Ужо тры месяцы ў гродзенскім «Байцоўскім клубе» трэніруецца незвычайны баец. Яго завуць Дзяніс і ў яго няма рук. Нягледзячы на гэта, хлопец у свае 26 гадоў рэалізаваў адну з мараў і пачаў хадзіць на секцыю бокса.
Дзяніс патрапіў сюды дзякуючы свайму жаданню і ўпартаму характару. У секцыю яго ўзяў сябар — трэнер Антон Бекіш. Хлопцы пазнаёміліся некалькі гадоў таму, калі абодва працавалі ахоўнікамі ў начным клубе «Alpha Centauri».
«Дзяніс даўно прасіўся ў секцыю бокса, ён хацеў сябе чым-небудзь заняць акрамя працы, яму хацелася руху і актыўнасці. Спачатку мяне яго просьба паставіла ў тупік, бо я трэнер па боксе і там пераважна нагрузка ідзе на рукі. Я спрабаваў яму растлумачыць усё, але супраць яго жадання было цяжка пайсці. І я яго запрасіў у залу», — распавядае Антон.
Дзяніс за тры месяцы паспеў вывучыць некалькі прыёмаў і цяпер удасканальвае навыкі. Спартсмены ставяцца да яго з разуменнем. Ён для іх ужо стаў сваім чалавекам, яны не заўважаюць такога нюансу, як адсутнасць рук. Ён для іх звычайны хлопец.
«Займацца мне падабаецца. Я раней спрабаваў для сябе розныя віды спорту, але займаўся імі нядоўга. Цяпер усё больш сур’ёзна. У „Байцоўскім клубе“ трапілася добрая кампанія, хлопцы дапамагаюць, мне нават зрабілі вольны ўваход. Калі ўсе на трэніроўцы працуюць рукамі, то я больш нагамі - гэта нешта падобнае да тайскага боксу», — распавядае Дзяніс.
Дзянiс прыходзіць у залу і таксама адчувае сябе спартсменам. Мае зносіны з людзьмі, зараджаецца энергіяй у працэсе. На трэніроўцы ён з усімі робіць размінку, потым расцяжку і трэніруе ногі. Антон кажа, што па Дзянісу відаць, як ён задаволены трэніроўкамі і як адказна да ўсяго ставіцца.
«У залу ён прыйшоў і толкам нічога не ўмеў, зараз ужо ў яго і ўдары пачынаюць напрацоўвацца. Але каб нечаму навучыцца, яму трэба шмат працаваць. Цяпер галоўнае, каб Дзяніс адчуў дыстанцыю, у нейкі момант ён зможа абараніцца, адарвацца. Ён нават зможа сябе абараніць, нанесці ўдар. Галоўнае, усё гэта рабіць з розумам», — кажа Антон.
Ці зможа Дзяніс у будучыні ўдзельнічаць у якіх-небудзь спаборніцтвах, казаць трэнер не бярэцца. Уся справа ў тым, што не існуе спаборніцтваў па баявых відах спорту на прафесійным узроўні для інвалідаў. Сам жа хлопец марыць пра спаборнiцтвы.
«Спрабаваць ён можна толькі ў аматарскіх якіх-небудзь спарынгах. А так ніякі доктар яго не дапусціць на спаборніцтвы. Напрыклад, у Паралімпійскіх відах спорту няма агрэсіўных відаў. Мне здаецца, хай ён лепш для сябе ён трэніруецца — здаравей будзе. У нас у прынцыпе ў клубе ўсе так і займаюцца — для сябе, каб лепш сябе адчуваць, каб заўсёды быць у тонусе».
Незвычайныя ў Дзяніса не толькі трэніроўка, але і праца. Ужо некалькі гадоў ён працуе ў ахове. Раней у начным клубе, цяпер у краме.
«Я люблю сваю працу, люблю весці здаровы лад жыцця, падтрымліваць фізічную форму. Акрамя бокса, рэгулярна бегаю. Спорт мне дапамагае жыць, калі б не ён, то было б складана.
