Людзі і справы

Праверылі, наколькі турыстычны Гродна даступны для людзей з інваліднасцю

У Гродне прайшла экскурсія для людзей з інваліднасцю і не толькі. На шпацыр па галоўных турыстычных аб’ектах горада прыйшло 16 чалавек, з іх чатыры — з рознай ступенню інваліднасці. Дык ці могуць людзі на вазку камфортна наведаць славутасці Гродна?

Экскурсію арганізавала валанцёрская група «Крок насустрач», задача якой — сацыялізаваць людзей з інваліднасцю і без інваліднасці.

— Наша задумка ў тым, каб мы не проста прайшліся па горадзе, а звярнулі ўвагу на тое, наколькі асноўныя турыстычныя месцы даступныя для людзей з фізічнымі абмежаваннямі. І яшчэ навучыліся ўзаемадзейнічаць, таму што мэта нашай групы ў тым ліку — даць магчымасць людзям з інваліднасцю і без больш даведвацца адзін пра аднаго і добра бавіць час, — кажа перад экскурсіяй Ганна Яшына, кіраўніца групы.

Экскурсію правёў Віктар Кірэеў. З ім група наведала галоўныя турыстычныя аб’екты: сінагогу, Стары і Новы замкі, былое яўрэйскае гета, славутасці на вуліцы Савецкай і Ажэшкі.

Галоўныя славутасці непрыстасаваныя для вазочнікаў

Ужо ў самым пачатку аказалася, што ў Каложскую царкву не атрымаецца патрапіць. Людзі без фізічных абмежаванняў могуць дайсці, а на інвалідных калясках прыйдзецца рабіць вялікае кола, нявыгаднае па часе. Стары і Новы замкі таксама непрыстасаваныя для людзей з інваліднасцю. Але плануецца, што пасля рэстаўрацыі Стары замак абсталююць пандусамі і спецыяльнымі прыстасаваннямі. А там, кажа экскурсавод, у планах рэканструкцыя Новага замка — і яго таксама уладкуюць для наведвання людзьмі з інваліднасцю.

Затое людзі з інваліднасцю могуць наведаць Фарны касцёл — там ёсць асобны зручны ўваход. Праўда, ён не заўсёды адкрыты. Трэба прасіць, каб яго адкрылі.

Прыступкі, бардзюры, незакрытыя ліўнёўкі і адсутнасць пандусаў

Віктар Кірэеў кажа, што за 20 гадоў працы ён упершыню праводзіць экскурсію для людзей на вазках. Раней даводзілася толькі тры разы весці экскурсіі для глухіх, адзін раз — для людзей з аслабленым зрокам. Ён лічыць, што ў перспектыве абсталяванне даступнага асяроддзя прыцягне турыстаў з інвалідасцю ў горад. У тым ліку, з-за мяжы. «У Еўропе, у Польшчы, людзей на вазках больш — але гэта ж не значыць, што там людзей з інваліднасцю больш. Проста яны больш прадстаўлены», — кажа экскурсавод.

— Калі глядзець па тых месцах, дзе мы былі, то там практычна нічога даступнага не было. Цэрквы і касцёлы даступныя — але мы так і думалі. Мне быў цікавы факт, што пасля рэканструкцыі Стары замак адпаведна абсталююць. Важна падобнымі мерапрыемствамі звярнуць увагу на тое, што шмат месцаў недаступных, а людзі ўсё адно хочуць іх наведаць. Магчыма, хтосьці прачытае, паглядзіць — і потым стане больш даступных месцаў, — кажа Ганна Яшына.

Праблемамі ўдзельнікі экскурсіі называюць прыступкі, высокія бардзюры і адсутнасць пандусаў. Бываюць яшчэ «няправільныя» пандусы з надта высокім вуглом уздыму, але іх падчас экскурсіі не заўважылі. Праблемныя і незакрытыя ліўнёўкі. Маленькія колы інваліднага вазка трапляюць туды і чалавек з інваліднасцю рызыкуе выпасці.

Арганізатараў экскурсіі палохалі, што наўрад ці турфірмы захочуць супрацоўнічаць з людзьмі з інваліднасцю і ім прыйдзецца самім распрацоўваць экскурсію. Могуць быць праблемы з тым, што ў звычайных турфірмах не хочуць страхаваць людзей з інваліднасцю. Але знайсці экскурсавода атрымалася з першай спробы.

Экскурсія 1 снежня — першае мерапрыемства ў рамках праекта «Пайшлі-Паехалі». Праект накіраваны на тое, каб дапамагчы людзям з інваліднасцю падарожнічаць. «Пайшлі-Паехалі» — гэта сумесныя турыстычныя паходы, экскурсіі, паездкі і падарожжы.


В Гродно хотят помочь путешествовать людям с инвалидностью


— Мы пастаянна сутыкаемся з тым, што людзі з інваліднасцю ў прынцыпе мала чаго хочуць. Але менавіта экскурсіі і вандроўкі карыстаюцца большай папулярнасцю. У нас сёння было больш людзей з інваліднасцю, чым звычайна бывае. Калі я распавядаю пра праект людзям, многія кажуць, што «ідэя добрая, таму што мне складана кудысьці выехаць з-за інваліднасці», хаця ў прынцыпе гэта людзі адаптаваныя — і працуюць, і вучацца. Гэта адна з нешматлікіх ідэяў, на якую ёсць рэакцыя і водгук, — кажа Ганна.


Тут вы можаце падтрымаць грашыма адно з падарожжаў валанцёрскай групы. Сума невялікая і кожны рубель дапаможа яе сабраць.


Напрацаваны вопыт плануецца адаптаваць для замежных турыстаў.

— Я яшчэ пасмяялася з гэтай нагоды: які чалавек з інваліднасцю з Еўропы, які прывык жыць і ездзіць больш камфортна, які «самазабойца» паедзе ў Беларусь? А калі асяроддзе будзе адаптавацца, то людзей з Еўропы, якія жадаюць прыязджаць сюды, будзе больш, — кажа Ганна.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025