Спадчына

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты «Echa Grodzieńskie» — гэтым разам за тыдзень ад 6 да 12 траўня 1924.

Перадрукоўваем іх, суправаджаючы невялікім каментарыем, які дазволіць лепш зразумець сэнс падзей.

6 траўня 1924 года ў Мордхеля Вябліскага з вуліцы Брыгідскай, 34 скрадзеныя з паддашша рэчы коштам 70 млн марак. Злачынства здзейсніў Уладыслаў Дабравольскі, які дастаўлены ў акружны суд.

8 траўня: імяніны прэзідэнта — нагода для штрафаў?

8 траўня ў Фарным касцёле ў 10 гадзін прайшло ўрачыстае набажэнства ў сувязі з імянінамі прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі, судовых і гарадскіх уладаў, пачатковых школ ды вялікай колькасці гараджан. У 11 гадзін у гарнізонным касцёле з удзелам афіцэраў мясцовага гарнізону на чале з камандуючым корпусам акругі было арганізавана другое набажэнства. Акрамя таго, набажэнствы прайшлі ў храмах усіх канфесій, у сувязі з чым крамы зачыняліся, а дамы ўпрыгожваліся сцягамі. Урачыстасці гэтага дня могуць быць невычэрпнай тэмай для каментароў і абмеркаванняў. Няўжо нельга было замест двух набажэнстваў, арганізаваць адно супольнае? Калі мы будзем ладзіць святы, падобныя да апошняга, то лепш не ладзіць іх увогуле.

Паліцыя пакарала аднаго з уладальнікаў дому па вуліцы Пілсудскай за адсутнасць сцяга на будынку ў дзень імянінаў прэзідэнта Вайцяхоўскага, як таго вымагае інструкцыя. Аднак у гэты дзень сцягоў не было ні на Працоўным клубе па той жа вуліцы Пілсудскага, 17, ні на вуліцы Зялёнай, 4, ні на яшчэ шматлікіх дамах гараджан. Таму цікава высветліць, ці аднолькавыя інструкцыі ўжываюцца ў адносінах да ўсіх гараджан, або яны не прымяняюцца ў адносінах да тых, у кім паліцыя не сумняецца, што яны грамадзяне-патрыёты.

Фарны касцёл у тэксце — гэта сённяшні Фарны, а гарнізонным называлі тады Фару Вітаўта, знесеную пазней у 1961 годзе. Даволі забаўна назіраць, як прэса, спрабуючы быць крытычнай у адносінах да мясцовых чыноўнікаў, знаходзіць хібы нават у тым, як былі арганізаваныя святкаванні.

Цікава, што імяніны прэзідэнта — здавалася б прыватнае свята гэтага канкрэтнага чалавека — адзначаліся больш-менш заўважна. Патлумачыць гэта можна тым, што святы Станіслаў лічыцца адным з заступнікаў Польшчы, таму дзень святога Станіслава адзначалі б неяк, нават калі б прэзідэнта звалі інакш. Штрафы за сцягі - адсутнасць, наяўнасць, няправільныя сцягі і г. д., а таксама тое, што паліцыя дзяліла людзей на «патрыётаў» і «непатрыётаў» — робяць гэтую навіну яшчэ больш зразумелай гродзенцам сённяшнім.

9 траўня: суд заняўся марадзёрствам чатырохгадовай даўніны

9 траўня следчы суддзя Б. Талучко паведаміў: у канцы верасня 1920 года ў хуткім часе пасля ўступлення польскіх войскаў у Гродна, былым радавым Станіславам Прыходскім пры аглядзе памяшканняў, а таксама жыдоўскіх магазінаў, у невядомых уладальнікаў былі скрадзеныя: залаты гадзіннік, чатыры пярсцёнкі, два відэльцы, адна лыжка, адзін абрус, адна муфта, адно люстэрка, дзве сукенкі, дамская кашуля і навалка. На прадмесці тым жа Прыходскім разам з некалькімі іншымі жаўнерамі былі абрабаваныя невядомыя габрэі, у якіх скралі пару коней з возам. Гараджане, у якіх былі скрадзеныя названыя рэчы, могуць звярнуцца ў канцылярыю следчага суддзі 2-га рэвіру Гродзенскага павета (будынак Староства, у падворку).

9 траўня ў Францішка Карасінскага з вёскі Загараны ў Гродне быў скрадзены партфель з грашыма і дакументамі. Злачынцы невядомыя.