Пару разоў даводзілася за сябе пастаяць. Звычайна гэта п’яныя ў клубе спрабавалі „наехаць“. Але хлопцы дапамагалі абараніцца, ды i я ніколі не ўцякаў, бо лічу, што магу за сябе пастаяць».
Галоўны ўдар Дзяніса — нагой, але ён можа ўдарыць і корпусам або галавой.
Жыве Дзяніс з мамай: яна яго ў пяць гадоў усынавіла і з таго часу яны разам. Дапамагаюць адзін аднаму, чым могуць. Ёсць у хлопца сябры, браты і сёстры, гатовыя прыйсці ў любы момант на дапамогу. Але ў дапамозе Дзяніс практычна не мае патрэбы.
«Я прыстасаваўся да жыцця без рук, нават пішу нагамі на звычайнай клавіятуры, мяне гэтаму ў дзіцячым доме навучылі. Я ўсё магу нагамі рабіць. Няма такога, што напрыклад, мне патрэбна дзяўчына, якая будзе за мной даглядаць. Многія не вераць, але я рэальна магу ўсё сам рабіць — у краму хадзіць, і прыбіральняй карыстацца, і нават памыцца і пагаліцца».
Дзянісу 26 гадоў, ён лічыць, што прыйшоў той узрост, калі трэба знаходзіць дзяўчыну для сур’ёзных адносін. Ён марыць пра сям’ю і добрую працу — ахоўваць якую-небудзь знакамітасць.
«Пасля школы я пайшоў працаваць, вучыцца далей не планаваў. Ужо тады я прывык нешта ахоўваць, дзесьці дзяжурыць. Мне гэта падабаецца, гэта маё, бо я пра гэта марыў з дзяцінства. Бывала, казалі, які з цябе ахоўнік, паглядзі на сябе. Але потым тыя людзi прасілі прабачэння.
У жыцці рознае бывае, я нікога не асуджаю. Былі ў мяне дзяўчыны. Але зараз з імі цяжка мець зносіны, яны хочуць шмат чаго. У мяне шмат сябровак і мы разам гуляем, у кіно ходзім. Час iдзе i я хачу знайсцi тую адзіную, якую буду любiць i якая ў будучыні стане маёй жонкай. Дзяцей хачу і працу добрую. Але галоўнае ў гэтым жыццi — сям’я. Жыць трэба дзеля яе, каб пасля цябе засталося нешта добрае — твае нашчадкі».
Дзяніс ездзіў у Мінск на сустрэчу са знакамітым аўстралійскім матывацыйным аратарам Нікам Вуйчычам. Там ён зразумеў, што ў яго становішчы не варта маркоціцца, бо ёсць людзі з больш сур’ёзнымі праблемамі.
«Самае галоўнае, што сказаў Нік — гэта не сумаваць. Мне і мама, і сябры кажуць, каб я быў аптымістам. Я такі, які я ёсць, і трэба жыць з гэтым, не адчайвацца. Кажуць, што я асаблівы. Але я сябе такім не лічу, я такі ж, як і ўсе.
А вось Нік Вуйчыч — у яго наогул ні рук, ні ног, але ён працягвае жыць, і пры гэты здзяйсняе дзіўныя рэчы. I ён ніколі не адчайваецца, заўсёды радуецца. Нягледзячы на цяжкасці, у яго ёсць жонка і дзеці. З яго слоў, нельга ніколі сумаваць, трэба жыць. Менавіта гэтым я і займаюся ўжо з 10 гадоў».
Тэхналогіі не стаяць на месцы. Дзяніс кажа, што надыйдзе час, калі ён набудзе сабе рукі ў выглядзе пратэзаў.
«Цяпер гэтае пытанне вырашаецца, але пакуль дакладна не магу сказаць. Ёсць магчымасць зрабіць спецыяльныя пратэзы, але не ў Беларусі, а ў Германii. Мы з сябрам займаемся гэтым пытаннем, рэгулярна шукаем і вывучаем. Цяпер многія людзі выкарыстоўваюць пратэзы, за мяжой гэта звычайная з’ява. Спадзяюся, такі шанец з’явіцца калі-небудзь і ў мяне».
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …