16 ліпеня Гродна святкуе 76-ю гадавіну вызвалення ад нямецкай акупацыі. Прынята лічыць, што менавіта ў гэты дзень у ходзе наступальнай аперацыі «Баграціён» часткі Чырвонай арміі вызвалілі Гродна. Праўда, левабярэжную частку горада немцы пакінулі толькі праз 8 дзён.
Акупацыя Гродна доўжылася 1128 дзён. 16 ліпеня, пасля вызвалення правабярэжнай часткі горада, Масква салютавала вызваліцелям. 17 воінскім часткам і злучэнням было прысвоена званне «Гродзенскіх».
За перыяд Другой сусветнай вайны горад быў разбураны на 43%. Сур’ёзна пацярпелі фабрыкі, заводы і жылыя кварталы. Насельніцтва скарацілася напалову.
1. Гродна вызвалялі кавалерысты і англійскія танкі
3-ці Гвардзейскі кавалерыйскі корпус генерала Аслікоўскага быў адным з першых з ўвайшоў у Гродна ў ліпені 1944 года. Самым першым прынята лічыць эскадрон 23-га кавалерыйскага палка пад камандаваннем Аўчыннікава. Чамусьці роля кавалерыстаў у вызваленні Гродна дагэтуль згадваецца вельмі рэдка, а менавіта яны 15 ліпеня ўзялі першымі ўдар суперніка на сябе.
Таксама вядома, што на ўзбраенні палка былі не толькі савецкія танкі Т-34, але і англійскія Мк III «Валентайн», якія пастаўляліся па праграме лэнд-ліза. Прымаў удзел у вызваленні Гродна і адзін трафейны нямецкі танк «Пантэра».
2. Танкавая дывізія СС «Мёртвая галава» абараняла левы бераг Нёмана ў Гродне
Нямецкае камандаванне арганізавала сур’ёзную абарону лініі Нёмана ў раёне Гродна. Гэтая рака была апошняй буйной перашкодай для Чырвонай арміі перад нямецкай тэрыторыяй — правінцыяй «Усходняя Прусія». На ўзмацненне абароны пяхоце і паліцэйскім часткам немцы ў раён левабярэжнай часткі Гродна кінулі яшчэ элітную танкавую дывізію СС «Мёртвая галава». Магчыма, менавіта таму другая частка Гродна была вызвалена толькі праз 8 дзён.
3. У баях за Гродна савецкія батальёны паўтарылі подзвіг Брэсцкай крэпасці
Мала хто ведае, але ў баях за Гродна на форце № 1 у акружэнне патрапілі два батальёны з 42-й стралковай дывізіі. Гэтыя батальёны фактычна паўтарылі подзвіг абароны Брэсцкай крэпасці. У акружэнні яны змагаліся з дывізіяй «Мёртвая галава». Многія абаронцы загінулі. Адзін з лейтэнантаў батальёна Падгурскі пакінуў пасмяротную запіску: «Мы паміраем, але не здаемся. Адпомсціце за нас, таварышы». Варта адзначыць, што 42-я стралковая дывізія таксама прымала ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці.
4. Гродна ад разбурэння выратавалі сапёры-спецназаўцы
Пакідаючы Гродна, немцы паспелі замініраваць самыя важныя будынкі горада, але напрацягу некалькіх дзён інжынерам 1-й Гвардзейскай асобнай інжынерна-штурмавой брыгады палкоўніка Візірава ўдалося выратаваць большую частку ад разбурэнняў. Тая брыгада мела выдатны ўзровень падрыхтоўкі, мела аўтаматычную зброю, бронекамізэлькі, маскхалаты і іншае. Можна сказаць, гвардзейцы былі спецназам таго часу.
