Першыя ўпрыгожанні Маргарыта Барынава зрабіла ў 2014 годзе з кавалка дроту, знойдзенага на сметніку: “Знайшла нейкі кабель ад тэлевізара і вырашыла зрабіць нешта”. Зараз яна робіць не проста “нешта”, а дызайнерскія галаўныя ўборы і маскі. Упрыгожанні ад Маргарыты заказваюць мадэлі для фотасесій і візажысты для конкурсных паказаў.

Пра тое, як хобі стала справай жыцця, чаму не любіць паўлінавыя пёры і пры чым тут чэрап каровы, Маргарыта распавяла Hrodna.life.

Працаваць з шырспажывам не цікава

“Калі ўсё пачыналася, не было магчымасцяў набыць прыгожыя матэрыялы”, – кажа дзяўчына.

Цяпер з гэтым прасцей і Маргарыта “церпіць” толькі ад коштаў на стразы або ад занадта доўгага часу дастаўкі: “Хочацца працаваць з вялікай колькасцю матэрыялу і ўвесь час нешта спрабаваць”.

Большая частка упрыгожанняў Маргарыты існуюць толькі ў адзінкавым варыянце. «Па часе вырабу ўсё залежыць ад матэрыялаў і магчымасцяў. Напрыклад, зялёны з „гусака“, я рабіла два дні, адзін рабіла, другі на сушцы”. Працаваць з шырспажывам ёй не цікава. “Паспрабавала, але больш не хачу. Чым больш [тыпавых вырабаў], тым ніжэйшая якасць. Калі ў мяне ёсць замова, то я “дакалупваюся” да драбнюткіх дэталяў”.

У сталіцы працаваць больш выгадна. Але як можна памяняць Гродна на Мінск?

Часцей за ўсё ўпрыгожанні ад Маргарыты просяць у арэнду для аматарскіх або прафесійных фотасесій. Яшчэ больш – знаёмыя просяць даць пакарыстацца бясплатна. Спачатку яна згаджалася на ўсе прапановы. “Але людзі да гэтага звыклі і сталі сябе дрэнна паводзіць. Маглі паламаць і аддаць”.

Зараз Маргарыта імкнецца больш шанаваць сваю працу. Надзейныя замоўцы, па яе назіраннях, часцей прыходзяць з Мінска і Брэста. Знаёмыя прапаноўвалі дзяўчыне пераехаць у сталіцу, каб было прасцей з арэндай упрыгожанняў. Але Маргарыта кажа, што Мінск не любіць, а Гродна не кіне: “Як можна Гродна на Мінск прамяняць, я не разумею?”.

У Гродне Маргарыта супрацоўнічае з візажысткай Дар’яй Ёдэль. Упрыгожанні з пёраў Дар’я выкарыстала на адным з конкурсных паказаў. 

Чытайце таксама: Звездная визажистка Дарья Иодель: За границей можно заработать больше, но родной Гродно важнее

Крыніцай натхнення для Маргарыты часцей за ўсё становіцца новы матэрыял: “Як толькі бачу, адразу хачу нешта рабіць. Але ніколі не замалёўваю, бо ў галаве бачу, як яно павінна выглядаць. Я больш канструктар і не лічу сябе дызайнерам”.

Майстар, працы якога захапляюць і здзіўляюць дзяўчыну – ірландскі мадэльер-капялюшнік Філіп Трэйсі. Ён працуе з крыламі і пер’ем і робіць галаўныя ўборы для знакамітасцяў. “Вось ад гэтага чалавека я проста вар’яцею. Я натхняюся фактурай. Ён, вядома, бог. Такія капялюшы, галаўныя ўборы, я не ведаю, як гэта можна рабіць”. 

“Птушачак вельмі люблю”

“Я заўсёды любіла жывёл, але любоў да птушак да мяне ўжо потым прыйшла, – кажа яна. – Першы раз, калі ў дзяцінстве залезла на дрэва і ўбачыла лысых птушанят, было цікава за гэтым назіраць. Ва ўсіх птушак розныя яйкі, апярэнне, звычкі. Люблю птушачак, яны вельмі прыгожыя, нават верабей”.