Відаць, і тады чыноўнікі працавалі не вельмі хутка, бо ад здарэння мінулі чатыры гады. Справа ў тым, што ў 1919−1920 гадах Гродна не раз пераходзіла з рук у рукі. У пачатку 1919 тут яшчэ наогул стаялі немцы, хоць Першая сусветная ўжо скончылася. У ходзе польска-бальшавіцкай вайны 1919−1921 гадоў горад займалі спачатку палякі, потым бальшавікі, потым зноў палякі. Канчаткова горад апынуўся пад польскім кантролем акурат у канцы верасня 1920, у межах так званай Нёманскай бітвы або Нёманскай аперацыі.

10 траўня: барацьба са спекуляцыяй і ростам цэн (не надта ўдалая)

10 траўня ізноў уздымае галаву ганебная гідра спекуляцыі. Цана малака паднялася да 700 000 марак за літр, а нашая Таварыства па барацьбе з падвышэннем цэн, як і паліцыя, спасылаецца, што не з’яўляецца належным чынам паінфармаванай аб тым, што вяскоўцы нахабна дыктуюць свае празмерна высокія цэны без малейшага на тое супраціву.

10 траўня ў Вільню быў пераведзены вядомы ў шырокіх колах нашага горада Стэфан Свесцяк, іпатэчны пісарчук пры мясцовым земскім судзе. З гэтай нагоды ў яго доме сабралася група прадстаўнікоў кіраўніцтва горада ў больш чым 20 чалавек. М. Качмарык развітаўся са Свесцяком падчас урачыстага банкету, выказваючы ў цёплых тостах цёплыя словы, якія Свесцяк здолеў заслужыць праз супрацоўніцтва і суіснаванне ў сяброўскіх адносінах з многімі гродзенцамі, але таксама і праз грамадскае жыццё, якое ён каардынаваў. Прыём працягваўся да позняга вечару.

1923−1924 гады былі часам шалёнай гіперінфляцыі ў Польшчы. Яна была тады найбольшай за апошнія 100 гадоў - у 1923 склала 5601%, а ў 1924 — 3580,1%. Не дзіўна, што пастаянны рост цэн хваляваў усіх у краіне. Тагачасная валюта — польская марка — губляла вартасць літаральна кожную хвіліну! Менавіта таму ў канцы красавіка 1924 года ў межах рэформы, якую праводзіў прэм’ер-міністр Уладзіслаў Грабскі, замянілі польскую марку на польскі злоты. Але яшчэ некалькі месяцаў абедзве валюты выкарыстоўваліся паралельна. Рэформа была паспяховая і ўжо ў 1925 інфляцыя знізілася да 16,1%.

Другая нататка — пра развітанне з чыноўнікам, якога перавялі працаваць у Вільню — таксама цікавая. Прынамсі нам яна вельмі нагадвае мову сучасных беларускіх газет-раёнак. Сказы на чатыры радкі, абавязковае ўхваленне і шмат эпітэтаў - ну чым не сучасная газета «Перспектыва»?

11 траўня: знакаміты прафесар уразіў гродзенцаў

11 траўня ў Гродне прайшла другая лекцыя Агульнага ўніверсітэта. Прафесар Ф. Канечны прачытаў лекцыю на тэму «Ці існавала асобная польская культура» ў 17 гадзін у зале Дома падафіцэра на вуліцы Сапернай. Білеты можна было набыць у гімназіі А. Міцкевіча па цане 5 злотых з вучняў і 2 злотыя з вайскоўцаў, а ў дзень лекцыі цэны знізіліся да 1,5 злотых для ўсіх жадаючых і 50 грошаў для вучняў.

Лекцыя сабрала вялікую колькасць слухачоў з ліку гарадской інтэлігенцыі і школьнай моладзі. Наведвальнікі выходзілі пад уражаннем і здзіўленыя ашаламляльнай глыбінёй зместу выступу і незвычайнымі адкрыццямі, якія зрабіў прафесар Канечны. У сувязі з вялікай цікавасцю, прафесар застаўся ў Гродне, каб на наступны дзень двойчы паўтарыць сваю лекцыю для школьнікаў абодвух палоў.

11 траўня ў Шымона Ралфорта з вуліцы Курган, 6 скрадзеныя рэчы і дакументы на 800 млн марак.

