Як вызвалялі Гродна 76 гадоў таму. Факты і ўспаміны

16 ліпеня Гродна святкуе 76-ю гадавіну вызвалення ад нямецкай акупацыі. Прынята лічыць, што менавіта ў гэты дзень у ходзе наступальнай аперацыі «Баграціён» часткі Чырвонай арміі вызвалілі Гродна. Праўда, левабярэжную частку горада немцы пакінулі толькі праз 8 дзён.

Акупацыя Гродна доўжылася 1128 дзён. 16 ліпеня, пасля вызвалення правабярэжнай часткі горада, Масква салютавала вызваліцелям. 17 воінскім часткам і злучэнням было прысвоена званне «Гродзенскіх».

За перыяд Другой сусветнай вайны горад быў разбураны на 43%. Сур’ёзна пацярпелі фабрыкі, заводы і жылыя кварталы. Насельніцтва скарацілася напалову.

Разбураны цэнтр Гродна. 1940-я гг.

1. Гродна вызвалялі кавалерысты і англійскія танкі

3-ці Гвардзейскі кавалерыйскі корпус генерала Аслікоўскага быў адным з першых з ўвайшоў у Гродна ў ліпені 1944 года. Самым першым прынята лічыць эскадрон 23-га кавалерыйскага палка пад камандаваннем Аўчыннікава. Чамусьці роля кавалерыстаў у вызваленні Гродна дагэтуль згадваецца вельмі рэдка, а менавіта яны 15 ліпеня ўзялі першымі ўдар суперніка на сябе.

Таксама вядома, што на ўзбраенні палка былі не толькі савецкія танкі Т-34, але і англійскія Мк III «Валентайн», якія пастаўляліся па праграме лэнд-ліза. Прымаў удзел у вызваленні Гродна і адзін трафейны нямецкі танк «Пантэра».

Падчас вызвалення Гродно ў ліпені 1944 г. Вуліца 17-га Верасня

2. Танкавая дывізія СС «Мёртвая галава» абараняла левы бераг Нёмана ў Гродне

Нямецкае камандаванне арганізавала сур’ёзную абарону лініі Нёмана ў раёне Гродна. Гэтая рака была апошняй буйной перашкодай для Чырвонай арміі перад нямецкай тэрыторыяй — правінцыяй «Усходняя Прусія». На ўзмацненне абароны пяхоце і паліцэйскім часткам немцы ў раён левабярэжнай часткі Гродна кінулі яшчэ элітную танкавую дывізію СС «Мёртвая галава». Магчыма, менавіта таму другая частка Гродна была вызвалена толькі праз 8 дзён.

3. У баях за Гродна савецкія батальёны паўтарылі подзвіг Брэсцкай крэпасці

Мала хто ведае, але ў баях за Гродна на форце № 1 у акружэнне патрапілі два батальёны з 42-й стралковай дывізіі. Гэтыя батальёны фактычна паўтарылі подзвіг абароны Брэсцкай крэпасці. У акружэнні яны змагаліся з дывізіяй «Мёртвая галава». Многія абаронцы загінулі. Адзін з лейтэнантаў батальёна Падгурскі пакінуў пасмяротную запіску: «Мы паміраем, але не здаемся. Адпомсціце за нас, таварышы». Варта адзначыць, што 42-я стралковая дывізія таксама прымала ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці.

Савецкія салдаты на вуліцах вызваленага Гродна (вул. Сацыялістычная), ліпень 1944 года

4. Гродна ад разбурэння выратавалі сапёры-спецназаўцы

Пакідаючы Гродна, немцы паспелі замініраваць самыя важныя будынкі горада, але напрацягу некалькіх дзён інжынерам 1-й Гвардзейскай асобнай інжынерна-штурмавой брыгады палкоўніка Візірава ўдалося выратаваць большую частку ад разбурэнняў. Тая брыгада мела выдатны ўзровень падрыхтоўкі, мела аўтаматычную зброю, бронекамізэлькі, маскхалаты і іншае. Можна сказаць, гвардзейцы былі спецназам таго часу.

5. Авіяцыя прыкрывала пераправы праз Нёман

Падчас баёў за Гродна дзейнічалі ў асноўным знішчальнікі. Гэта 309-я авіядывізія. Ужо 15 і 16 ліпеня яны вялі баі ў небе над горадам. Спрабавалі прыкрываць пераправы праз Нёман. Але гэта ў іх не вельмі атрымлівалася, немцы ўсё ж паспявалі іх знішчаць. Капітан Шчогалеў з 162-га знішчальнага палка збіў у раёне Гродна 16 ліпеня Юнкерс-87, а 17 ліпеня Фоке-Вульф-190. А вось непасрэдна падтрымка пяхоты, штурмавікі Іл-2 не паспелі да пачатку баёў за горад. Яны з’явіліся над полем бою толькі з 20 ліпеня, калі ўжо ішлі баі на захад ад Гродна на плацдарме. Гэта былі палкі 230-й штурмавой дывізіі. якія былі ў Скідзелі

Менавіта яны пачалі паляванне на тыграў з 3-й танкавай дывізіі СС «Мёртвая галава». У іх быў загад знішчаць у першую чаргу менавіта нямецкую бронетэхніку. І штурмавалі яны вельмі эфектыўна. Дамагліся практычна вылетаў на кожны гадзіну. Практычна віселі над немцамі.

Чытайце таксама: Гісторык перамог камунальнікаў: на танку зноў памянялі надпіс і цяпер ён канчатковы

Чытайце таксама: «Карціна распавяла праўдзівую гісторыю». У Гродне паказалі фільм пра вызваленне горада ў ліпені 1944

Пасля вызвалення пачаліся гвалт і крадзяжы

Пасля вызвалення з-за вялікай колькасці вайскоўцаў у горадзе ўзрасла злачыннасць, пакутавалі мясцовыя жыхары. Савецкія вызваліцелі ў першы час што хацелі, тое і рабілі ў Гродне. Пра гэта распавядае 84-гадовая гродзенка Алена Елізарава (Пілец). Жыла на вуліцы Орла (суч. Аксёнава).

«Такое цяжка казаць, але былі ўсякія выпадкі пасля вызвалення горада. Адна 60-гадовая жанчына з нашай вуліцы пайшла ў суседні лес за грыбамі, злавіў яе нейкі рускі салдат і згвалціў. Прыбегла да нас у двор і пачала горка-горка плакаць. Мама яе доўга слухала і суцяшала, а потым ёй сказала: «Ну чаго равеш? Паспрабавала яшчэ разок на старасць гадоў». Я тады не разумела нічога, але словы яе запомніла на ўсё жыццё. Ужо дзесьці ў 1945 годзе гэтую жанчыну і яе сям’ю вывезлі ў Сібір. Там яна і памерла, а яе дзяцей рэабілітавалі і яны вярнуліся ў Гродна.

Пасля выпадку са згвалтаваннем мама баялася і не выпускала нас на вуліцу. Неяк у адзін дзень я была каля дома і ўбачыла каля акна двух салдат. Яны трымалі рэчы майго бацькі і братоў, былі ў хаце. Як пабачылі мяне, то ўсё пакідалі і праз плот суседскі ўцяклі. Мама сказала, што яны паспелі забраць з сабой толькі адну алюмініевую міску з кашай. Потым мы яе знайшлі побач з другім домам. Тады па горадзе было шмат крадзяжоў, салдаты рабавалі. Праз нейкі час такія злачынствы спыніліся".

Алена Пілец. Фота: Руслан Кулевіч

«Немцы з так званымі здраднікамі адыходзілі на захад»

Падчас вызвалення Гродна савецкімі войскамі ў ліпені 1944 года каля дома сям'і Барэвіч на вуліцы Беластоцкай (суч. Суворава) было шматлюдна — немцы масава адыходзілі. Распавядае Алена Барэвіч (1931 г. н.)

«Памятаю, як у ліпені 1944-га падчас вызвалення ў нас адзін немец хаваўся ў склепе ад абстрэлу. Мама яго гнала, а ён з карабінам сядзеў. Быў, мабыць, нейкі дурны, баяўся за ўсё. А так у чарговы раз натоўп людзей быў на нашай вуліцы. Немцы з іншымі, так званымі здраднікамі, адыходзілі на захад.

