Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета «Echo Grodzieńskie» ў 1924 годзе. Гэтым разам выбралі газетныя нататкі за тыдзень ад 29 красавіка да 5 траўня.

Перадрукоўваем іх, суправаджаючы невялікім каментарыем, які дазволіць лепш зразумець сэнс.

29 красавіка: нелегальны гандаль на Ліпавай

29 красавіка 1924 года на вуліцы Ліпавай быў выкрыты патаемны продаж алкаголю, сахарыны і папяросаў праз Любу Капельман, якая пражывае там жа.

29 красавіка быў здзейснены крадзеж у Шмуэля Кушнерскага. Затрыманыя дызэртыр Станіслаў Манцэвіч, які дастаўлены ў мясцовую жандармерыю, і жыхарка Гродна Чэрна Марголіс.

Вуліцай Ліпавай у міжваенны час называлася сённяшняя вуліца Гарнавых. На ёй сапраўды расло нямала ліп. А розныя крымінальныя гісторыі, калі верыць газеце, былі стагоддзе таму звычайным элементам гарадской штодзённасці.

30 красавіка: суд за ўдар на сцэне тэатра

30 красавіка ў гродзенскім акружным судзе разглядалася справа артыста гродзенскага тэатра Юрашака за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў артысту Майхжыцкаму. Выпадак здарыўся падчас прадстаўлення ў гарадскім тэатры.

Абвінавачванне казала, што падчас п’есы Юрашак настолькі моцна ўдарыў Майхжыцкага, што гэта прывяло да хірургічнай аперацыі і патрабуе доўгага лекавання.

Абвінавачаны віну не прызнаў і сцвярджаў, што калі і ўдарыў мацней, чым таго патрабавалася, то зрабіў гэта несвядома.

Падчас следства высветлілася, што на адной з рэпетыцыяў Юрашак выказаўся, што можа ўдарыць Майхжыцкага так моцна, што той запомніць гэта надоўга. Але гэты быў жарт. Прычыны такіх паводзінаў ніхто патлумачыць не можа, тым больш што Юрашак і Майхжыцкі былі сябрамі.

Сведка Дудзінскі, патлумачыў, што Юрашак мог ударыць Майхжыцкага толькі таму, што «Юрашак такі вялікі», г. зн. ён прагнуў паказаць сваё становішча над пацярпелым, ударыўшы толькі таму, што мог сабе гэта дазволіць.

Аднак лекары Шумкоўскі і Сляшынскі дадалі, што тыя праблемы са здароўем, якія былі ў Майхжыцкага, не маглі быць наступствам удару далонню, нават і моцнага. Аднак удар мог паслужыць штуршком да працэсаў, якія ўжо даўно адбываліся ў арганізме Майхжыцкага і факт удару прыспешыў іх з’яўленне. Адначасова гэта пасадзейнічала звароту да лекараў, у іншым выпадку важны час быў бы страчаны і наступствы для жыцця Майхжыцкага былі б яшчэ горшыя.

Пракурор намагаўся кваліфікаваць справу як «збіццё з асаблівай жортскасцю». Але суд не прыняў гэта да ўвагі і Юрашак быў арыштаваны толькі на шэсць месяцаў.

Гродзенская рэклама. Красавік 1924 года
Гродзенская рэклама. Красавік 1924 года

1 траўня: азеляненне праз вырубку дрэваў

1 траўня ў «Echo Grodzieńskie» паскардзіліся супрацоўнікі, якія ствараюць новы сад на Тэатральнай плошчы. Яны паведамілі, што ўлады Гродна загадалі прыбраць старыя дрэвы, а на іх месцы пасадзіць новыя. На зварот да ўладаў па тлумачэнне быў атрыманы наступны адказ:

«Ахвяраю стане адно толькі каштан. Ён стаіць асобна на ходніках, якія вядуць у бок тэатру і пашкоджаны падчас пажару былога губернатарскага палаца, а таксама некалькі зусім сохлых дрэваў. Клопат жа пра тое, каб пакінуць старыя дрэвы, даходзіць да таго, што, напрыклад, вялізную паўсухую таполю не прыбяруць, а ссякуць толькі верхнюю яе частку».

Таму ніякага акту вандалізму з боку гарадскіх уладаў і падстаў для трывогі няма.

Як бачым, гродзенцы абураліся вырубцы дрэваў і 100 гадоў таму. Гэта сапраўды балючая для многіх гараджан тэма, улічваючы, як за апошнія 20 гадоў зменшылася колькасць дрэваў у Гродне.

