Рэзкае пахаладанне дало гродзенцам шанец успомніць пра сапраўдную зіму. І пакуль адны хаваюцца ад маразоў, іншыя наадватор — спяшаюцца пракаціцца па першым снезе на лыжах ці санках. У пошуках самых марозастойкіх аматараў зімовага адпачынку каляднымі выходнымі 7 студзеня мы выправіліся ў Пышкі.

zimovyi-les-16

Заснежаны лес выглядаў нязвыкла-чароўна, сцежка здароўя аказалася пачышчанай ад снега, а вось накатаная лыжня ўздоўж яе сустракалася толькі дзе-нідзе. Тым цікавей было каціцца на лыжах па свежым снезе. Пасля пары кіламетраў шпацыру ў лесе ўдалося сустрэць дваіх лыжнікаў.

Адзін з іх, Яўген, расказаў, што сёлета на лыжах катаецца ўжо другі раз. Праўда, гэта і другі раз за апошнія 16 гадоў. «Зімы апошнім часам былі такія, што пакатацца на лыжах не паспяваў».

zimovyi-les-27

Другі з сустрэчных аматараў лыжных прабежак, Аляксандр, на шпацыр выйшаў першы раз у гэтым годзе. Кажа, што мароз не такі вялікі - калі рухаешся, то не мерзнеш. А раз ужо пашчасціла дачакацца снегу на выходныя, то варта скарыстацца магчымасцю — раптам назаўтра ўсё растане.

zimovyi-les-12

На ўскрайку леса было намнога больш людна. Горку апанавалі дзеці з санкамі, лядзянкамі і «ватрушкамі». Бацькі некаторых з дзяцей таксама з’язджалі з горкі разам з малымі.

Самай малодшай на спуску была Лера — ёй зараз толькі год і чатыры месяцы. Каталася дзяўчынка ў асноўным на тату, а мама лавіла іх абодвух ўнізе. Па меркаванню яе бацькоў, Наташы і Аляксея, шпацыр у марознае надвор’е нават карысны. А такіх уражанняў як на горцы, больш нідзе не атрымаеш.

zimovyi-les-8