Людзі і справы

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода. У Людмілы разарвалася кавернома (дабраякасная пухліна) і адбылося кровазліццё ў ствол галаўнога мозгу. Як пасля гэтай падзеі змянілася яе жыццё, жанчына расказала ў сваім Facebook.

«Я перанесла тры кровазліцці ў ствол галаўнога мозгу»

Людміла нарадзілася і вырасла ў Гродне. Амаль 20 гадоў яна працавала бухгалтарам на прадпрыемстве «Белзабпадшыпнік», жыла з мужам і гадавала дачку.

У ліпені 2019 года Людміла збіралася на працу. Ужо там гродзенка адчула сябе дрэнна — у яе павысіўся ціск, з’явіліся слабасць і недамаганне.

— Ужо сасуды лопнулі, з працы забрала хуткая дапамога. У выніку за два тыдні я перанесла тры кровазліцці ў ствол галаўнога мозгу, — распавядае Людміла.

Лячылі беларуску ў Мінску — там ёй зрабілі аперацыю на ствале галаўнога мозгу, у тым ліку перасадзіўшы ствалавыя клеткі.

— Перад аперацыяй лекары РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі мне сказалі: «Можаце лічыць сябе ўнікальным чалавекам, калі гэта вас суцешыць. Такіх людзей — 5−7 чалавек у год па рэспубліцы», — успамінае Людміла.

У сталічнай бальніцы жанчына правяла амаль тры месяцы. Тады стаяла спякота і Людміле даводзілася ляжаць на кляёнцы ў кампрэсійных панчохах — у выніку на спіне з’явіліся пролежні.

«Думала, лепш памерці маладой і прыгожай»

Рэабілітацыю жанчына праходзіла ў Гродзенскай клініцы — там яна правяла месяц.

— На першай рэабілітацыі мяне называлі ў палаце плаксай. Гэта зараз сяброўкі кажуць, што я непапраўны аптыміст. Але тады вельмі не хацелася жыць у статусе інваліда, тым больш са мной у палаце была дзяўчынка-інвалід. Думала, лепш памерці маладой і прыгожай, — адзначае жанчына.

Дадому Людміла вярнулася толькі ў лістападзе 2019 года. Аправіўшыся ад аперацыі, жанчына кардынальна змяніла сваё жыццё. Развялася з мужам, перабралася ў кватэру пабольш і занялася сваім здароўем.

— За апошнія пяць гадоў я навучылася зноўку хадзіць, гаварыць, усміхацца і жыць у моманце. Прыняла сябе іншую — спачатку было вельмі сумна, абстрыглі нагала мае доўгія валасы, былі прышчы, сам твар перакасіла. А яшчэ пазбавілася ад 120 кілаграмаў: развялася — мінус 100 кілаграм і схуднела — мінус 20 кілаграм, — жартуе Людміла.

«Часта бываю на выставах — наведала іх вялікае мноства»

Наступствы кровазліцця жанчына адчувае да гэтага часу. Напрыклад, у яе парэз (зніжэнне сілы цягліц) левай рукі і нагі.

— А таксама рука і нага сталі карацейшыя на два сантыметры і схуднелі, ступня завальваецца вонкі - адсюль хістаюся. Як я жартую, вечна малады, вечна п’яны. Кісць левай рукі не працуе — не магу расціснуць далонь. Правае вуха не чуе, смакавыя рэцэптары закрануты і шмат іншых дробных недахопаў, з якімі можна жыць.

Пры гэтым Людміла клапоціцца пра сабе самастойна. Нават пярэ ўручную — кажа, любіць гэтую справу. А яшчэ жанчына ходзіць у спартзалу, плавае і з’яўляецца ўдзельніцай гродзенскага фотаклуба.

— Я часта бываю на выставах і розных культурных мерапрыемствах, наведала іх вялікае мноства, у апошні час дадаліся мерапрыемствы ў бібліятэках і спартовыя. А наогул, мяне не перамагчы, я не спаборнічаю, — заключае Людміла.

Правілы жыцця Людмілы Юрахно

У пасце Людмілы — шмат выказванняў, якія матывуюць. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала некалькі з іх у якасці ўмоўных «правілаў жыцця» гераіні. Мы не можам гарантаваць, што ўсе цытаты гераіні - 100% аўтарскія. Магчыма, некаторыя з іх Людміла знайшла ў інтэрнэце і адаптавала пад сябе.

  • «Вяду ЗЛЖ [здаровы лад жыцця], не куру, не п’ю кавы, не гляджу тэлевізар, не мацюкаюся, не карыстаюся мікрахвалевай печчу, не маю ніякіх залежнасцяў. Жадаю быць невыгоднай дзяржаве, як той веласіпедыст».
  • «Вельмі шаную абавязковых, прыстойных і пунктуальных людзей! У мяне адна ўважлівая прычына, калі не змог зрабіць, прыйсці, патэлефанаваць — памёр!»
  • «Люблю ўсё натуральнае. Я вельмі сапраўдная. Вырашыла не фарбаваць валасы (сівізна бачная — хай!). Нарошчаныя валасы, пазногці, вейкі, а таксама сілікон — не прымаю. У мяне дэвіз: «Быць, а не здавацца».
  • «Я не купляю салодкае (я не кажу, што не ем), але раз у год, на дзень нараджэння купляю торт «Казка» і магу з’есці за раз».
  • «Я б сказала, што я — чалавек з неабмежаванымі магчымасцямі, а ўсё пачынаецца ў галаве».
Падзяліцца

Апошнія запісы

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025