У Беларусі на 29 траўня зарэгістраваныя 40 764 (+906) чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Ачунялі і выпісаныя 17 390 (+730) пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Памерлі 224 (+5) пацыента з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.

Усяго праведзена 512 418 тэстаў.

У свеце памерлі 360 332 чалавек

Паводле звестак універсітэту Джонса Хопкінса 29 траўня ў свеце пацверджаны 5 810 331 выпадак каронавіруснай інфекцыі. Агулам каронавірус выяўлены ў 188 краінах і тэрыторыях.

Памерлі ад яго 360 332 чалавекі, у тым ліку ў ЗША — 101 617, Вялікай Брытаніі - 37 919, Італіі - 33 142.

Беларусь падоўжыла забарону на вываз медычных тавараў да 1 ліпеня

Адпаведную пастанову Савету Міністраў ад 28 траўня № 319 афіцыйна апублікаваў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Раней забарона дзейнічала да 1 чэрвеня, цяпер яе працягнулі на месяц, піша Белсат.

Выключэннем з’яўляюцца тавары, вываз якіх дазволіла Міністэрства аховы здароўя з указаннем звестак аб наменклатуры, колькасці, кошту такіх тавараў, а таксама аб арганізацыі, якая іх вывозіць.

У такім разе дазволены вываз медычных масак, халатаў, камплектаў ахоўнага адзення для лекараў, апаратуры для кіслароднай тэрапіі ды штучнага дыхання (акрамя апаратуры, якую ўжываюць выключна для азонавай або аэразольнай тэрапіі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне