У Гродне адкрылася новая прастора — дзіцячая крама «Шустры вожык». Увесь асартымент у ёй — на беларускай мове. Там можна купіць цацкі і адзенне ад беларускіх вытворцаў, кнігі і гульні. Фактычна гэта першая ў Беларусі беларускамоўная дзіцячая кнігарня. Яна размясцілася на Замкавай, 18. Таксама гэта прастора для сустрэч і тэматычных імпрэзаў. Са стваральніцай пагутарыў блог «Суполка».

Абноўлена: з канца снежня 2023 года крама закрыта. Прычыны не паведамляюцца.

«Мая мэта — стварыць прастору, дзе беларускую мову можна чуць, бачыць, слухаць у песнях, набыць у выглядзе рэчаў. Гэта і будзе ствараць атмасферу», — патлумачыла канцэпцыю стваральніца крамы Кацярына Шуст.

Кацярыне 36. Яна нарадзілася ў Магілёве, у 18 гадоў з’ехала вучыцца ў Мінск. Там заставацца не збіралася, але ўвесь час штосьці ўтрымлівала. Аднойчы, прыехаўшы ў Гродна пагуляць з сяброўкай, Каця зразумела, што ёй тут нашмат спакайней і прыемней, чым у Мінску. На стала ў Гродна яна пераехала ў чэрвені 2021 года.

Асартымент крамы "Шустры вожык"
Кнігі ў краме «Шустры вожык». Фота: «Суполка»

Зараз дзеці мала дзе сустракаюць беларускую мову, а ў школах яе выкладаюць кепска і нецікава, мяркуе Каця. «Малыя маюць праблемы з яе вывучэннем і разуменнем». Крама-прастора з’явілася, каб выправіць гэту сітуацыю.

Назва «Шустры вожык» перагукаецца з прозвішчам гаспадыні крамы — Шуст. «Вожыкі - мілыя і забаўныя, здаецца, падабаюцца ўсім дзецям і самі выглядаюць быццам жывыя цацкі. Але яшчэ гэта вельмі беларуская жывёлка, вожыкаў шмат і ў нашых лясах, і нават на вуліцах Гродна мне пастаянна яны трапляюцца. Не хацелася эксплуатаваць іншыя распаўсюджаныя сімвалы кшталту зубра ці бусла, таму вожык», — тлумачыць Каця выбар сімвала.

Крама і прастора для адпачынку ў адным

«Шустры Вожык» месціцца на Замкавай, 18. З 7 красавіка крама працуе ў тэставым рэжыме.

Памяшканне падзелена на дзве асноўныя часткі - краму і вольную прастору для імпрэзаў. З цягам Каця спадзяецца арганізаваць міні-кавярню і дадаць гарачыя напоі. Першы час крама будзе працаваць з 10 да 20 штодзень.

Крама "Шустры вожык"
Інтэр'ер новай крамы. Фота: «Суполка»

Усе тавары — па-беларуску

У «Шустрым вожыку» можна знайсці кнігі, якіх ужо амаль няма ў іншых месцах: «Кусь-Кусяндра» Надзеі Ясмінскай, «Кошык вожыка» Лізы Шмідт, «Снежная сястра» Маі Лундэ. З настольных гульняў - «Таямніцы даўняга скрыпторыя», «Калядны трус», «На злом галавы» і іншыя гульні для вывучэння беларускай мовы.

Там будуць прадавацца дзіцячыя цацкі, адзенне, канструктары, тавары для школы, сямейныя гульні, фотаальбомы. Гэта мусяць быць годныя рэчы, якія нясуць у сабе беларускую мову, перакананая Каця.

Настольныя гульні ў "Шустрым вожыку"
Асартымент крамы «Шустры вожык». Фота: «Суполка»
Цаці для дзяцей у краме "Шустры вожык"
Асартымент крамы. Фота: «Суполка»

Нейкія тавары самі па сабе ўтрымліваюць шмат тэксту — кнігі, настольныя гульні. Новая прастора стала, фактычна, першай у краіне дзіцячай кнігарняй з кнігамі выключна на беларускай мове. Некаторыя рэчы ў краме могуць мець па-беларуску некалькі словаў - адзенне з прынтом ці вышыўкай, магніцік ці значок. А недзе беларуская мова толькі на пакунку, але і гэта ўжо вялікае дасягненне для нашай краіны, бо мала вытворцаў на такое згодныя, звяртае ўвагу Каця. З часам яна хоча самастойна распрацоўваць і ствараць па-беларуску тое, чаго не хапае.

