Людзі і справы

Мастакам у Гродне няма дзе паказваць працы — замест галерэй яны выстаўляюцца ў барах і кафэ

У горадзе зачыніліся амаль усе прыватныя галерэі. У дзяржаўных выставачных залах — справаздачныя экспазіцыі, а чарга, каб выставіцца — год. Мастакі могуць выкарыстоўваць лічбавую прастору. Але для куплі карціны трэба паглядзець, дакрануцца і нават панюхаць.

На адкрыцці выставы мастака Фёдара Бажына можна было піць піва, есці сэндвічы і прыйсці на яе хоць у 3.00. Выстава адкрылася ў гродзенскім бары «Урбаніст», дзе адна з залаў выкарыстоўваецца ў тым ліку як выставачная прастора.

«Працы ад мастака, які атрымаў Гран-Пры на Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам, нададуць новае адценне вашаму настрою для выдатнага правядзення часу з дэгустацыяй закусак і смачных кактэйляў», — паабяцаў Фёдар.

Чаму маладыя мастакі выстаўляюцца ў барах?

Гродна — адзіны абласны горад Беларусі, дзе няма мастацкага музея. Таму ў горадзе немагчыма арганізаваць вялікую выставу. Напрыклад, калі ў Гродна прыязджала выстава World Press Photo ў 2018 годзе, яе размясцілі ў гандлёвым цэнтры Old City. Пакутуюць мастакі-манументалісты — яны не могуць зрабіць паўнавартасную выставу. Напрыклад, Сяргей Грыневіч аднойчы адкрываў выставу адразу ў дзвюх галерэях. У падобным музеі таксама можна было б рабіць выставы сучаснага мастацтва.

Палац тэкстыльшчыкаў, дзе мастакі прапаноўвалі зрабіць мастацкі музей. Фота: Hrodna.life

Практычна ўсе прыватныя галерэі ў Гродне закрыліся. Арт-галерэя «Крыга» перастала існаваць у 2017-м годзе, калі з гаспадаром улады скасавалі дамову арэнды. У 2019 годзе найстарэйшая галерэя «У Майстра» закрылася, прапрацаваўшы 25 гадоў.

Галерэя «400 квадратов"у гандлёва-забаўляльнай комплексе «Triniti» закрылася пасля звароту праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Комплекс не падоўжыў дамову арэнды. Да гэтага там датэрмінова закрылі выставу сучаснай скульптуры — у яе куратара нібыта была няправільная грамадзянская пазіцыя і «антыдзяржаўныя выказванні». Куратару Івану Арцімовічу прапанавалі прыбраць частку экспанатаў - ён адмовіўся. Калегі падтрымалі ягоную пастанову і адзначылі, што яна вартая «сапраўднага куратара».

Выстава «СКУЛЬПТУРА» 2 траўня 2022 года. Фота: Hrodna.life

У канцы 2020 года ў ГЦ «Kazzarma Mall» на выставе часова пачалі выкарыстоўваць плошчы як арт-прастору — пакуль туды не заедзе арандатар. Уваход быў бясплатны. Бізнесмены вырашылі падтрымаць мастакоў і «несці мастацтва ў масы». Апошняя выстава там прайшла летам 2021 года.

Адзіная з апошніх прыватных галерэй — «Тызенгаўз». Instagram галерэі не абнаўляўся паўгода. Апошні вернісаж, пра які распавядалі ў профілі, прайшоў у 2020 годзе. Мяркуючы па пастах, карціны працягваюць паступаць у галерэю.

«У нас была каманда, і мы вырашалі ўсе разам, каго мы паклічам наступным разам. Было жаданне вялікае запрасіць пэўных мастакоў. Для нас было важна чаргаваць: запрашаць як і пачаткоўцаў, малавядомых мастакоў, так і майстроў», — распавяла былая супрацоўніца адной з гродзенскіх прыватных галерэй.

Грамадскія прасторы закрыліся

Мастакі выстаўляліся ў іншых прасторах, напрыклад, «Цэнтр гарадскога жыцця» або тайм-кафэ «Партал». Цяпер такой магчымасці няма.

