“Не 22, а 24. І не чэрвеня, а лютага. Не 1941, а 2022. Кіеў яшчэ не бамбяць. Пакуль. Але нам ужо абвясцілі, што пачалася… спецаперацыя. Насамрэч – вайна. Яшчэ ўчора ў яе ніхто не верыў“, – піша ў сваём канале “Тётя Ира разрешила” рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік.

Сёння наша рэдакцыя чытае не навіны, а зводкі — так называюць інфармацыю на вайне: “На Харкаўскім кірунку жорсткія баі”. “Акупанты захапілі Паўночна-Крымскі канал і Кахоўскую ГЭС”. “Усе, хто могуць трымаць зброю, уступайце ў шэрагі сілаў тэрытарыяльнай абароны”.
Гэта вайна. Пакуль – вайна Расіі супраць Украіны. Лукашэнка абверг заяву ўкраінскай пагранслужбы, што беларускія войскі атакавалі мяжу разам з расійскімі.
“Мярзотнікі крайнія! – адазваўся ён пра ўкраінцаў. – Нашыя войскі ніякага ўдзелу не прымаюць у гэтай аперацыі”. Але на той жа нарадзе Лукашэнка заявіў, што прызнанне “ЛНР” і “ДНР” стаіць “на парадку дня”: “У бліжэйшы час мы зробім так, як будзе трэба і нам, і Расіі”.
Беларусы, ці гатовыя вы забіваць суседзяў? Гатовыя вашы маці атрымліваць «двухсотыя»? Гатовыя камандзіры адпраўляць салдат на смерць? Ці як на разгонах пратэстаў – усе будуць проста выконваць загад?
Сотня дэпутатаў з рэгіёнаў Расіі напісала адкрыты ліст да расіян: “Вайну можа спыніць толькі масавае народнае асуджэнне”. Дэпутаты заклікаюць не ўдзельнічаць у агрэсіі адносна Украіны. Яны перакананыя, што “грамадзяне не давалі яму [Пуціну] такога мандата».
А грамадзяне Беларусі ўпаўнаважвалі Лукашэнкі прымаць такія рашэнні?
Вайна – канфлікт паміж палітычнымі ўтварэннямі – дзяржавамі, плямёнамі, палітычнымі групоўкамі, кажа Вікіпедыя. Я не хачу быць сябрам групоўкі або племя, не хачу мець нічога агульнага з вайной і тымі, хто яе навязвае і развязвае. Вайна – гэта разбурэнне сем’яў, чалавечых жыццяў, лёсаў, знішчэнне ўсяго найлепшага. Гэта самае страшнае лайно (аднолькава па-ўкраінску і па-беларуску, па-руску – “дерьмо”), якое толькі можа быць на свеце.
“У мяне ўвесь Тык-ток у вайне”, – кідае лінк калега. На відэа – падпалены танк. Побач – забіты салдат. У каментары папярэджанне: “Слабанярвовым не глядзець”.
Не. Глядзець усім. Хопіць быць слабанярвовым!
Асабліва шырока расплюшчыць вочы тым беларусам, хто звык верыць у мірнае неба над галавой як падарунак ад цяперашняй улады.


