Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам — і ён адгукнецца. Менавіта пад такім імем ён выступае на рынгу як рэслер. Гісторыю незвычайнага хобі гродзенскага хлопца ў Швецыі распавяла «Наша Ніва».

Мікалай пераехаў у Стакгольм услед за жонкай. На той момант ён ужо займаўся спортам, але іншым — амерыканскім футболам. Ім ён зацікавіўся, калі вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

«Спачатку я прыехаў у Стакгольм пажыць, зразумець, спадабаецца мне там ці не, чым я буду там займацца. Вядома, я не змог бы ўладкавацца там нікуды са сваім дыпломам журналіста. Свой першы ДНЖ [Дазвол на жыхарства — Hrodna.life] з правам працы атрымаў на падставе ўз'яднання з жонкай, але яшчэ доўга мучыўся з падатковым нумарам, каб пачаць працаваць», — сказаў Мікалай.

Сышоў з футбола, каб стрыгчы людзей

Спачатку ён працаваў на будоўлі і займаўся дэмантажом будынкаў. Паралельна вучыў шведскую мову і спрабаваў працягнуць спартовую кар’еру ў амерыканскім футболе. У складзе каманды Djurgården адгуляў тры сезоны.

У Стакгольме Мікалай адвучыўся на барбера. І неўзабаве сышоў з амерыканскага футбола, бо зразумеў, што з-за шматлікіх траўмаў пальцаў, звязак, сухажылляў, спіны і галавы аднойчы проста не зможа стрыгчы, як раней.

Патрапіў у рэслінг праз відэа ў YouTube

«Вярнуўшыся пасля працы на будоўлі і тады яшчэ з футбольнай трэніроўкі, я лёг, скроліў ютуб, а ён вырашыў парэкамендаваць мне хайлайты Джона Сіны [амерыканскі рэслер і акцёр кіно — Hrodna.life]. Я паглядзеў яго выступ, здзівіўся, што рэслінг яшчэ існуе, і пачаў ацэньваць яго па-новаму. Пагугліў, каб даведацца, ці ёсць нешта па тэме ў Стакгольме, ці маюць яны свае шоу», — распавёў хлопец.

Спачатку Мікалай прыйшоў на шоу як глядач і яму спадабалася. Ён пачаў сачыць за шведскім рэслінгам праз старонку ў Facebook і ўбачыў пост, што ў Стакгольме адбудзецца трайаўт [адкрыты прагляд — Hrodna.life], куды і прыйшоў. На той момант хлопец яшчэ займаўся футболам, таму яму прыйшлося абіраць паміж ім і рэслінгам.

Траўму атрымаць можна, але не так як у футболе

На рынгу таксама можна атрымаць траўму, кажа Мікалай, але на рынгу яны больш кантраляваныя, чым на полі.

«Мы прыкладна разумеем, што можа адбыцца ў той ці іншы момант. Плюс ты можаш адмовіцца ад нейкага ўдару. Я пакуль што ні ад чаго не адмаўляўся ў сваёй кар’еры — пагаджаўся на прапановы супернікаў, таму што хачу, каб яны выглядалі моцнымі, як і плануюць. Пакуль у мяне не было сур’ёзных траўмаў у тым ліку таму, што мае апаненты былі суперпрафесіяналамі і стараліся не ставіць мяне ў сітуацыі, дзе я магу траўмавацца», — распавёў хлопец.

У адрозненні ад футбола, у рэслінгу ёсць час на паўнавартаснае аднаўленне. «У футболе ж ты будзеш граць праз траўму, праз боль. І толькі ў канцы сезона зможаш заняцца лячэннем — усё, каб не падвесці каманду».

«Змяніў» сваё імя на Дзмітрый

Для рэслінга хлопец абраў сабе сцэнічнае імя — Дзмітрый. «Я з Усходняй Еўропы, і добра было мець гімік [cцэнічны вобраз рэслера — Hrodna.life], які б неяк прадстаўляў гэтую частку. Такі персанаж, які можа хадзіць мацюкамі лаяцца па-руску — гэта ўсё адклікаецца ў публікі і працуе, — сказаў хлопец. — Мне спачатку прапанавалі Івана, але гэта адразу было не. На Дзмітрыя я пагадзіўся, бо так зваць майго тату».

Мікалай кажа, што на вуліцы ўжо можа адгукнуцца на Дзіму — гэта стала яго другім «Я».

Рэслінг — бойка, каб расказаць гісторыю

На думку Мікалая, рэслінг сёння — гэта больш пра шоу, чым пра спорт. «Гэты нібыта ты глядзіш кіно, дзе ёсць каскадзёры, экшн-сцэны. Мы выкарыстоўваем бойку як мову дзеля таго, каб расказаць гісторыю. Паказваем персанажаў, іх матывацыю, гісторыю, унутраныя канфлікты паміж гульцамі. Гэта серыял, які ніколі не заканчваецца, — распавёў Мікалай. — Калі ж камусьці хочацца глядзець прам сапраўдныя бойкі, то вам у свет ММА».

Жыць за кошт рэслінгу — вельмі складаны шлях

Зараз Мікалай выступае ў незалежным прамоўшне Svensk Wrestling. Акрамя яго, там ёсць іншыя выступоўцы і крэатыўная група: прамоўтары і букеры. У сярэднім у хлопца два шоу на месяц, а трэніроўкі пару разоў у тыдзень. Праз гэта ён мае магчымасць пераключыцца з побытавых праблем і пажыць іншым жыццём хаця б нейкі час.

Жыць толькі за кошт выступаў - вельмі складаны шлях, лічыць хлопец. Таму для яго рэслінг — хобі. Асноўная крыніца прыбытку — праца барберам у салоне. «Я люблю гэтую справу, вучуся новаму штодзень». У сярэднім мужчынская стрыжка ў Стакгольме каштуе каля $ 40.

Чытайце таксама: Гродзенка першай з беларусаў атрымала прэстыжную шведскую прэмію. Раней яе лаўрэаткай была Грэта Тунберг

Пра Беларусь стараецца даносіць усе дэталі

Падчас стрыжкі кліента размова часта заходзіць пра Беларусь. Шведы цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. «Беларускі парадак дня гучаў тут у першыя месяц пасля выбараў-2020. Ён прам гарэў. Цяпер у СМІ інфармацыі пра Беларусь не сустрэць. Таму кожны раз, калі заходзіць гаворка, адкуль я, мне потым задаюць вельмі шмат пытанняў, і я стараюся даносіць усе дэталі».

У рэслінгу Мікалай падкрэслівае, што ён беларус. На яго экіпіроўцы ёсць выявы арнаменту і зубра. «Калі нехта не ў тэме, то, можа, падумае, што я — расеец. Мне ў прынцыпе зручна, каб мяне не любілі, каб пастаянна негатыўныя эмоцыі ўзнікалі ў публікі. Самая дрэнная эмоцыя — калі ўсім пофігу. Але апошнім часам перад маім выхадам на рынг спецыяльна падкрэсліваюць, што я — беларус», — сказаў Мікалай.