«Цэнтр гарадскога жыцця» ліквідавалі ў 2021 годзе па рашэнні суда па прычыне «рэалізацыі дэструктыўных ідэй». Ёй палічылі выставу мастака Алеся Пушкіна, дзе былі ў тым ліку карціна, прысвечаная дзеячу пасляваеннага антысавецкага падполля Яўгену Жыхару.

Партрэт Яўгена Жыхара на выставе ў «Цэнтры гарадскога жыцця». Магчыма, ён стаў прычынай прыходу АМАПа. Фота: Ірына Новік

Тайм-кафэ «Партал» закрылася ў 2020 годзе. УЖРЭП скасавала з уладальнікамі дамову арэнды, паколькі ўстанова не працавала ў дзень «усеагульнай забастоўкі», якую абвясціла лідар дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

UPD 28 лютага. У Гродне адкрыліся і новыя прасторы-напрыклад, ANLO і «Камора».

На пляцоўках — «Маша и медведь» і Петр I

У горадзе ёсць дзяржаўная Гродзенская выставачная зала і культурны цэнтр «Фестывальны». У 2021, годзе пасля 17 гадоў працы, па пагадненні бакоў установа пакінула загадчыца Ірына Сільвановіч. У жніўні 2020-га Ірына з мужам былі на плошчы Леніна падчас масавых дэманстрацый пасля выбараў і выступалі са сцэны супраць гвалту.

Там ёсць дзве залы: экспазіцыйная, дзе раз на два-тры тыдні праходзяць выставы і зала-продаж, дзе прадстаўлена больш за 350 работ беларускіх мастакоў. У апошнім на цэнтральнай сцяне праходзяць міні-выставы аднаго мастака.

За 2022 год у выставачнай зале прайшло тры персанальныя выставы: «Мыслеформы» Таццяны Мацэвіч, «Диалог со временем» Мікалая Бандарчука і «Цветы — Птицы» Сяргея Уткіна. Чарга на выставу, паводле інфармацыі Hrodna.life, займае год.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: instagram.com/vystauka_zal/

У астатні час пляцоўку займалі зборныя выставы, выставы фатаграфій, работ з фондаў, справаздачныя выставы. Былі і далёкія ад жывапісу экспазіцыі - выстава інавацыйнай і тэхнічнай творчасці «Гісторыя. Традыцыя. Творчасць», гульнявая выстава «Маша и Медведь», інтэрактыўная выстава «ЭКСПИРИмЕНтУС».

Апошняя выстава ў «Фестывальным» — «Белорусы на защите Сталинграда», якую падрыхтавала Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Там жа прайшоў вечар памяці савецкага ваеначальніка Дзмітрыя Карбышава. У верасні тут прайшла выстава пра гісторыю праўлення Пятра I. У профілі цэнтра ў Instagram — справаздачы аб пасяджэннях гарвыканкама і ўніверсітэта. З персанальных выстаў - «HOMESAPIENS» Івана Русачака, жывапіс Ягора Коткіна.

«Перажыткі «саўка»

«Раней, калі я яшчэ вучылася ў каледжы, ты прыходзіш у галерэю, а там кажуць: «А мы выстаўляем толькі калі ў вас ёсць вышэйшая адукацыя. Патрэбна была «корачка». Ці трэба было быць у саюзах (Саюз беларускіх мастакоў - Hrodna.life). Нейкія перажыткі «саўка», якія не давалі проста так чалавеку з вуліцы кудысьці трапіць», — распавяла мастачка. Яна пайшла па «класічнай сцежцы»: мастацкі каледж, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, і цяпер займаецца творчасцю.

Як правіла, прызнаныя майстры ўжо маюць свой сфармаваны стыль, сваё бачанне. Работы маладых мастакоў - больш разняволеныя, больш наіўныя, жывыя, лічыць беларуская мастачка.