5. Авіяцыя прыкрывала пераправы праз Нёман
Падчас баёў за Гродна дзейнічалі ў асноўным знішчальнікі. Гэта 309-я авіядывізія. Ужо 15 і 16 ліпеня яны вялі баі ў небе над горадам. Спрабавалі прыкрываць пераправы праз Нёман. Але гэта ў іх не вельмі атрымлівалася, немцы ўсё ж паспявалі іх знішчаць. Капітан Шчогалеў з 162-га знішчальнага палка збіў у раёне Гродна 16 ліпеня Юнкерс-87, а 17 ліпеня Фоке-Вульф-190. А вось непасрэдна падтрымка пяхоты, штурмавікі Іл-2 не паспелі да пачатку баёў за горад. Яны з’явіліся над полем бою толькі з 20 ліпеня, калі ўжо ішлі баі на захад ад Гродна на плацдарме. Гэта былі палкі 230-й штурмавой дывізіі. якія былі ў Скідзелі
Менавіта яны пачалі паляванне на тыграў з 3-й танкавай дывізіі СС «Мёртвая галава». У іх быў загад знішчаць у першую чаргу менавіта нямецкую бронетэхніку. І штурмавалі яны вельмі эфектыўна. Дамагліся практычна вылетаў на кожны гадзіну. Практычна віселі над немцамі.
Чытайце таксама: Гісторык перамог камунальнікаў: на танку зноў памянялі надпіс і цяпер ён канчатковы
Чытайце таксама: «Карціна распавяла праўдзівую гісторыю». У Гродне паказалі фільм пра вызваленне горада ў ліпені 1944
Пасля вызвалення пачаліся гвалт і крадзяжы
Пасля вызвалення з-за вялікай колькасці вайскоўцаў у горадзе ўзрасла злачыннасць, пакутавалі мясцовыя жыхары. Савецкія вызваліцелі ў першы час што хацелі, тое і рабілі ў Гродне. Пра гэта распавядае 84-гадовая гродзенка Алена Елізарава (Пілец). Жыла на вуліцы Орла (суч. Аксёнава).
«Такое цяжка казаць, але былі ўсякія выпадкі пасля вызвалення горада. Адна 60-гадовая жанчына з нашай вуліцы пайшла ў суседні лес за грыбамі, злавіў яе нейкі рускі салдат і згвалціў. Прыбегла да нас у двор і пачала горка-горка плакаць. Мама яе доўга слухала і суцяшала, а потым ёй сказала: «Ну чаго равеш? Паспрабавала яшчэ разок на старасць гадоў». Я тады не разумела нічога, але словы яе запомніла на ўсё жыццё. Ужо дзесьці ў 1945 годзе гэтую жанчыну і яе сям’ю вывезлі ў Сібір. Там яна і памерла, а яе дзяцей рэабілітавалі і яны вярнуліся ў Гродна.
Пасля выпадку са згвалтаваннем мама баялася і не выпускала нас на вуліцу. Неяк у адзін дзень я была каля дома і ўбачыла каля акна двух салдат. Яны трымалі рэчы майго бацькі і братоў, былі ў хаце. Як пабачылі мяне, то ўсё пакідалі і праз плот суседскі ўцяклі. Мама сказала, што яны паспелі забраць з сабой толькі адну алюмініевую міску з кашай. Потым мы яе знайшлі побач з другім домам. Тады па горадзе было шмат крадзяжоў, салдаты рабавалі. Праз нейкі час такія злачынствы спыніліся".
«Немцы з так званымі здраднікамі адыходзілі на захад»
Падчас вызвалення Гродна савецкімі войскамі ў ліпені 1944 года каля дома сям'і Барэвіч на вуліцы Беластоцкай (суч. Суворава) было шматлюдна — немцы масава адыходзілі. Распавядае Алена Барэвіч (1931 г. н.)
«Памятаю, як у ліпені 1944-га падчас вызвалення ў нас адзін немец хаваўся ў склепе ад абстрэлу. Мама яго гнала, а ён з карабінам сядзеў. Быў, мабыць, нейкі дурны, баяўся за ўсё. А так у чарговы раз натоўп людзей быў на нашай вуліцы. Немцы з іншымі, так званымі здраднікамі, адыходзілі на захад.
Праз некаторы час зноў гналі людзей, толькі ўжо ў зваротным кірунку. Потым пайшлі каровы, якіх гналі з Германіі. Дык у нас нават травы не было ў двары. Жанчын прасілі даіць гэтых бедных кароў".
Пярэселку выратавалі савецкія разведчыкі
У ліпені 1944 года пры адступленні немцы ледзь не спалілі Пярэселку разам з некаторымі жыхарамі. Вяскоўцаў выратавалі савецкія разведчыкі. Успамінае 86-гадовая Аліцыя Кізюкевіч.
«Летам 1944 года набліжаўся фронт і мы з бацькамі пайшлі хавацца ў лес да крэйдавых гор. Наша бабуля засталася ў вёсцы, былі там і іншыя жыхары. Яны даглядалі дамы і гаспадарку. Немцы, калі адыходзілі, зайшлі да нас у вёску і ўсіх, хто застаўся, сабралі ў адным доме. Пабудову збіраліся падпаліць. Адзін хлопец здолеў выбрацца праз дах і прыбег да нас у лес, сказаў што будзе Пярэселка гарэць. Некаторыя маладыя хлопцы залазілі на хвоі і глядзелі, але дыму не бачылі. Як высветлілася, немцы не паспелі сысці, як у вёсцы з’явілася савецкая выведка. Так у нас засталіся пабудовы і жыхары».
Летам 1944 года Іосіф чарговы раз мог страціць жыццё. Гэтым разам ён стаў з сябрамі збіраць зброю і боепрыпасы, якіх у горадзе на той момант было вельмі шмат. Таксама правяралі забітых і бралі ў іх некаторыя рэчы.
«Мы нічога не баяліся»
У ліпені 1944 года Іосіфу Компелю было 9 гадоў. Пасля вызвалення Гродно разам з сябрамі ён стаў збіраць зброю і боепрыпасы. Таксама правяралі забітых і бралі ў іх некаторыя рэчы.
«У 44-м у мяне быў цэлы арсенал зброі, палова хлява гэтым была запханая. Там і гранаты былі, пісталеты, аўтаматы нямецкія і савецкія, кулямёты. Усё што хочаш, толькі танка і гарматы не было. А іх, падбітых, хапала на палях, уздоўж Грандзіцкай (суч. Горкага). Іншы раз нясеш пісталет у хлеў і глядзіш, што ў цябе такі ўжо ёсць, то выкідаешь яго праз плот да суседзяў.
Пасля баявых дзеянняў сярод груды зброі на палях і некаторых вуліцах горада ляжалі і салдаты, і грамадзянскія. Цела гнілі, іх ніхто не спяшаўся хаваць. Мы нічога не баяліся і збіралі ўсё, што трэба было. Былі выпадкі, што здымаеш з забітага немца боты, як пацягнеш — і разам з ім палова ногі адрываецца. Частку цела выкідаеш, а боты забіраеш. Такі быў час.
Выявіў я неяк капсулу ад снарада. Забраў дадому і пачаў разбіраць. На печку паклаў - і як ірванула! Брата маленькага нават у акно адкінула, а мне адарвала пальцы і атрымаў розныя пашкоджанні. Праз некалькі дзён да мяне прыйшоў сусед з Грандзіцкай, старэйшы за мяне быў, называлі яго Козебрудка. Кажа мне такі: «Навошта палез? Калі не ўмееш, не бярыся». І што вы думаеце, праз некалькі дзён мне пацаны перадаюць, што Козебрудка падарваўся. Я да яго прыйшоў дадому, а ён з адарваным пальцам, параненай рукой і абгарэлым целам. Быў чорны, як малпа. Знявечыў сябе. І тады я яму сказаў: «Ніколі не смейся з іншых».