Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў мяснога рэстарана «Момо», які адкрыецца ў Гродне ў лістападзе. Hrodna.life спытаў у дызайнера інтэр'ераў Маі Шатохінай, ці сапраўды ў кафэ і рэстаранаў Гродна ёсць праблемы з дызайнам?
Азнаёміўшыся з рэндарамі дызайну рэстарана «Момо», Мая адзначыла, што «цалкам згодна з меркаваннем гродзенцаў». На яе думку, дызайн атрымаўся абсалютна тыповым.
— Спалучэнне колераў і тэкстур — бабчына. Ёсць спробы разнастаіць гэта сучаснымі канапамі і жырандолямі, але гэта не дапамагае. Адзінае, што зараз у трэндзе — гэта прыбіральня, але там занадта шмат цыганшчыны. На ўваходзе яшчэ трэба гіпсавых ільвоў паставіць і будзе комба, — лічыць Мая.
Мая параўнала дызайны некаторых устаноў у Гродне і прыйшла да высновы, што яны дастаткова разнастайныя. Праўда, сустракаюцца і такія кафэ, стыль якіх «можна сустрэць у любым горадзе, дзе ёсць цагляныя будынкі».
— З аднаго боку цэгла камплементарная вайбу самога горада — такі гродзенскі лофт. З іншага боку, ён адразу адпраўляе такія ўстановы ў спіс «не памятаю, дзе гэта было», таму што ўсё аднолькавае і няма генеральнай ідэі, — адзначае Мая.
У такіх выпадках дызайнерка раіць спачатку сфармуляваць ідэю і агульную канцэпцыю ўстановы. А ўжо потым, абапіраючыся на гэта, збіраць дызайнерскія рашэнні і распрацоўваць інтэр'ер.
У якасці прыкладаў удалых інтэр'ераў дызайнерка прыводзіць кавярні «Тэмпл» і «Амерыкана».
— У «Тэмпл» спалучэнне старой цэглы з панэлямі і незвычайным асвятленнем — гэта класна. Жоўты колер як асноўны акцэнт дае сонечны настрой. Гэта сучасна, таму што пакуль яшчэ моцны трэнд на 50−60-я гады ХХ стагоддзя, ды і поп-арт пакуль не сышоў. Але, як і ўсе трэнды — гэтая гісторыя кароткая. У «Амерыкана» таксама вытрымана стылістыка гродзенскага лофта. Але гэтага ўжо зашмат! Напэўна, гэта ўтульна і вельмі інстаграмна, але прыелася.
Сярод інтэр'ераў кавярняў, якія Мая раскрытыкавала — «Смак мастацтва» і «Прахадная».
— У «Смаку мастацтва» гэтая канапа з вуснамі - акцэнт з 2010, гэта проста не сучасна. У «Прахадной» стылёва, але так сумна — воку няма за што зачапіцца. Вельмі трэндавыя адценні, але для спальні - не для кафэ, — адзначыла дызайнерка.
Мая дадае, што цяпер адзін з галоўных еўрапейскіх трэндаў - натуральнасць. Гэтага ў гродзенскіх кавярнях няшмат.
— Акрамя цэглы нічога натуральнага. Мала дрэва, каменя ў іх натуральным выглядзе. У Еўропе гэта не тое, што трэнд — гэта відавочнасць, — адзначае яна.
У якасці прыкладаў удалай працы з натуральнымі матэрыяламі, Мая прыводзіць варшаўскую кавярню «Po Drodze» і мінскую ўстанову «МонеМане».
— Для мяне гэта прыклад неверагоднай працы. І густ, і ідэя, і рэалізацыя — усё добра, — адзначае дызайнерка.
А вось гродзенскія рэстараны Мая ацаніла высока. Асабліва ёй спадабаліся «Барашка» і «Бакст».
— У «Барашцы» вельмі добры клубны вайб. Сучасна, складана, маладзёжна, але людзям немаладым таксама павінна зайсці. Гэта сапраўды дастаткова ўнікальны інтэр'ер, думаю, ён яшчэ доўгі час не страціць сваю актуальнасць. У «Баксце» вельмі ўтульна, кожная дэталь на сваім месцы. Не скажу, што гэта сучасна, але адпавядае назве на 100 працэнтаў. Праўда, ёсць некалькі куткоў, дзе я б не хацела апынуцца — нагадвае нешта з 90-х, — лічыць дызайнерка.
Да «Раскошы» ў Маі ўзніклі пытанні. На яе думку, уладальнікі павінны выбіраць назву, якая будзе адпавядаць стылістыцы ўстановы.
— Рэстаран вельмі ўтульны. Але калі я іду ў «Раскошу», я чакаю зусім не гэтага. Ну не магу я сабе ўявіць спалучэнне Хогвартса з раскошай. Мне падаецца, што людзям, якія прыходзяць туды ўпершыню, знаёма пачуццё расчаравання.
Дызайнерка адзначае, што слова «раскоша» ў назве можна было б абыграць залацістым колерам, мармуровымі сталамі і вялікай колькасцю цёплага святла. А арыентавацца Мая раіць на варшаўскую ўстанову The Roof.
— Гэта прыклад сучаснай раскошы. Вельмі стыльна, лёгка і адначасова адчуваеш сябе ў лакшары рэстаране, — адзначае яна.
Кавярня «Раскоша» адкрылася ў Гродне ў 2011 годзе. Яна атрымала сваю назву ў гонар карчмы «Раскоша», якая існавала ў Гродне ў канцы XVIII стагоддзя.
Уладальнікам гродзенскіх устаноў Мая раіць развіваць нагледжанасць. І калі магчымасці паехаць на міжнародную дызайнерскую выставу няма — можна проста сачыць за трэндамі і аглядамі.
— Адназначна, у гродзенскіх установах ёсць імкненне да разнастайнасці, гэта бачна. Магчыма, грошы не заўсёды дазваляюць рэалізаваць задумку. Акрамя таго, як дызайнер я магу сказаць, што вельмі часта задумка можа разыходзіцца з вынікам, — рэзюмуе Мая.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…