«А потым у нейкі момант з’явіўся фестываль мастацтваў „Арт-Мінск“ і Восеньскі салон з „Белгазпрамбанкам“, які - рэальна крутая магчымасць. Таму што на яго можна спакойна прайсці, ёсць у цябе адукацыя ці не, калі ў цябе працы нядрэннага ўзроўню. Там добра прадаваліся працы. На першым жа салоне, куды я трапіла, у мяне купілі карціну. Там мяне заўважыла прыватная галерэя. Пасля 2020 года іх таксама „прыціснулі“. І цяпер, не ведаю, ёсць яны фактычна ці не, гэтыя чорныя спісы, але цэнзура ёсць. Але нават цяпер, калі вы нідзе моцна не „засвяціліся“, можна падацца», — лічыць мастачка.

Восеньскі салон-2022. Фота: belgazprombank.by

У бары не ходзяць кліенты і калегі

Выстаўляцца мастаку важна для імя і партфоліо. На выставах можна пачуць водгукі гледачоў і калег, знайсці кліентаў. Каб выставіцца ў бары, не трэба ўзгадняць працы. Асяроддзе там — больш дэмакратычнае, але і менш прафесійнае.

«Я была на адкрыццях у кафэ, барах у сяброў. Збіраюцца ў асноўным сябры аўтараў, знаёмыя, падпісчыкі з сацсетак і аўдыторыя гэтых бараў. Як правіла, у галерэі прыходзяць іншыя мастакі, патэнцыйныя пакупнікі - у многіх галерэй ёсць свая кліенцкая аўдыторыя. Такіх людзей на выставах кафэ і барах не заўважыш», — лічыць адна з беларускіх мастачак.

Што тычыцца лічбавай прасторы, камусьці яго недастаткова.

«Мяркуючы па беларускім кам’юніці ў Польшчы, выставы ў барах і кафэ вельмі папулярныя. У кафэ хутчэй праходзяць нестандартныя выставы: напрыклад, керамікі. У Беларусі гэта таксама даволі такі распаўсюджана — у залежнасці ад фармату бара», — лічыць былая супрацоўніца прыватнай галерэі.

Любая выстава спрыяе папулярнасці мастака, але выстава ў галерэі больш дапамагае продажах.

«Ты павінен дакрануцца, панюхаць, убачыць на свае вочы. Лічбавая прастора — адзін са спосабаў выражэння, спосабаў паказаць, прадставіць, здзівіць. Але мастацтва павінна жыць натуральным жыццём. А як жа скульптура? Не, мой адказ — лічбавай прасторы недастаткова, трэба бачыць ужывую», — мяркуе супрацоўніца Гарадзенскай галерэі.

Жаданне выстаўляцца для маладога мастака цалкам зразумелае, а фідбэк ад гледача — нешта істотнае, лічыць адзін з прызнаных у Гродне мастакоў. «Цяжка сказаць, дзе ім можна выставіцца. Галерэі зачыняюцца, а тыя, што ёсць, рызыкуюць выставіць не тое, альбо што іх наведае Бондарава. Тое, што маладыя выстаўляюцца ў кафэ — працэс цалкам натуральны, цяпер зноў настаў час «кватэрнікаў».

Як цэнзуруюць мастацтва

У выставачных прасторах сапраўды можна сутыкнуцца з цэнзурай — і не толькі. У ГЦ «Kazzarma Mall» на выставе Надзі Букі «Личное дело» знялі шэсць карцін з чырвона-белай расфарбоўкай. Дзве карціны былі прысвечаны пратэстам жніўня 2020 года, чатыры — былі напісаны на непалітычныя тэмы: пра каханне і веру. У Kazzarma Mall тады вырашылі не каментаваць сітуацыю Hrodna.life. Мастачцы паведамілі, што «так трэба было зрабіць», каб засцерагчы яе і даць існаваць выставе. Яна ж непакоілася, што выстава стала непаўнавартаснай.

