З кожным годам у Гродна прыязджае ўсё больш турыстаў. І пытанняў, што прывезці родным і блізкім у якасці сувеніра, таксама робіцца больш. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала для вас самыя цікавыя і аўтэнтычныя сувеніры, якія дапамогуць захаваць успаміны аб Гродне на доўгія гады.
Калі вы прыехалі ў Гродна з іншай краіны, вам сапраўды варта прывезці з паездкі беларускія прысмакі. Аматары ласункаў парадуюцца халве ці зефіру з яблычнага пюрэ. Гэтыя прадукты лёгка знайсці ў кожнай краме. Тым, каму надакучыўся класічны зефір і хочацца разнастайнасці, раім зайсці ў фірмовую краму фабрыкі «Чырвоны харчавік» на вуліцы Савецкай. Там знойдзем мноства смакаў і відаў - жавальны зефір са смакам трускаўкі і банана, малінавы зефір з вітамінамі, зефір ручной працы.
Калі жадаецца чагосьці незвычайнага і менавіта гарадзенскага, раім прыгледзецца да натуральных крафтавых ірысак ад @fajny_smak. Ёсць розныя смакі - ад класічнага і шакаладнага да лаванды і касача са спецыямі. Прыгожая ўпакоўка з аленем будзе нагадваць пра Гродна. Ірыскі можна заказаць у Instagram, а можна пашукаць у гарадзенскіх сувенірных крамах (кажуць, іх бачылі ў «Шустрым вожыку» — спіс найлепшых сувенірных крам шукайце ў канцы артыкула).
Дапоўніць прысмакі можна травяной «Гарадзенскай гарбатай». Пад гэтым брэндам выпускаюць натуральныя чаі шасці розных смакаў. Купіць гарбату можна ў аптэцы-музеі па адрасе пл. Савецкая, 4 ці ў краме «Цудоўня» на вуліцы Кірава, 3.
Даўгавечна, арыгінальна і з беларускім каларытам. Мясцовыя майстры ствараюць унікальныя вырабы са скуры, дрэва ці гліны. Для аматараў упрыгожанняў у Гродне знойдзецца асаблівы скарб — бронзавыя вырабы ад рамесніцы @vikovacraft. Можна прыгледзець для сябе як базавую аздобу, так і з беларускім арнаментам ці з літарай «Ў».
Калі да упрыгожанняў душа не ляжыць, прапануем звярнуць увагу на хатні дэкор з саломы ад @salomka.art. Такое рамяство мае ў Беларусі даўнія традыцыі. Для народных абрадаў з саломкі майстравалі фігуркі і плялі вянкі на галаву. Дарэчы, вянкі там таксама ёсць, толькі ў сучасным прачытанні - у выглядзе абручоў.
Для тых, хто прыехаў у Гродна на сваім аўто і не баіцца за захаванасць багажу. Шклозавод «Нёман» — гэта найстарэйшы вытворца вырабаў са шкла і крышталю ў Беларусі. На падарункі можна абраць куфлі, графіны, талеркі і шклянкі. Сярод вырабаў «Нёмана» знойдзем і празрыстае, і каляровае шкло, а таксама вітражы.
Набыць шкляны і крыштальны посуд можна ў фірмовых крамах «Нёмана» па вул. Карбышава, 32 і ў ГЗК "Трыніці" на праспекце Янкі Купалы, 87.
Брэнд «Макей» ужо амаль 30 гадоў вырабляе дызайнерскія скураныя сумкі, рамяні, кашалькі і многае іншае. Тут сапраўды ёсць з чаго выбраць. А яшчэ ў «Макей» ёсць фотаальбомы са скуранымі вокладкамі. Калі купіце такі, не забудзьцеся дадаць у яго фота з падарожжа ў Гродна!
Фірмовыя крамы і аддзелы «Макей» можна знайсці ў гандлёвых цэнтрах, а нядаўна, пасля некалькіх гадоў перапынку, зноўку адкрылася іх крама ў самым цэнтры — на Кірава, 8.