Інтэр'ер з адсылкамі ў прыроду

Інтэр'ер крамы перагукаецца з назвай. Там ёсць адсылкі да жывой прыроды, лесу. Замест столі - неба з самаробнымі аблокамі.

Прастора будзе не толькі прапаноўваць беларускую мову на таварах, але і размаўляць на ёй. У інтэр'еры Каця плануе выкарыстаць вядомыя вершы, выслоўі, цытаты па-беларуску.

Інтэр'ер крамы "Шустры вожык"
Інтэр'ер крамы. Фота: «Суполка»

Мінімум забарон, каб адчуваць сябе годна

Бацькі маленькіх дзяцей змогуць зайсці, каб пакарміць і пераапрануць дзіця ў час шпацыру ў горадзе. З досведу сяброў Каця ведае, што такіх месцаў вельмі не стае. Для дарослых і маленькіх у новай прасторы будзе мінімум забарон. «Нам не хапае месцаў, дзе можна адчуваць сябе годна і свабодна», — лічыць уласніца.

Якія імпрэзы чакаюць у новай прасторы

У «Шустры вожык» можна прыйсці і проста пабавіць час. У планах гаспадыні - выставы, кніжныя клубы, дыскусійныя сустрэчы, публічныя лекцыі, майстар-класы, гульнятэкі, кінапрагляды.

«Людзі вельмі любяць збірацца і праводзіць разам час за цікавымі заняткамі. Можа, мы нарэшце аправіліся ад каранавіруса і зноў захацелі шмат афлайну. Гэта ўсё ладзіцца, але пра канкурэнцыю тут і не вядзецца — добрых пляцовак сёння ў Гродне нават не хапае», — мяркуе гаспадыня прасторы.

Гульня "Батлейка"
Асартымент крамы. Фота: «Суполка»

У прыярытэце — мерапрыемствы на беларускай мове, дзіцячыя і сямейныя імпрэзы, але жорсткіх абмежаванняў няма. Вітаецца ўсё, што будзе цікавым, натхняльным і стваральным, кажа Каця.

Без каманды, але з сябрамі

Пры стараннай працы і спрыяльных умовах Кацярына мяркуе акупіць укладанні ў краму за некалькіх месяцаў. У сённяшніх умовах пралічваць нешта больш дакладна яна лічыць бессэнсоўным: «Шмат добрых бізнес-планаў, напрыклад, зруйнаваліся ў адзін момант — у дзень з’яўлення пастановы 713 аб рэгулёўцы коштаў на шматлікія тавары. А колькі зруйнаваў у свой час кавід…». Дзяўчына гатовая і да бізнес-паразаў: «Нічога страшнага ў гэтым не бачу, гэта проста жыццё, заўжды можа што-небудзь не атрымацца».

Каб адкрыць краму, Каця скарысталася дзяржаўнай субсідыяй для ІП. Зараз такая субсідыя складае 3756,28 рублёў ($ 1272). Сярод умоваў - заяўнік мусіць быць зарэгістраваны як беспрацоўны. Пакуль яна праходзіла адмысловыя курсы ў Цэнтры занятасці, пісала бізнес-план пасля іх і чакала рашэння, удвая большую суму для праекта перадалі сябры: нешта ў пазыку, нешта як ахвяраванні.

Сябры дапамагалі і рукамі, і транспартам, і карыснымі парадамі, кантактамі, а галоўнае — маральна. Сталай каманды ў Каці няма, усе асноўныя пытанні яна вырашае самастойна.

Трэба рабіць нешта, пакуль гэта магчыма

За апошнія пяць гадоў Каці давялося некалькі разоў мяняць працу: то праз закрыццё арганізацыі, то праз пераезд, недзе не вельмі падабалася, недзе разышліся ў поглядах з кіраўніком.

«Калі я чарговы раз сутыкнулася з пошукам новай працы, зразумела, што ідэальнага для сябе месца проста не знайду, што вельмі стомленая ад шматлікіх расчараванняў».

"Шустры вожык"
Уваход у краму. Фота: «Суполка»

Яна вырашыла паспрабаваць стварыць штосьці паводле ўласных уяўленняў пра тое, «як мусіць быць, каб было добра». Сілы надало разуменне, што ў падобнай беларускамоўнай прасторы для дзетак сапраўды ёсць патрэба. Неабходны досвед накапіўся за час працы ў розных крамах, прыватных установах. Каця вырашыла, што прыйшоў час яго выкарыстаць.

«Умовы [для бізнесу] могуць штодня стаць яшчэ больш неспрыяльнымі, так што акурат мае сэнс рабіць, пакуль гэта цалкам магчыма».

У сакавіку Кацярына Шуст адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».