Прыбраныя з Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне іконы ўтрымлівалі «непрымальныя ў такім богаўгодным месцы сцэны гвалту і варожасці». Так на адабранне адрэагавалі ў звязаным з аблвыканкамам Telegram-канале «Гродно Медиа Group». Гэта праўладны канал, дзе публікуюць навіны з райцэнтраў, шаржы на апазіцыянераў і здзекі з вайны ў Украіне.

«Гэты факт спрабуюць, як звычайна перакруціць і паднесці, як нешта дрэннае і няправільнае, хоць кожны з нас ведае, што любая духоўная ВЕРА — гэта вера ў каханне, у дабро і міласэрнасць. Любая Царква павінна вучыць верацярпімасці, беражліваму стаўленню да гістарычнай і культурнай спадчыны ўсякага народа.

Ідучы ў Храм Божы, чалавек шукае супакаенне, у тым ліку праз візуальны светапогляд. Выява лікаў Святых павінны натхняць на станоўчыя эмацыйныя перажыванні і садзейнічаць правільнаму этычнаму і маральнаму выхаванню", — напісалі ў канале.

Колькі ікон з гвалтам трэба прыбраць?

Пры гэтым, «непрымальныя сцэны гвалту і варожасці» існуюць на мностве абразоў. У гісторыі царквы ёсць пакутнікі, у тым ліку факт бічавання самога Ісуса Хрыста. Традыцыйна яны адлюстроўваюцца на абразах. Прытрымліваючыся логікі ўладаў, прыбраць трэба не толькі гэтыя дзве іконы.

Іконы новапакутнікаў выклікалі спрэчкі і раней

У канцы мінулага тыдня стала вядома, што са Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне зніклі дзве з васьмі ікон навапакутнікаў. Яны з’явіліся ў царкве 17 гадоў таму. На іх былі намаляваныя савецкія сілавікі - чырвонаармейцы, афіцэры і чэкісты, якія забівалі праваслаўных дзеячаў. У прыватнасці, на двух зніклых іконах былі паказаны мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (закатаваны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (расстраляны ў 1922 годзе).

Іконы выклікалі пытанні ў сілавікоў з моманту з’яўлення ў 2006 годзе. У апошнія гады выказвацца супраць іх пачала праўладная прарасейская антыбеларуская актывістка Вольга Бондарава.

Чытайце таксама: У Гродне ў саборы знялі «палітычныя» іконы: яны шмат гадоў раздражнялі сілавікоў і Бондараву