Плошча Тэатральная, пра якую ідзе гаворка ў гэтай нататцы, гэта сённяшняя плошча Тызенгаўза. А дакладней яе частка, бо спачатку на планах горада пазначалі асобна плошчу Свабоды і плошчу Тэатральную, але ў 1930-я гады гэта ўжо была адна прастора — плошча Тызенгаўза.

Назва «Тэатральная» паходзіла ад гарадскога тэатра — сёння Тэатра лялек — які зусім побач. Былы губернатарскі палац, пра пажар якога пішуць у тэксце, гэта даўнейшы палац Тызенгаўза. Ён згарэў у час першай сусветнай вайны. Зараз на яго месцы — вечны агонь у парку Жылібера.

Ліст з падзякаю гарадзенскаму ўрачу Генрыку Брызману. Аб'ява аб паслугах гэтага лекара была сярод аб'яваў на ілюстрацыі вышэй - там напісана, што Брызман лечыць скураныя і венерычныя хваробы і практыкуе лячэнне кварцавай лямпай. У гэтым лісце ў рэдакцыю за выратаванне жыцця жонкі Брызману дасылае падзяку з Друскенік равін Рубінзон. 1 траўня 1924 года.
Ліст з падзякаю гарадзенскаму ўрачу Генрыку Брызману. Аб’ява аб паслугах гэтага лекара была сярод аб’яваў на ілюстрацыі вышэй — там напісана, што Брызман лечыць скураныя і венерычныя хваробы і практыкуе лячэнне кварцавай лямпай. У гэтым лісце ў рэдакцыю за выратаванне жыцця жонкі Брызману дасылае падзяку з Друскенік равін Рубінзон. 1 траўня 1924 года

2 траўня: судовыя разборкі з Бярозы

2 траўня. У Гродзенскім акружным судзе разглядалася апеляцыя кіраўніцтва мястэчка Бяроза Картузская на рашэнне суддзі Левоня. Яшчэ 2 кастрычніка 1923 года суддзя Левонь, які чатыры гады працаваў у Бярозе Картузскай, вынес прысуд у адносінах да мясцовага старасты Заносінскага і яго намесніка Закгейма — тры месяцы арышту. Падставай для прысуду стала тое, што кіраўніцтва Бярозы Картузскай не вырашае сітуацыю з адсутнасцю святла і ходнікаў у мястэчку. Гродзенскі акружны суд разгледзеў апеляцыю і устрымаўся ад рашэння, перадаўшы яе на разгляд пракурору з акружнога суда ў Гродне з мэтаю больш дасканалага следства і разгляду ў судзе першай інстанцыі.

Бяроза Картузская цяпер называецца проста Бяроза. Гэта горад у Брэсцкай вобласці.

3 траўня: святкаванне Дня канстытуцыі

3 траўня на плошчы Баторыя прайшлі ўрачыстасці з нагоды Дня Канстытуцыі. Першымі ад касцёла і вуліцы Турэмнай занялі месца пачатковыя школы. Супрацьлеглую частку плошчы занялі жаночая гімназія, жаночая семінарыя, жаночае прафесійнае вучылішча. Трэцюю частку плошчы (ад вуліцы Дамініканскай і ратушы) занялі пачатковыя яўрэйскія школы. Яўрэйскія сярэднія школы занялі чацвёртую частку плошчы — ад вуліцы Дамініканскай і ратушы. Мужчынская гімназія, гімназія Польскай мацежы школьнай, мужчынскай гімназіі, гандлёвай школы і рамеснай школы занялі цэнтральную частку на плошчы. Пачатковыя школы з ваколіц Гродна занялі ходнікі з боку гандлёвых шэрагаў ратушы (кіраўнікі - Латошэк і Рэйнгарт). Аб’яднанні і ўстановы занялі частку вуліцы на плошчы Баторыя з боку вуліц Дамініканскай і Турэмнай (кіраўнік — Есьман). Дзяржаўныя ўстановы занялі ходнікі пры скверы ад Фарнага касцёла, а іх кіраўнікі - бліжэй да алтара (кіраўнік — Ф. Кунц). Касцёльныя брацтвы з харугвамі выстраіліся каля алтара з абодвух бакоў. Неарганізаваныя жыхары сталі паміж вуліцамі Турэмнай і Дамініканскай і часткова каля фарнай аптэкі, ходнікамі каля магазіна Левандовіча. Паліцыя заняла выхады на вуліцы Турэмную, Брыгідскую і Маставую. Пажарная ахова заняла выхад на вуліцу Замкавую.

