Мастака Ігара Сямёнава ў Гродне памятаюць нешматлікія, а менавіта ён быў аўтарам помніка воінам і партызанам у парку Жылібера, куды чыноўнікі некалькі разоў на год нясуць кветкі. Гісторыю гэтага чалавека нам удалося пачуць ад яго жонкі Ніны Сямёнавай ў 2017 годзе і ад яе сяброўкі Таццяны Саветкінай у 2019.
Ігар Сямёнаў нарадзіўся ў 1909 годзе ў Ленінградзе, да вайны вучыўся на мастака. У час Вялікай Айчыннай быў два разы ў палоне і два разы бег. Пасля вайны спачатку жыў у Мінску, а потым пераехаў у Гродна, працаваў мастаком і скульптарам. У 1949 году Ігар Сямёнаў ажаніўся з гродзенкай Нінай Валюк і жыў у доме на Ватуціна.
«Так, вядомы мастак Сямёнаў быў маім мужам, — расказвала ў 2017 годзе Ніна Сямёнава. — Мы пажаніліся, калі яму было 39 гадоў, а мне 26. Мы любілі адзін аднаго. Добры ён быў чалавек і вельмі таленавіты. У канцы 1940-х яго папрасілі зрабіць помнік у цэнтры Гродна на месцы пахавання загінулых салдат. І ўжо ў 1949 годзе помнік паставілі ў парку Жылібера. За гэтую працу Ігар атрымаў 12 тысяч рублёў. Памятаю, што мы дома на Ватуціна адзначалі гэтую падзею, было столькі гасцей і пры гэтым вядомых асоб».
Ніна Сямёнава ўспамінала, што яе муж сябраваў з паэтам Міхасём Васільком і пісьменнікам Васілём Быкавым. Не раз прыяцелі збіраліся ў доме мастака на Ватуціна. Два тыдні там пражыў і Быкаў.
«Ваську Быкава я добра ведала. Зусім нядаўна ўспамінала, як ён у нас жыў са сваёй жонкай. Справа ў тым, што Быкава ў пасляваенныя гады ніхто яшчэ не ведаў. Ён пасля інстытута прыехаў з Надзяй у Гродна, яго мабыць, сюды накіравалі ў „Гродзенскую праўду“. Рэдакцыя газеты ў пачатку 1950-х знаходзілася на вуліцы Алега Кашавога [сучасная Вялікая Траецкая — рэд.]. А ў майго мужа Ігара была насупраць рэдакцыі мастацкая майстэрня. Там яны з Быкавым і пазнаёміліся. На той момант хлопцу і яго жонцы не было дзе жыць — гасцініцы былі перапоўненыя, ну Ігар і прывёў іх да нас дадому. Два тыдні яны ў нас жылі. Добры быў час. Дарэчы, частым гасцем у нашым доме быў і вядомы паэт Міхась Васілёк».
Успамінамі пра Ігара Сямёнава падзялілася і Таццяна Саветкіна, якая нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе, але ў 1960-я гады з’ехала ў Мінск.
«Я памятаю Ігара добра, бо мая сяброўка Ніна выйшла за яго замуж. Пасля вайны ён жыў у Мінску, меў зносіны з мастакамі Юрыем Чарняўскім і Оскарам Марыксам, быў добра знаёмы з Якубам Коласам і жонкай Янкі Купалы. Пасля Сямёнаў пераехаў у Гродна.
Яны з Нінай пазнаёміліся ў драматычным тэатры, калі ён працаваў афарміцелем. Пасля вяселля пара жыла на Ватуціна, у сямейным доме Ніны. Некаторы час жыў у іх і Васіль Быкаў, а потым ён здымаў кватэру насупраць, у Качаноў. А вышэй на 17 верасня жыў Міхась Васілёк.
Сямёнаў быў таленавітым чалавекам, многія яго ведалі ў горадзе. Але ён рана сышоў, памёр у доме падчас працы. Лекары казалі - разрыў сэрца. Пасля сябе Сямёнаў у цэнтры Гродна пакінуў след — помнік воінам і партызанам. Да рамонту помніка там быў подпіс з ініцыяламі аўтара, але цяпер яго няма. І таму сёння ў Гродне толькі адзінкі ведаюць, што Ігар Сямёнаў спраектаваў гэты помнік. Ён застаўся ў памяці толькі гродзенскіх старажылаў, якіх з кожным годам усё менш», — распавяла Таццяна Саветкіна.
Ігар Сямёнаў таксама спраектаваў у канцы 1940-х гадоў у парку Жылібера танцпляцоўку, кафэ і летні кінатэатр. У сямейным фотаархіве яго жонкі захаваліся фатаграфіі некаторых праектаў. Памёр Ігар Сямёнаў у 1961 годзе і пахаваны на праваслаўных могілках па вуліцы Антонава.
Сёння ў Гродне адзінкі памятаюць Ігара Сямёнава — аўтара аднаго з важных помнікаў горада. Можа надыйшоў час увекавечыць яго імя мемарыяльнай табліцай? Напрыклад, на доме на Ватуціна, дзе ён жыў, або на помніку воінам і партызанам у парку Жылібера.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…