Аляксей Карпюк — беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому 14 красавіка 2020 споўнілася б 100 гадоў. Год таму ў Гродне ў яго гонар павесілі шыльду. Яе ўсталявалі па ініцыятыве сваякоў пісьменніка, зрабіў яе вядомы скульптар Уладзімір Панцялееў.
Кім быў Карпюк і чаму да сёння пра яго памятаюць у Гродне?
Аляксей Карпюк — адзін з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў, якія жылі ў нашым горадзе. Нарадзіўся ён 14 красавіка 1920 г. у беларускай сялянскай сям'і ў вёсцы Страшава недалёка ад Гарадка на Беласточчыне (цяпер Польшча).
У 1940 — 1941 гг. Аляксей Карпюк навучаўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны браў удзел у барацьбе з фашысцкімі дыверсантамі ў ваколіцах Навагрудка, далей вырушыў на ўсход, аднак аказаўся ў так званым Навагрудскім катле і вымушаны быў прабірацца ў родную вёску Страшава. У Страшаве ўся сям’я Карпюкоў (Аляксей Карпюк, яго маці, бацька і брат) дапамагалі акружэнцам, прынялі ўдзел у стварэнні першых савецкіх падпольных структур і партызанскіх груп на Беласточчыне. У канцы 1942 г. па падазрэнні ў супрацы з падполлем Аляксей Карпюк і яго брат былі арыштаваны і скіраваны ў канцлагер Штутгоф недалёка ад Гданьска.
Знаходзячыся ў нечалавечых умовах фашысцкага лагера, Аляксей Карпюк самастойна спланаваў уцёкі і восенню 1943 г. збег з лагера. Недалёка ад лагера ён сустрэў ваеннапалоннага англічаніна і палякаў-парабкаў, якія перапранулі яго ў грамадзянскую вопратку і забяспечылі грашыма, каб дабрацца да Беласточчыны.
Пасля ўцёкаў са Штутгофа Аляксей Карпюк знаходзіцца ў партызанцкіх атрадах у ваколіцах Гута-Міхаліны каля Ружан. Пасля ён сустракаецца з байцамі прысланай з неакупаванай тэрыторыі спецыяльнай групы пад камандаваннем Вайцяхоўскага. Група ў хуткім часе была пераўтворана ў партызанскую брыгаду імя Кастуся Каліноўскага, а Аляксей Карпюк быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага ў складзе аднаіменнай брыгады.
Пасля вызвалення Беларусі Аляксей Карпюк атрымаў бронь ад вайсковай службы і накіраванне ў Гродзенскае РАНА на працу. Аднак восенню 1944 г. адмовіўся ад вайсковай броні і добраахвотна пайшоў на службу ў Савецкую Армію. З 1 лістапада 1944 г. браў удзел у баях супраць фашыстаў у складзе 756 стралковага палка 150 стралковай Бярлiнска-Iдрыцкай дывізіі 79 стралковага корпуса. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Вызначыўся пад час Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём сваёй гарматы знішчыў дзясяткі фашысцкіх салдат і некалькі самаходных гармат праціўніка.
У 1960-х — 1980-х гг. узначальваў гродзенскае аддзяленне саюза беларускіх пісьменнікаў. Той час быў найлепшым для пісьменніцкай арганізацыі нашага горада. Тады ў яе ўваходзілі Данута Бічэль-Загнетава, Васіль Быкаў, Аляксей Пяткевіч, Юрка Голуб і многія іншыя. Быў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. На гэтай пасадзе сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы Каложскага храма праваслаўнай царкве ў канцы 1980-х гг. Планаваў стварыць музей Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, да якой належаў яго бацька. Аляксей Карпюк карыстаўся вялікім аўтарытэтам гродзенцаў, выступаў у рабочых калектывах, сярод школьнікаў, вайскоўцаў.
Быў асабіста знаёмы з першым сакратаром ЦК КП (б)Б Пятром Машэравым. У 1980 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР. Лаўрэат Лiтэратурнай прэміі Саюза пiсьменнiкаў БССР iмя I.Мележа 1986 г. за кнiгу «Каранi».
Памёр Аляксей Карпюк 14 ліпеня 1992 г. Пахаваны ў Гродне на могілках па праспекце Касманаўтаў.
Адна з вуліц Гродна носіць імя Карпюка.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…