Бажэне Ярэміч з Гродна 24 гады, а яна ўжо кіруе Нацыянальнай школай прыгажосці, рэдагавала галоўны закон краіны і наведвала трэніроўкі, дзе вайскоўцы насілі шэўроны “Вагнера”. Гісторыю хуткага ўздыму кар’еры гродзенкі апублікавала “Наша Ніва”.

Выдатніца з каталіцкай сям’і
Бажэна нарадзілася ў 1999 годзе ў сям’і рабочых. Маці дзяўчыны, Ірэна, працавала дворнікам, бацька Віктар – станочнік дрэваапрацоўчых станкоў. Вядома, што ў яго была судзімасць за крадзеж. Мужчыну асудзілі на два гады выпраўленчых прац.
Бажэну бацькі выхоўвалі адну да моманту, калі ад запалення лёгкіх памёр яе дзядзька, а яго жонка – ад анкалогіі. Тады бацькі Бажэны ўзялі пляменніцу пад апеку.

Ярэмічы – набожная, каталіцкая сям’я, таму Бажэна з дзяцінства наведвала касцёл. Гродзенскую школу №3 яна скончыла з сярэднім балам 9,5, а юрыдычны факультэт па спецыяльнасці “правазнаўства” ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з чырвоным дыпломам. Пасля гэтага яна паступала ў магістратуру і аспірантуру. Там вывучала гісторыю дзяржавы і права замежных краін, міжнародныя ўзброеныя канфлікты і гуманітарнае права.

Нейкі час Бажэна працавала на юрыдычным факультэце ГрДУ выкладчыкам-стажорам, а таксама юрысконсультам у мэблева-будаўнічай кампаніі “ЗОВ-Профіль”.
Кар’ерны рост пачаўся пасля сустрэчы з Лукашэнкам
Кар’ера Ярэміч пачалася ў 2018 годзе, калі ў Гродна прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. На агульнастудэнцкую сустрэчу з ім запрасілі і Бажэну. Пасля гэтага дзяўчына з’ездзіла на экскурсію ў Палац Незалежнасці і на баль у сталіцу. Сама дзяўчына кажа, што яе сацыяльны ліфт — БРСМ.
У сакавіку 2021 года Лукашэнка ўключыў Ярэміч і яшчэ 35 чалавек у Канстытуцыйную камісію. Яна займалася распрацоўкай змен у Канстытуцыю. Ярэміч павінна была быць “голасам ад моладзі”. Але асноўны напрамак, які дзяўчына прасоўвала ў закон – захаванне гістарычнай памяці і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

У тым жа 2021 годзе Ярэміч прызначылі на пасаду кіраўніцы Нацыянальнай школы прыгажосці. На той момант Ярэміч да сферы прыгажосці мела вельмі ўскоснае дачыненне – удзельнічала ў конкурсах прыгажосці.
У школе прыгажосці Ярэміч адрадзіла конкурс “Міс Мінск”, падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з першым сакратаром Цэнтральнага Камітэта БРСМ Аляксандрам Лук’янавым, пачала ствараць сетку філіялаў школы прыгажосці ў рэгіёнах.
Усіх трымала на дыстанцыі
“Яна хоць і была як бы з усімі, заўсёды ў натоўпе, сапраўдных сяброў у яе нібыта не было. Яна ўсіх трымала на дыстанцыі”, — казалі знаёмыя Ярэміч пра гады яе вучобы. Паводле іх слоў, яна ўдзельнічала ва ўсіх магчымых конкурсах, вяла мерапрыемствы, але блізка да сябе нікога не падпускала.
“У мяне найлепшая сяброўка – гэта мама. Яшчэ ў нашу банду ўваходзяць мая цётка і настаўніца малодшых класаў”, — казала Бажэна ў адным з інтэрв’ю.
Падчас выбараў у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, куды дзяўчына вылучалася ад партыі “Белая Русь”, з перадвыбарчага плаката стала вядома, што яна выхоўвае сына. Раней пра яго існаванне (і існаванне яго бацькі) нідзе не афішавалі.
Мае ўласнага кіроўцу
Калі ў 2020 годзе дзяўчына працавала юрыстам у фірме і атрымоўвала стыпендыю, яе заробак складаў каля $448 у месяц. Калі Ярэміч пераехала ў Мінск, ёй прапанавалі арэнднае жытло і ўласнага кіроўцу. Ён штодзённа возіць Бажэну на працу ў Нацыянальную школу прыгажосці. У сваім працоўным кабінеце дзяўчына паставіла піяніна, на якім яна грае, каб расслабіцца.
Нацыянальная школа прыгажосці пад кіраўніцтвам Ярэміч прывозіла мадэляў на баявыя трэніроўкі па ўжыванні агнястрэльнай зброі. На адным з вайскоўцаў тады заўважылі эмблему расійскай прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер”.
Не бачыць альтэрнатывы Лукашэнку
Ярэміч носіць мерч з цытатамі Лукашэнкі. Дзяўчаты са школы прыгажосці прэзентавалі яго пад назвай “беларускі брэнд” у павільёне Беларусі ў Маскве.

“Я заўсёды падтрымлівала палітыку, што праводзіцца ў нашай краіне, наш прэзідэнт – моцны лідар і альтэрнатывы яму я не бачу. Ён вельмі добра разбіраецца ў шмат якіх сферах і прымае ўзважаныя рашэнні ў любой, нават самай складанай сітуацыі, — казала Ярэміч. — Апазіцыйныя СМІ клічуць нас “ябацькамі…” Так, я нашым прэзідэнтам захапляюся”.
Чытайце таксама: Працуюць з дзецьмі, займаюцца «агульнай гісторыяй», выкрываюць «украінскіх неанацыстаў». Што вядома пра Рускі дом, які адкрыюць у Гродне


