х гадоў.

«Большасць прадметаў з савецкага перыяду. Паказваю, што адбывалася, як чыталі, як гэта трактавалася», — кажа Міхаіл.

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Чытайце таксама: Гродзенскі экскурсавод на стогадовым «Нёмане» стаў удзельнікам міжнароднага рэтравелапрабегу

Якія бываюць экскурсіі па Гродне: з інтэрактывам, з ежай, вечаровыя і з квэстамі

Самая запатрабаваная экскурсія зараз — аглядная па Гродне, кажа Міхаіл.

«А раней мы вельмі шмат рабілі інтэрактыўных экскурсій. Яны былі з рыцарскімі клубамі ў першую чаргу», — распавёў Міхаіл. Падчас такой экскурсіі некалькі персанажаў былі апранутыя ў сярэднявечныя строі. Таму Міхаіл і расказваў пра строі, пра тагачасныя гульні, у якія можна было нават пагуляць у час шпацыру. «Можа пабіць ворага, але ж мяккім мячом, каб не было нейкіх траўмаў», — узгадвае ён інтэрактыўныя элементы.

Чытайце таксама: Будуць караць за адступленне ад тэмы. Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў

«У ходзе экскурсіі ў нас ёсць станцыі традыцыйнай ежы: гэта можа быць сярэднявечная, беларуская ці нават гарадзенская. І традыцыйныя напоі: больш моцны напой ці нешта безалкагольнае, напрыклад, зёлкавая гарбата».

Акрамя дзённай экскурсіі ёсць і вечаровая інтэрактыўная. Яна больш рамантычная і пабудавана на байках і легендах, кажа Міхаіл. Турыстаў суправаджаюць некалькі персанажаў, ёсць квэставыя заданні, якія трэба выконваць.

Што ў Гродне недаацэнена

Самыя недаацэненыя месцы ў Гродне паводле Міхаіла — Новы свет, Фолюш і ўсе мікрараёны.

«Ласасянка, Аўгустоў, занёманскі фарштат, загарадныя рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага каля чыгуначнага вакзала і ў Панямуні. Калі браць цэнтр горада, гэтага старажытныя могілкі: праваслаўныя, каталіцкія і вайсковыя».

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Чытайце таксама: «А вы думалі - звычайны спальнік». Адзіная экскурсія Фэста экскурсаводаў за межамі цэнтра прайшла на Дзевятоўцы

Акрамя гэтага ў Гродне ёсць недаацэненныя прыродныя аб’екты: парк Пышкі, парк Салы, Крэйдавыя горы. «Глядзець — не пераглядзець», — сказаў Міхаіл.

Самая адметная асоба для горада — хто гэта?

На думку Міхаіла, самая адметная асоба, якая паўплывала на Гродна — Стэфан Баторый.

«Ён адбудаваў той жа Стары замак — нашу візітоўку на сённяшні момант. У яго часы пабудавана сінагога — адна з самых галоўных „разыначак“ не толькі нашага Гродна, але і Беларусі, і Усходняй Еўропы. Баторый запрасіў сюды ордэн езуітаў, які забудаваў адзін з галоўных сімвалаў Гродна — Фарны касцёл, пры ім — калегіум і аптэку. Тая ж карчма, дзе зараз у сутарэннях знаходзіцца кавярня», — распавёў Міхаіл.

Сярод адметных гродзенцаў Міхаіл вылучыў не толькі мужчын. Ён назваў таксама Элізу Ажэшку.

«Хоць яна і гаварыла: „Я полька“, і асэнсоўвала сябе з польскай культурай, але сэрца было заўжды ў Гродне. У нас мульцікультурны горад, шмат нацыянальнасцей; гэта можа быць і беларус, і рускі, і паляк, і яўрэй, але ж ён сам гарадзенец».

Таксама сярод знакамітых жанчын Міхаіл узгадаў дырэктарку тэатра Саламею Дэшнер і скрыпачку Тэафілію Баркоўскую.

Дзе месца сілы Міхаіла Нарынкевіча

Міхаіл любіць прыроду. Месца сілы для яго — лесапарк Пышкі. «Менавіта раён Крэйдавых гор, таму што там вельмі адчуваецца гісторыя і геалогія».