Беларусь славіцца сваімі ільнянымі вырабамі, і Гродна не з’яўляецца выключэннем. Ільняныя сурвэткі, абрусы, ручнікі - усё гэта можна знайсці ў фірмовых крамах «Беларускі лён» па адрасах: вуліца Замкавая, 18, вуліца Савецкая, 18, праспект Янкі Купалы, 87 (ГЗК «Трыніці»), вуліца Горкага, 91 (ААТ «Гронітэкс», 2-гі паверх).
Раім браць адзенне — кашулі, штаны, сукенкі. Калі ў крамах нічога не спадабалася, можна звярнуць увагу на прапановы ад @_stroj.
Выдатным рашэннем на лета можа стаць абутак з ільняным верхам. Такі вырабляе Лідская абутковая фабрыка. Цяпер абутак фабрыкі можна набыць праз іх сайт альбо ў фірмовай краме ў Лідзе.
Замежныя госці ахвотна набываюць натуральную касметыку беларускай вытворчасці. Яна вядомая не толькі сваёй якасцю, але і прыемным коштам, а таксама велізарным выбарам. Ёсць шампуні, бальзамы, крэмы для дзяцей і дарослых. З найбольш вядомых брэндаў можна параіць Markell, BelKosmex ці Беліта-Вітэкс. Якасную дэкаратыўную касметыку знойдзем у брэндаў BelorDesign и Relouis.
Чытайце таксама: Гродзенкі расказалі, якой беларускай касметыкай карыстаюцца і чаму
Для фанатаў цвёрдых шампуняў і бальзамаў выдатна падыдзе касметыка @dk_ecocraft. У яе складзе толькі натуральныя кампаненты, такія як экстракт крапівы ці рамонак. А калі шукаеце падарунак з характарам, звярніце ўвагу на цвёрдую парфуму. Знайсці і паслухаць водары можна ў @fantiki_shop па адрасе Савецкая плошча, 2А.
Які беларускі горад можа пахваліцца такім сувенірам, як калода карт, такіх самых, як выпускаліся тут стагоддзе таму? А Гродна можа!
Карты Лапіных — гэта ўнікальная калода, вырабленая па прыкладзе карт, якія вырабляліся на знакамітай гродзенскай фабрыцы Лапіных у 1930-я гады. Такі сувенір ідэальна падыдзе для хатніх калекцый аматарам гісторыі. Каралі ў гэтай калодзе нагадваюць гістарычных персанажаў польска-беларуска-літоўскай гісторыі - Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя.
А калі вы ці вашыя знаёмыя калекцыянуеце ігральныя карты, то абавязкова звярніце ўвагу яшчэ і на калоду «Карты ВКЛ», якую таксама стварылі ў Гродне. Яе можна знайсці ў магазінах OZ.by.
Класічныя сувеніры, якія ніколі не выйдуць з моды. Паштоўкі і малюнкі купіць можна ў кнігарнях. Тут знойдзем і Каложу, і віды на Нёман, і мясцовых коцікаў. А яшчэ звяртайце ўвагу на кнігі пра Гродзеншчыну. Яны вельмі цікавыя!
А калі для вас важна, каб нават магніцік ці паштоўка былі не банальнымі і па-сапраўднаму «гродзенскімі», раім наведаць краму «Цудоўня» на вуліцы Кірава, 3. Там можна знайсці керамічныя магніцікі ў выглядзе будынкаў горада, пра якія ведаюць толькі мясцовыя. Усе магніты зроблены з гліны і распісаны ўручную. А ў краме «Лёля» на вуліцы Савецкай, 1−3 (і ў многіх іншых месцах, нават у вулічнай кавярні «Жоўты») ёсць паштоўкі ад гродзенскай мастачкі Кацярыны Забелінай.
Калі падборкі Hrodna.life вам мала, можна прыйсці ў краму і абраць сувеніры самастойна. Вось спіс крам у Гродне, у якіх заўсёды можна знайсці цікавыя падарункі:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…