Пасля публікацыі Hrodna.life пра тое, што ў Пышках пацярпеў веласіпедыст, гарадскія службы заняліся разметкай веладарожак і распрацоўкай папераджальных таблічак.

У чым праблема?

Чытач Hrodna.life Дзмітрый 11 траўня ў Пышках зваліўся з ровара, спрабуючы аб’ехаць пешаходаў на веладарожцы. Ён зламаў руку і выбіў сабе два зубы. А ў 2018 годзе на веладарожцы ў Пышках, спрабуючы аб’ехаць пешаходаў, руку зламала чытачка Алена. Былі і іншыя падобныя выпадкі.

Па стане на 29 траўня разметка веладарожак ужо амаль скончаная.

«Надвор'е не дае цалкам скончыць працу па разметцы, але ўжо амаль усё зроблена», — распавядае начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Арадзь.

Паводле яго слоў, ідзе праца і нам папераджальнымі таблічкамі.
Зараз гарвыканкам шукае партнёраў, якія змогуць імі заняцца. Потым іх трэба будзе ўзгадніць з ДАІ.

Дызайн таблічак ужо ёсць — яго распрацавалі веласіпедысты

Грамадскае аб’яднанне «ВелаГродна» ўжо распрацавала ўласныя інфармацыйныя таблічкі і прапануе гораду іх размясціць.

«Мы даўно ўсхваляваныя сітуацыяй у Пышках. Нядаўна на веладарожцы ў лесапарку адбылося чарговае здарэнне, у якім пацярпеў веласіпедыст. Каб хоць неяк згладзіць сітуацыю,
„ВелаГродна“ прапануе гораду размясціць уздоўж дарожкі інфармацыйныя таблічкі», — напісалі ў сваёй групе ў Facebook велаактывісты.

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.