У Гродне прайшла экскурсія для людзей з інваліднасцю і не толькі. На шпацыр па галоўных турыстычных аб’ектах горада прыйшло 16 чалавек, з іх чатыры – з рознай ступенню інваліднасці. Дык ці могуць людзі на вазку камфортна наведаць славутасці Гродна?
Экскурсію арганізавала валанцёрская група “Крок насустрач”, задача якой – сацыялізаваць людзей з інваліднасцю і без інваліднасці.
– Наша задумка ў тым, каб мы не проста прайшліся па горадзе, а звярнулі ўвагу на тое, наколькі асноўныя турыстычныя месцы даступныя для людзей з фізічнымі абмежаваннямі. І яшчэ навучыліся ўзаемадзейнічаць, таму што мэта нашай групы ў тым ліку – даць магчымасць людзям з інваліднасцю і без больш даведвацца адзін пра аднаго і добра бавіць час, – кажа перад экскурсіяй Ганна Яшына, кіраўніца групы.
Экскурсію правёў Віктар Кірэеў. З ім група наведала галоўныя турыстычныя аб’екты: сінагогу, Стары і Новы замкі, былое яўрэйскае гета, славутасці на вуліцы Савецкай і Ажэшкі.
Галоўныя славутасці непрыстасаваныя для вазочнікаў
Ужо ў самым пачатку аказалася, што ў Каложскую царкву не атрымаецца патрапіць. Людзі без фізічных абмежаванняў могуць дайсці, а на інвалідных калясках прыйдзецца рабіць вялікае кола, нявыгаднае па часе. Стары і Новы замкі таксама непрыстасаваныя для людзей з інваліднасцю. Але плануецца, што пасля рэстаўрацыі Стары замак абсталююць пандусамі і спецыяльнымі прыстасаваннямі. А там, кажа экскурсавод, у планах рэканструкцыя Новага замка – і яго таксама уладкуюць для наведвання людзьмі з інваліднасцю.
Затое людзі з інваліднасцю могуць наведаць Фарны касцёл – там ёсць асобны зручны ўваход. Праўда, ён не заўсёды адкрыты. Трэба прасіць, каб яго адкрылі.
Прыступкі, бардзюры, незакрытыя ліўнёўкі і адсутнасць пандусаў
Віктар Кірэеў кажа, што за 20 гадоў працы ён упершыню праводзіць экскурсію для людзей на вазках. Раней даводзілася толькі тры разы весці экскурсіі для глухіх, адзін раз – для людзей з аслабленым зрокам. Ён лічыць, што ў перспектыве абсталяванне даступнага асяроддзя прыцягне турыстаў з інвалідасцю ў горад. У тым ліку, з-за мяжы. “У Еўропе, у Польшчы, людзей на вазках больш – але гэта ж не значыць, што там людзей з інваліднасцю больш. Проста яны больш прадстаўлены”, – кажа экскурсавод.
– Калі глядзець па тых месцах, дзе мы былі, то там практычна нічога даступнага не было. Цэрквы і касцёлы даступныя – але мы так і думалі. Мне быў цікавы факт, што пасля рэканструкцыі Стары замак адпаведна абсталююць. Важна падобнымі мерапрыемствамі звярнуць увагу на тое, што шмат месцаў недаступных, а людзі ўсё адно хочуць іх наведаць. Магчыма, хтосьці прачытае, паглядзіць – і потым стане больш даступных месцаў, – кажа Ганна Яшына.
Праблемамі ўдзельнікі экскурсіі называюць прыступкі, высокія бардзюры і адсутнасць пандусаў. Бываюць яшчэ “няправільныя” пандусы з надта высокім вуглом уздыму, але іх падчас экскурсіі не заўважылі. Праблемныя і незакрытыя ліўнёўкі. Маленькія колы інваліднага вазка трапляюць туды і чалавек з інваліднасцю рызыкуе выпасці.

Арганізатараў экскурсіі палохалі, што наўрад ці турфірмы захочуць супрацоўнічаць з людзьмі з інваліднасцю і ім прыйдзецца самім распрацоўваць экскурсію. Могуць быць праблемы з тым, што ў звычайных турфірмах не хочуць страхаваць людзей з інваліднасцю. Але знайсці экскурсавода атрымалася з першай спробы.
Экскурсія 1 снежня – першае мерапрыемства ў рамках праекта “Пайшлі-Паехалі”. Праект накіраваны на тое, каб дапамагчы людзям з інваліднасцю падарожнічаць. “Пайшлі-Паехалі” – гэта сумесныя турыстычныя паходы, экскурсіі, паездкі і падарожжы.
В Гродно хотят помочь путешествовать людям с инвалидностью
– Мы пастаянна сутыкаемся з тым, што людзі з інваліднасцю ў прынцыпе мала чаго хочуць. Але менавіта экскурсіі і вандроўкі карыстаюцца большай папулярнасцю. У нас сёння было больш людзей з інваліднасцю, чым звычайна бывае. Калі я распавядаю пра праект людзям, многія кажуць, што “ідэя добрая, таму што мне складана кудысьці выехаць з-за інваліднасці”, хаця ў прынцыпе гэта людзі адаптаваныя – і працуюць, і вучацца. Гэта адна з нешматлікіх ідэяў, на якую ёсць рэакцыя і водгук, – кажа Ганна.
Тут вы можаце падтрымаць грашыма адно з падарожжаў валанцёрскай групы. Сума невялікая і кожны рубель дапаможа яе сабраць.
Напрацаваны вопыт плануецца адаптаваць для замежных турыстаў.
– Я яшчэ пасмяялася з гэтай нагоды: які чалавек з інваліднасцю з Еўропы, які прывык жыць і ездзіць больш камфортна, які “самазабойца” паедзе ў Беларусь? А калі асяроддзе будзе адаптавацца, то людзей з Еўропы, якія жадаюць прыязджаць сюды, будзе больш, – кажа Ганна.