Адбылося ўрачыстае набажэнства, ваенны парад, затым паход на Тэатральную плошчу да помніка Свабоды. На чале — аркестр і ганаровая рота, далей школьнікі, духавенства, прадстаўнікі ўладаў, гараджане. Кіраўнікі працэсіі - Кунц і Рэйнгарт. Кіраўнік мерапрыемства — А. Забакліцкі. На Тэатральнай плошчы прамаўлялі Цытаржынскі і палкоўнік Тартыла.

Некаторыя прозвішчы, што ўзгадваюцца ў гэтай нататцы, былі добра вядомыя гродзенцам у міжваенны час. Напрыклад, Ф.Кунц — верагодна Францішак Кунц, касір гродзенскага магістрата, гаспадар летняга клуба, сябра таварыства «Муза», камітэта адбудовы Фары Вітаўта і камітэта па барацьбе з дарагавізнай. Густаў Рэйнгарт і Чэслаў Есьман былі вядомымі ў Гродне судовымі абаронцамі і адвакатамі, а таксама грамадскімі дзеячамі: першы, відаць, уваходзіў у камітэт па пабудове заапарка, а другі быў членам гарадской рады і нават спрабаваў на выбарах патрапіць у дзяржаўны сейм. Ежы Цытаржынскі быў таксама сябрам гарадской рады, а яшчэ мноства гарадскіх камітэтаў (ад камітэта дачных участкаў да тапанімічнай камісіі) і прасоўваў ідэю адшукаць у горадзе свідравіну, з якой у Першую сусветную немцы здабывалі мінеральную ваду. Арыштаваны ў савецкі час органамі НКУС, ён памёр у турме.

Лагічна, што такія вядомыя ў горадзе людзі выступалі на важным дзяржаўным свяце.

Плошча Баторыя, дзе ўсё адбывалася, сёння мае назву Савецкая. Вуліца Турэмная, якую, дарэчы, на момант публікацыі ў газеце ўжо было афіцыйна вырашана перайменаваць у Златарскую, гэта сёння кавалак вуліцы Калючынскай — ад Савецкай плошчы ўздоўж турэмнай сцяны да паварота на Кірава. Вуліцы Дамініканская і Брыгідская гэта сёння, адпаведна, Савецкая і Маркса. Хіба што толькі вуліца Замкавая не змяніла сваёй назвы за апошнія 100 гадоў.

Магазін Левандовіча, які ўзгадваецца ў тэксце, знаходзіўся на вуглу плошчы і сённяшняй вуліцы Маркса, побач з уваходам у Фарны касцёл.

Апісанне мітынгу, наогул, вельмі нагадвае любыя патрыятычныя афіцыёзныя святы: на плошчы збіраюць школьнікаў і чыноўнікаў, чытаюць пафасныя прамовы, праходзіць ваенны парад. Нам дык чымсьці нагадала цяперашняе 9 траўня… Цікава, 100 гадоў таму таксама на такое свята трэба было заганяць гараджан ці прыходзілі самі?

    Чытайце таксама:

    4 траўня: замест лекцыі ў тэатры гродзенцы выбралі забавы

    4 траўня ў гарадскім тэатры адбылася першая лекцыя публічнага ўніверсітэта прафесара Б. Рыдзэўскага з Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні пад назвай «Пачатак жыцця на зямлі». У гэты дзень Гродна засведчыла «свой вялікі клопат пра развіццё духоўнай культуры»: на лекцыі прысутнічала толькі нешматлікая моладзь, бо ў гэты дзень большасць гродзенцаў былі на забавах, якія ладзіліся на Замку. Лекцыя ж была багата ілюстравана на плёнках выявамі даўно вымерлай флоры і фаўны.

    5 траўня: смерць суддзі і планы на Гараднічанку

    5 траўня ў Вільні падчас адпачынку памёр акружны суддзя Данат Мацулевіч, які быў пераведзены ў Гродна 23 верасня 1923 года.

    Абвестка пра смерць суддзі Даната Мацулевіча ў газете Echo Grodzieńskie
    Абвестка пра смерць суддзі Даната Мацулевіча

    5 траўня прайшло пасяджэнне Таварыства аматараў Гродна. У Магістраце быў распрацаваны план добраўпарадкавання Швейцарскай даліны на гэты год: стварэнне вялікай тэрасы побач з кавярняй з боку сада з выдатным краявідам на горад, пабудова аднаго большага і двух меншых масткоў праз Гараднічанку, упарадкаванне сцежак, а таксама некалькі новых лаваў для зручнасці наведнікаў.