Карціны «Fredom» і «Набор для лета 2020». Фота: Hrodna.life

Гродзенскі мастак Сяргей Грыневіч правёў больш за 60 персанальных выстаў па ўсім свеце, удзельнічаў у калектыўных праектах. У сакавіку 2022 года з яго выставы «Дэмаграфія» ў Мінску знялі сем карцін — яны не прайшлі цэнзуру. На карцінах — ракеты, танкі, Ленін і волаты на фоне Крамля. Да гэтага частку работ аўтар прыбраў яшчэ на этапе самацэнзуры.

Карціна Сяргея Грыневіча, якая не прайшла цэнзуру. Крыніца: старонка мастака ў Facebook

Дайшло да крымінальнага пераследу. Вясной 2021 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» прайшла выстава мастака Алеся Пушкіна. Сярод іншых работ быў прадстаўлены партрэт дзеяча пасляваеннага антысавецкага падполля Яўгена Жыхара. У 1946−55 гадах ён кіраваў антыкамуністычным партызанскім атрадам, з якім здзейсніў 23 тэракты, 42 рабаванні і 9 нападаў на сельсаветы.

Эксперты палічылі, што дэманстрацыя карціны — «рэабілітацыя нацызму». Гродзенцаў, якія прыйшлі на выставу, чакалі ператрус і статус сведкі па крымінальнай справе, мастака — пяць гадоў калоніі, пляцоўку — ліквідацыя.

Як такіх «чорных спісаў» у Гродне не існуе, лічыць мастак. Але можна казаць пра «белы спіс» — з некалькіх праўладных мастакоў. Рэшту прафесіяналаў - пад забаронай. Пры гэтым назіраюцца «перагібы на месцах»: некаторыя забароненыя ў Гродне мастакі могуць свабодна выстаўляцца ў Мінску.

Пра чорныя спісы ў каментарах да паста ў Facebook казаў і мастак Алесь Сураў у адказ на пытанне, ці дазволяць яму зрабіць выставу.

Як пратэст папулярызаваў мастацтва

Мастакі палітызаваліся падчас пратэстаў 2020 года, мяркуе крыніца рэдакцыі. Яны перажывалі сітуацыю і стваралі шмат работ. «Многія гэта рабілі дзеля хайпа. Мне траплялася шмат рэкламы ў Instagram, дзе было белае палатно, на якое намазалі чырвоную палоску і рэкламная рэмарка „Незалежнасць не купіш, а карціну можна“. Ад гэтага проста ванітуе. Таму што гэта танна, гэта безгустоўна, гэта агідна».

Пазней мастакі пачалі рэалізоўваць свае перажыванні, унутраныя канфлікты, выкліканыя 2020-м годам. «Гэта крута. Таму што мастацтва стала вельмі актуальным, яно было жывым, і яно было нейкім рухавіком, і гэта „Вау!“. Многія, хто пісаў пейзажыкі — не ў крыўду ім — пачалі рабіць творы, прысвечаным палітытычным падзеям — не ў лоб, наўпрост, а з нейкім адсылкамі. І гэта ўсё выстаўлялася. Гэта быў уздым у мастацтве». Нягледзячы на цэнзуру, у працах аўтараў дагэтуль можна знайсці шмат адсылак, лічыць мастачка.

У выніку абывацелі зацікавіліся мастацтвам. «Простыя людзі пазней прыходзілі ў галерэі, і ўсе заўважалі гэтыя адсылкі, яны ўключаліся, гэта ж значна лепш: калі ты прыходзіш і не проста глядзіш на мастацтва, якога зразумець не можаш, а бачыш культурны код, які ты можаш зчытаць. І гэта стварае такі канэкт паміж гледачом і творам».

Частка мастакоў, якія стваралі актуальнае мастацтва, былі вымушаныя з’ехаць. Узровень работ на выставах у Беларусі ўпаў.

 — Многіх адцэнзурылі, многія з’ехалі. З іншага боку, з’яўляецца магчымасць у наогул маладых хлопцаў, падлеткаў, у якіх працы не такога класнага ўзроўню. Так, панізіцца агульны ўзровень. А з іншага, у іх ёсць магчымасць заявіць пра сябе, з’яўляюцца штуршкі да развіцця. Гэта ж таксама нядрэнна?

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024