Прысвяціў сваё жыццё барацьбе з вонкавымі ворагамі. Зрабіў Гродна другой сталіцай вялікай дзяржавы. Пашырыў межы дзяржавы да самых буйных у Еўропе. Усё гэта — пра князя Вялікага Княства Літоўскага Вітаўта у новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
1. Зрабіў Гродна другой сталіцай ВКЛ
Гродзенскае княства Вітаўт атрымаў ад свайго бацькі Кейстута ў 1374 годзе. У барацьбе са стрыечным братам Ягайлам за ўладу ў ВКЛ, гродзенцы падтрымалі Вітаўта. У выніку перамоваў двух князёў у 1384 годзе Гродна стаў другой сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
2. Перабудаваў замак у непрыступную рэзідэнцыю
Гродзенскі замак стаў адной з галоўных рэзідэнцый Вітаўта. У 1398 годзе замест драўлянага дзядзінца князь збудаваў каменны гатычны замак з пяццю вежамі. Крутая гара і высокія сцены замка павялічылі непрыступнасць пабудовы для крыжакоў. Тут Вітаўт збіраў сваё войска перад паходам на Грунвальд у 1410 годзе, а праз шэсць гадоў адсвяткаваў сваё вяселле з трэцяй жонкай — княгіняй Уллянай Гальшанскай.
Менавіта пры Вітаўце Гродзенскае княства стала адным з самых развітых у эканамічным і культурным плане.
3. Стаў вялікім пры жыцці
Вітаўт стаў Вялікім князем яшчэ пры жыцці. Падчас яго княжання Вялікае Княства Літоўскае стала самай буйной дзяржавай на тэрыторыі Еўропы. У 1395 годзе да ВКЛ быў далучаны Смаленск. Пасля вайны з Маскоўскім княствам у 1408 годзе мяжа пралягла па рэках Угра і Ака на ўсходзе. Яна дасягала Чорнага мора на правабярэжных стэпах сённяшняй тэрыторыі Украіны.
4. Хрысціўся тры разы і заклаў галоўны храм горада
Вітаўт хрысціўся тры разы. Першы раз — у 1382 годзе па каталіцкім абрадзе. Другі раз — у 1384 годзе па праваслаўным абрадзе пад імем Аляксандр. Трэці раз — у 1386 годзе зноў па каталіцкім абрадзе, таксама пад імем Аляксандр. Пасля апошняга хрышчэння ў Гродне з’явіўся першы драўляны каталіцкі храм, вядомы гараджанам як Фара Вітаўта. Першапачаткова храм быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Маці Божай.
5. Памёр напярэданні каранацыі
Дзеля каранацыі Вітаўт згадзіўся на прапанаваны Ягайлам кампраміс. Па гэтай дамоўленнасці пасля смерці Вітаўта карона пяройдзе аднаму з сыноў Ягайлы. Апошнія лісты Вітаўта сведчылі, што ён пагаджаўся на такое рашэнне. Але яго мэта каранавацца і забяспечыць суверынітэт дзяржаве не здзейсніліся: 27 кастрычніка 1430 года князь Вітаўт нечакана памёр.
Чытайце таксама:
- А — Ажэшка. 5 фактаў з жыцця пісьменніцы з-над Нёмана пачынаюць «Гарадзенскую азбуку»
- Б-Баторый. 5 фактаў з жыцця манарха, для якога Гродна стаў другім домам
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.