«Хавайся ў бульбу» перастаў быць толькі брутальным байкерскім фэстам. Зараз гэта сямейнае свята, куды можна прыйсці нават з маленькімі дзецьмі. Добра гэта ці дрэнна, але на фестываль прыязджаюць удзельнікі не толькі з Гродна, але і з усіх гарадоў нашай краіны і нават замежжа.

Гэта ўжо чатырнаццаты байк-фестываль у Гродне. Сёлета «Хавайся ў бульбу» перанеслі ў часе і прасторы: фестываль стаў летнім і перабраўся ў «Дом рыбака». Арганізатары пастараліся прывабіць наведвальнікаў дэмакратычнымі коштамі (10 і 15 за першы і другі дзень, 20 — за два дні) і зручным даездам. З горада можна было дабрацца да месца назначэння на «фестывальнай» маршрутцы, якая каштавала 1,5 рублі.

Ці не важнейшая частка фэсту — выступ музычных гуртоў. У першы дзень можна было паслухаць гурты KADUK, Memory, Next, The GoonzZ!, DZIECIUKI і SHTOFF. Здаецца, найбольш чаканымі былі DZIECIUKI. Натоўп скандыраваў назву гурта і двойчы выклікаў на біс. Скончыўся першы дзень фаер-шоу і начной дыскатэкай. Акрамя традыцыйнага распівання пенных напояў, конкурсах і танцаў напаўаголеных жанчын, у фестываль прыўносяць нотку дабрачыннасці. На другі дзень фэсту можна будзе падтрымаць Гродзенскі дзіцячы хоспіс, ахвяраваўшы грошы валанцёрам ці ўдзельнічаючы ў аукцыёне.

На другі дзень па горадзе традыцыйна праедзе мотакалона. Выступяць гурты An Old Towns Dogzz, Вочы, Закон Гука, Pet Nihil, Дай Дорогу, Мастер.