У Гродне пачаўся тэст аўтаматызаванага сэрвісу па арэндзе ровараў «Hutka». Ён працуе без станцый пракату, а паездку можна будзе пачаць і завяршыць у розных кропках горада. Першыя пяць ровараў з’явіліся ў Альшанцы.

Каманда праекта «Hutka» стварыла мабільны дадатак, распрацаваны разумны веласіпедны замак, закуплены антывандальныя ровары мінскага завода «Мотавела».

На час тэставання ўсё бясплатна

Адзін з аўтараў праекта — гродзенскі праграміст Антон Сямашка.

«Тэставанне мы пачалі з Альшанкі, таму што тут жывем і не хочацца ў цяперашняй сітуацыі лішні раз перасоўвацца далёка па горадзе, — кажа Антон Сямашка. — Для тэсту пакуль выставілі пяць ровараў. Яны будуць у асноўным каля крамаў, дзе ёсць велапаркоўкі. Паспрабаваць дадатак і ровары можа любы ахвочы — гэта ўсё бясплатна».

Як пратэставаць сэрвіс?

Адначасова з тэставаннем ровараў распрацоўшчыкі запусцілі сайт hutka.app. Зараз каб скарыстацца роварам карыстальнік павінен запісацца на тэст — распрацоўшчыкі вышлюць спасылку на дадатак. У ім на карце адлюструюцца паркоўкі з роварамі. Каб пачаць паездку, трэба ў дадатку ўвесці нумар ровара і атрымаць ПІН-код ад замка.
Для завяршэння дастаткова прыехаць на адну з парковак, адзначаных на карце, і закрыць замок.

Калі тэставанне пройдзе добра, то стваральнікі Hutka паставяць свае ровары ў цэнтры горада. Яны ўжо ўзгаднялі гэта з адміністрацыяй.

«Праект планаваўся як сацыяльны, ён запушчаны ў тым ліку за грошы мецэнатаў з конкурсу Social Weekend. Таму ўвесь прыбытак будзем адпраўляць на дабрачыннасць. Напрыклад, цікавыя праграмы па азеляненні горада», — кажа Антон Сямашка.


Чытайце таксама: Нечакана: у Гродне ровараў больш, чым аўтамабіляў. Як ездзяць гродзенцы і чаму

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.