Людзі і справы

«Сама выява крыжа — „сцена насилия и вражды“». Чаму іконы, якія знялі ў Гродне, не павінны выклікаць «положительные эмоции»

Тлумачэнні, што сцэны гвалту ў царкве не павінны псаваць людзям настрой, абсалютна недарэчныя. Бо хрысціянства — гэта рэлігія пакутнікаў, гэта вера ў Бога, якога закатаваў несправядлівы суд. Так палітолаг і багаслоў Наталля Васілевіч па просьбе Hrodna.life пракаментавала апраўданні гродзенскіх уладаў, чаму яны прыбралі дзве іконы новапакутнікаў са Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне.

Навіна пра тое, што ў саборы знялі дзве іконы, з якімі ўлады і праўладныя актывісты змагаліся ўжо 15 гадоў, не выклікалі здзіўлення ў Наталлі.

«Гэта лагічна — у краіне маюць уладу спадкаемцы катаў, якія падобным жа чынам кідаюць святароў у адзіночкі, за тое, што яны адмаўляюцца здымаць „пакаянныя відэа“, катуюць святароў на Акрэсціна, гоняць адбываць арышт з сабакамі, чыняць ператрусы, забараняюць спяваць „Магутны Божа“ і свабодна прапаведаваць і прамаўляць некаторыя малітвы», — кажа багаслоў.

Іконы новамучанікаў, якія зніклі са Свята-Пакроўскага сабора Гродна. Фота: Хрысціянская візія

«Зусім не «положительные «эмоции»»

Тлумачэнні, што сцэны гвалту не павінны псаваць людзям настрой, абсалютна недарэчныя, лічыць Наталля.

— У першую чаргу таму, што хрысціянства — гэта рэлігія пакутнікаў, гэта вера ў Бога, якога закатаваў несправядлівы суд, які стаў ахвярай палітычнай расправы. Бога, Хрыста, чые пакуты мы ўспамінаем, знак катавання якога мы носім у сябе на грудзі, каб сведчыць усяму свету, што наш Бог — той, хто бярэ на сябе боль усяго свету, крохкі Бог, Бог прыніжаны, які побач з тымі, хто пакутуе. У сэрцы хрысціянскай веры — Крыж, Пакуты і Ахвяра Ісуса Хрыста. Зусім не «положительные «эмоции». Сама выява Крыжа гэта «сцена насилия и вражды». А за ім і іншыя іканапісныя выявы з пакутамі Збаўцы, адсячэння галавы Іаана Прадцечы, сцэны пакутніцтва святых вызнаўцаў веры, — кажа Васілевіч.

Антыхрысціянская сутнасць улады

Паводле Васілевіч, паказальны сам факт, што падзею з унутранага жыцця царквы каментуюць не прадстаўнікі царквы, «якія сарамліва маўчаць», а свецкія ўлады. Гэта, на думку Наталлі, сведчыць пра тое, што ініцыятыва зыходзіла ад уладаў. Гэты пост (тлумачэнне ў канале «Гродно Медиа Group») — пра іх матывацыю і апраўданне.

«І сваё разуменне рэлігіі, якой належыць „вдохновлять на положительные эмоциональные переживания и способствовать правильному этическому и нравственному воспитанию“. Зразумела, што ў традыцыях савецкай атэістычнай прапаганды ўлады бачаць у рэлігіі толькі „опіум для народа“, толькі не ў негатыўным, а пазітыўным для іх сэнсе: як сродак суцяшэння і ўціхамірвання, крыніцы „положительных эмоций“, якіх не хапае у жыцці».

Хрысціянская вера мае на мэце ацаленне ад граху і пакут гэтага свету, тлумачыць Наталля. Але не шляхам іх замоўчвання, а шляхам актуалізацыі трагізму гэтай грахоўнасці, якая вядзе да пакут.

«Чалавек падахвочваецца да барацьбы з грахом, да непрымання існуючага стану і сябе самога, і свету, які, як вучыць царква, «у граху ляжыць». Станоўчыя ж эмоцыі - ад надзеі на адкупленне Пакутамі Хрыста і трыумф праўды Божай, якая пераможа гэты свет. Вось гэтай перамогай і дасягаецца любоў, дабро і міласэрнасць.

Але прапагандзе рэжыму ўсё гэта не толькі не патрэбна, але і палохае. Таму і палохаюць іконы, якія агаляюць антыхрысціянскую сутнасць той улады, спадчыннікамі якой яны сябе лічаць. І патрабуюць ад царквы «бережного отношения» да антыхрысціянства, называючы яго «культурным наследием всего народа», — лічыць Наталля.

Іконы вернуць у сабор?

Беларусы запыталіся ў Пакроўскім кафедральным саборы, чаму знялі дзве іконы.

«Цяпер у кафедральным саборы горада Гродна праводзяцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. У сувязі з гэтым іконы і іншае царкоўнае начынне перамяшчаецца па храмавым комплексе па вытворчай неабходнасці. Падобныя працы неаднаразова праводзіліся ў саборы з 2006 года і не выклікалі ніякіх здзіўленняў і пытанняў», — адказалі ў саборы.

Чырвоным колерам пазначаны месцы, адкуль зніклі іконы. Фота зроблена 7 кастрычніка 2023. У канцы верасня іконы яшчэ былі на месцы. Фота: vk.com/pokrovgrodno

Гэта выглядае неўзгодненым з гарадскімі ўладамі, якія заявілі, што іконам не месца ў храме.

Што адбылося?

Іконы навапакутнікаў у Пакроўскім кафедральным саборы выклікалі пытанні з моманту з’яўлення 17 гадоў таму. На іх намаляваныя савецкія сілавікі - чырвонаармейцы, афіцэры і чэкісты, якія забівалі праваслаўных дзеячаў. У канцы мінулага тыдня дзве з васьмі ікон са Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне зніклі дзве. на іх былі мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (закатаваны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (расстраляны ў 1922 годзе). Апошнім часам выказвацца супраць іх пачала праўладная актывістка Вольга Бондарава.

Пра знікненне карцін напісалі незалежныя выдання. Тады на публікацыі адрэагаваў звязаны з аблвыканкамам Telegram-канал «Гродно Медиа Group». Там паведамілі, што прыбраныя з Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне іконы ўтрымлівалі «непрымальныя ў такім богаўгодным месцы сцэны гвалту і варожасці». А выявы лікаў Святых «павінны натхняць на станоўчыя эмацыйныя перажыванні і садзейнічаць правільнаму этычнаму і маральнаму выхаванню».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025