Праз некаторы час зноў гналі людзей, толькі ўжо ў зваротным кірунку. Потым пайшлі каровы, якіх гналі з Германіі. Дык у нас нават травы не было ў двары. Жанчын прасілі даіць гэтых бедных кароў".

Алена Барэвіч. Фота: Руслан Кулеіч

Пярэселку выратавалі савецкія разведчыкі

У ліпені 1944 года пры адступленні немцы ледзь не спалілі Пярэселку разам з некаторымі жыхарамі. Вяскоўцаў выратавалі савецкія разведчыкі. Успамінае 86-гадовая Аліцыя Кізюкевіч.

«Летам 1944 года набліжаўся фронт і мы з бацькамі пайшлі хавацца ў лес да крэйдавых гор. Наша бабуля засталася ў вёсцы, былі там і іншыя жыхары. Яны даглядалі дамы і гаспадарку. Немцы, калі адыходзілі, зайшлі да нас у вёску і ўсіх, хто застаўся, сабралі ў адным доме. Пабудову збіраліся падпаліць. Адзін хлопец здолеў выбрацца праз дах і прыбег да нас у лес, сказаў што будзе Пярэселка гарэць. Некаторыя маладыя хлопцы залазілі на хвоі і глядзелі, але дыму не бачылі. Як высветлілася, немцы не паспелі сысці, як у вёсцы з’явілася савецкая выведка. Так у нас засталіся пабудовы і жыхары».

Летам 1944 года Іосіф чарговы раз мог страціць жыццё. Гэтым разам ён стаў з сябрамі збіраць зброю і боепрыпасы, якіх у горадзе на той момант было вельмі шмат. Таксама правяралі забітых і бралі ў іх некаторыя рэчы.

Аліцыя Кізюкевіч распавядае гісторыю пра Пярэселку. Фота: Руслан Кулевіч

«Мы нічога не баяліся»

У ліпені 1944 года Іосіфу Компелю было 9 гадоў. Пасля вызвалення Гродно разам з сябрамі ён стаў збіраць зброю і боепрыпасы. Таксама правяралі забітых і бралі ў іх некаторыя рэчы.

«У 44-м у мяне быў цэлы арсенал зброі, палова хлява гэтым была запханая. Там і гранаты былі, пісталеты, аўтаматы нямецкія і савецкія, кулямёты. Усё што хочаш, толькі танка і гарматы не было. А іх, падбітых, хапала на палях, уздоўж Грандзіцкай (суч. Горкага). Іншы раз нясеш пісталет у хлеў і глядзіш, што ў цябе такі ўжо ёсць, то выкідаешь яго праз плот да суседзяў.

Пасля баявых дзеянняў сярод груды зброі на палях і некаторых вуліцах горада ляжалі і салдаты, і грамадзянскія. Цела гнілі, іх ніхто не спяшаўся хаваць. Мы нічога не баяліся і збіралі ўсё, што трэба было. Былі выпадкі, што здымаеш з забітага немца боты, як пацягнеш — і разам з ім палова ногі адрываецца. Частку цела выкідаеш, а боты забіраеш. Такі быў час.

Іосіф Компель. Фота: Руслан Кулевіч

Выявіў я неяк капсулу ад снарада. Забраў дадому і пачаў разбіраць. На печку паклаў - і як ірванула! Брата маленькага нават у акно адкінула, а мне адарвала пальцы і атрымаў розныя пашкоджанні. Праз некалькі дзён да мяне прыйшоў сусед з Грандзіцкай, старэйшы за мяне быў, называлі яго Козебрудка. Кажа мне такі: «Навошта палез? Калі не ўмееш, не бярыся». І што вы думаеце, праз некалькі дзён мне пацаны перадаюць, што Козебрудка падарваўся. Я да яго прыйшоў дадому, а ён з адарваным пальцам, параненай рукой і абгарэлым целам. Быў чорны, як малпа. Знявечыў сябе. І тады я яму сказаў: «Ніколі не смейся з іншых».

Падзяліцца
Меткі: успаміны

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024