Зараз пёры для Маргарыты – адзін з самых даступных і частых матэрыялаў для ўпрыгожанняў. Сябры дзяўчыны дапамагаюць іх здабываць самымі рознымі спосабамі. Адзін з іх дамовіўся з супрацоўніцай заапарка, каб сабраць пёры і падарыў такі букет Маргарыце на дзень нараджэння. Іншы прапанаваў выбраць падарунак на “Куфары” і Маргарыта знайшла там пёры паўліна.

“Я тады купіла паўлінаў хвост. Самыя прыгожыя гэта вострыя пёры-стрэлы, а не з вочкамі. Іх вельмі мала, бо яны толькі па бакавіне прарастаюць. З таго часу я ненавіджу паўлінавыя пёры, мяне ад іх ванітуе, ужо не ведаю, што з імі рабіць. Не хочацца ж заўсёды рабіць бразільскі карнавал на галаве».

Таксама на “Куфары” Маргарыта купіла два свежыя гусіныя крылы за 14 рублёў. “Мне адказаў мужчына, што можа здабыць столькі крылаў, колькі трэба, у яго пад Гроднам сядзіба, дзе ён вырошчвае гусей. Але я з імі столькі пакутвала! Іх трэба было два месяцы вымочваць. Я чалавек імпульсіўны – максімум тыдзень. Потым псіханула, проста паабдзірала пёры і ўсё”, – распавяла Маргарыта.

Цэлую навалачку пёраў пеўня Маргарыце перадала з вёскі мама калегі. Знойдзеныя каля дачы пёры ястраба прывезла сяброўка. Пёры папугая жако складае ў пакецік яго гаспадыня, знаёмая Маргарыты. Частку экзатычных пёраў дасылае маці, якая цяпер жыве за мяжой.

«Добрых людзей хапае, — кажа Маргарыта, — але ўсё роўна, гэтых пёраў няшмат».

“Знаёмцеся, гэта Маруся”

У пакоі ў Маргарыты на сцяне вісіць сапраўдны чэрап каровы. “Знаёмцеся, гэта Маруся”, – прадстаўляе яго гаспадыня. На гэты чэрап яна апранае маскі і ўпрыгажэнні, з якімі працуе і кажа, што “Маруся ў мяне прыгажуня”. Маргарыта распавяла “страшную і жудасную” гісторыю, як у яе з’явілася Маруся.

"Раблю, што падабаецца". Гродзенка распавяла пра хобі, у якім ёсць месца чэрапу каровы і паўлінаваму хвасту

“Быў дождж, слота, прыехалі ў нейкі калгас без ліхтароў. Нас сустракае цётка і вядзе ў хлеў. Там вісеў ланцуг з гакам, а абяцанай галавы няма”. Выявілася, яе знеслі сабакі і аб’елі шчокі. У такім выглядзе дзяўчаты знайшлі яе недалёка ад фермы. “Мы паклалі галаву ў смеццевы пакет і павезлі дадому”. Маргарыта распавяла, што са словамі: “Знаёмцеся, гэта Маруся” паказала змесціва пакета маці і бабулі. “Маці ледзь прытомнасць не страціла. А бабуля спытала, ці ёсць што для халадца”. 

Раніцай бабуля распавяла, як асвяжаць галаву. “Доўга мардаваліся з Марусяй. Трэба было зняць скуру, выварыць, потым пазбавіцца ад рэшткаў мяса. Мы паставілі яе ў рондалі на балконе і на ёй завяліся апарышы, якія зрабілі ўсю працу ідэальна”, – кажа Маргарыта. Потым дзяўчына зачысціла і пафарбавала чэрап. “Цяпер прыгожа глядзіцца з маімі ўпрыгожваннямі, я ёй хустачкі магу надзець, яна ў мяне прыгожая”.

“Гэта не хобі, гэта ўжо неабходнасць”

“Маці, бабуля, сястра – швачкі. Я ўвесь час глядзела, што яны нешта шыюць, але самой не хацелася. Я пайшла іншым шляхам”.

“Ёсць замова ці няма, я не кіну рабіць упрыгожанні. Буду і далей займацца. Лічу сябе богам пацалаваным мастаком, але пра гэта не кажу. Я звычайны чалавек, які робіць, што яму падабаецца”. 

Дизайнерские головные уборы из перьев от Маргариты Бариновой, Маргарита Баринова
Маргарыта Барынава

Чытайце таксама: