Гродзенку Алесю Руднік узнагародзілі прэміяй «Еўрапеец года 2022». Узнагароду Руднік атрымала за барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Пра гэта паведаміў Шведскі еўрапейскіх рух (Svenska Europarörelsen).

Гродзенка першай з беларусаў атрымала прэстыжную шведскую прэмію. Раней яе лаўрэаткай была Грэта Тунберг
Алеся Руднік. Крыніца: venskaeuroparorelsen. se

«Я — першая беларуска, што атрымала гэтую ўзнагароду. Дагэтуль яе атрымлівалі вядомыя шведскія палітыкі, напрыклад Карл Більд, Маргот Вальстром ці актывісты, напрыклад Грэта Тунберг», — сказала Hrodna.life Алеся Руднік.

Алеся не адчувае гэтую ўзнагароду сваёй. Яна лічыць, што яна агульная і належыць беларусам Швецыі, беларускім дыяспарам свету і беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю.

«У такі час асабліва ганарова атрымаць узнагароду, бо менавіта зараз важна, каб міжнародная супольнасць заўважала дзейнасць беларусаў, адрозную ад дзейнасці ўладаў. Менавіта зараз варта падкрэсліваць розніцу ўладаў і беларусаў», — сказала Алеся.

Хто намінаваў беларуску на ўзнагароду — невядома

Алеся не ведае, колькі кандыдатаў прэтэндавалі на ўзнагароду. Гэта не публічная інфармацыя.

«Ведаю толькі, што намінацыі збіралі з 3 лютага па 6 сакавіка. Не ведаю дагэтуль, хто менавіта мяне намінаваў, бо журы гэтую інфармацыю не раскрылі. Але ведаю, што намінацыі на мяне прыйшлі ад некалькіх людзей», — распавяла Алеся.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 9 траўня 2022 года.

Чаму журы абрала Алесю Руднік

«Журы сёлетняй прэміі жадае вылучыць усіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь. Асабліва гэта актуальна ў той час, калі краіна часта асацыюецца з вайной Расіі супраць Украіны. Мы спадзяемся, што ўсведамленне творчасці Алесі і беларускай дыяспары можа стварыць больш надзеі і прызнання для ўсіх, хто працуе на карысць вольнай і дэмакратычнай Беларусі», — напісана на старонцы арганізацыі Europarörelsen.

Хто такая Алеся Руднік

Алеся Руднік — Былая старшыня арганізацыі грамадскай суполкі «Беларусы Швецыі», якая выступае за дэмакратычную Беларусь. Удзельнічае ў дэбатах і дэманстрацыях. Дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта, даследчыка Цэнтра новых ідэй. Даследуе лічбавую палітыку ў аўтакратыях і яе ўплыў на дэмакратызацыю, уключаючы мабілізацыю праз сацыяльныя сеткі.

Прэмію «Еўрапеец» заснаваў у 1995 годзе Шведскі еўрапейскі рух. Яе ўручаюць асобам, якія маюць сталыя сувязі са Швецыяй і якія ўнеслі ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж народамі Еўропы для ўмацавання міру і свабоды, культурнага ўзаемаразумення і сацыяльнай згуртаванасці.