Нефармальныя адукацыйныя пляцоўкі, кшталту народных універсітэтаў, адкрытыя лекцыі і сустрэчы былі сапраўдны папулярныя ў той час. Кракаўскі прафесар, гісторык і публіцыст Фелікс Канечны акурат у 1919−1929 гадах жыў і выкладаў у Вільні, таму да Гродна яму было недалёка ехаць (вядома, што ён прыязджаў з лекцыямі не раз і пазней). Канечны развіваў уласную тэорыі цывілізацыі, займаўся філасофіяй гісторыі - не дзіўна, што ён мог захапіць аўдыторыю сваімі разважаннямі.

12 траўня: новы сквер, пашырэнне могілак, зрыў канцэрта

12 траўня. Праект сквера па вуліцы Ліпавай для ўпрыгажэння прадмесця і дзеля выгоды і здароўя гродзенцаў уваходзіць у жыццё дзякуючы апецы дарадцы Панасюка, які, як жыхар прадмесця, мае ў гэтым пытанні выключныя заслугі, як і ў клопаце над культурным і эстэтычным выглядам часткі горада, што аднаўляецца з ваенных руіна.

12 траўня жыхары вуліцы Грандзіцкай і ўладальнікі дамоў на тэрыторыі будучага саду, які мусіць паўстаць на тэрыторыі Станіславова, моцна занепакоеныя намерам пашырэння размешчаных там могілак па вуліцы Грандзіцкай. У сувязі з гэтым гараджане маюць намер падаць пратэст у адпаведныя органы.

12 траўня ў Гродна пачалі прыбываць падвозы дошак, бярвенняў ды іншыя будаўнічыя матэрыялы, напілаваныя на Сабалянскай лесапілцы, вырабленыя з тавару, пасечанага на лясных надзелах і закупленыя Магістратам для аднаўлення яго будынку. Сваёй якасцю і памерам будматэрыялы могуць выклікаць зайздрасць, асабліва сталярныя дошкі вялікай шырыні і без найменшых шчылін.

12 траўня ў Гродне павінен быў адбыцца канцэрт опернага спевака Ігнацыя Дыгаса з «найпрыгажэйшым рэпертуарам песні, у якіх сваім металёва-аксамітным голасам, павінен чараваць слухачоў». Аднак мерапрыемства не адбылося, у сувязі з чым у горадзе пайшлі плёткі пра прычыну зрыву канцэрту. Абвінавачванне пала на дырэктара тэатру Скомпскага, аднак самыя арганізатары патлумачылі, што дырэктар як раз усімі сіламі намагаўся дапамагчы ў правядзенні канцэрту і нават выставіў мінімальны кошт за арэнду залы. Таму прычыну адмену канцэрту Дыгаса варта шукаць не ў Гродне, а ў Варшаве.

У Станіслава Тубурскага з Ганчарнай, 7 была скрадзена бялізна і вопратка на 800 млн марак. Злачынцы невядомыя.

12−15 траўня ў Гродне адбываўся набор рабочых для сельскагаспадарчых працаў у Францыі. Працоўныя абодвух палоў павінны былі мець пры сабе пашпарт з фотаздымкам (мужчыны — толькі да 28 гадоў). Рэкрутацыя ладзілася ў Французскай місіі на плошчы Баторыя, 1 з 9 гадзін раніцы.

Міхала Панасюка, пра якога гаворка ў першай нататцы, называлі часам нават «прэзідэнтам прадмесця» — настолькі істотнай была яго роля ў развіцці гэтага раёна — занёманскага фарштата. Ён сам там жыў і адтуль вылучаўся ў гарадскую Раду.

Будынак Магістрата — гэта ўжо вядомы нам з ранейшых выпускаў будынак на сённяшняй Савецкай, 8.

Браніслаў Скомпскі, які на момант напісання нататкі быў дырэктарам тэатра, заслужыў сабе ў міжваенным Гродне неадназначную рэпутацыю. Ён намагаўся ўтрымаць тэатр на плыву, запрашаў у трупу акцёраў з тэатраў Любліна, Варшавы і Познані, але ў выніку прывёў да вялікіх фінансавых страт (сябра гарадскога савета Памеранц на адным з пасяджэнняў казаў, што дырэктар Скомпскі «у пытаннях дэфіцыту пабіў усе рэкорды»), уступіў у канфлікт з камандай тэатра і быў адхілены ад кіравання.

Апошняя нататка добра паказвае, як цягам стагоддзяў можа няшмат змяняцца для звычайных людзей. Зараз, канешне, на заробкі на Захад не набіраюць рабочы прама ў цэнтры горада (плошча Баторыя — сённяшняя плошча Савецкая), але плынь гродзенцаў, якія шукаюць лепшай долі ці хаця б часовай працы за мяжой, і сёння немалая.

Чытайце таксама:

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024