Хэлоўін у Беларусі забараняюць ужо чацвёрты год запар. Але цалкам выкараніць папулярнае ва ўсім свеце свята чыноўнікі не могуць. У што ператварыліся хэлоўінскія вечарынкі і іншыя “мерапрыемствы з гарбузамі” ў Гродне ў 2025 годзе – даведаўся Hrodna.life.
“Гарбузовае мерапрыемства”. Як у Беларусі забаранялі Хэлоўін?
Беларускія чыноўнікі звярнулі ўвагу на Хэлоўін восенню 2022. Тады Савет міністраў папрасіў выпрацаваць прапановы па «культурным імпартазамяшчэнні».
У лісце Адміністрацыі прэзідэнта адзначалі, што запыт паступіў “ад грамадзян”. Беларусы, якія звярнуліся, пісалі, што свята «супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям». А яшчэ — “прапагандуе гвалт, агрэсію і асацыяльныя паводзіны моладзі”.
Як Гродзенскі аблвыканкам забараніў Хэлоўін
Праз год праўладная актывістка Вольга Бондарава працягнула барацьбу са святам. У сваім канале Бондарава публікавала фатаграфіі кафэ, якія стылізавалі інтэр’ер да Хэлоўіна. Актывістка заклікала «грамадзянскую супольнасць змагацца са святам”.
Напярэдадні даты Гродзенскі аблвыканкам разаслаў распараджэнне аб забароне Хэлоўіна. З абмежаваннямі пагадзіліся не ўсе. Некаторыя прыватныя кампаніі працягнулі выкарыстоўваць антураж свята.
Чым хацелі замяніць Хэлоўін у Беларусі: Купалле, Масленіца, Дзень сям’і
У кастрычніку 2024 года ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак выступіў на канале АНТ. У інтэрв’ю ў Румака спыталі, як ён “ставіцца да гарбузовага мерапрыемства”.
— Забароны не заўсёды прыводзяць да жаданага выніку. Як вядома, недасведчаны розум дзяцей не разумее, што хаваецца за ператварэннем і прыбіраннем у маскарады. Таму нам трэба больш вучыць дзяцей нашым традыцыйным святам: Каляды, Купалле, Масленіца. І святы свецкія, якія дзяржавай уведзены: Дзень маці, Дзень бацькі, сям’і. Гэта святое. Калі паглядзець на гэтыя Хэлоўіны – вельмі кідкая рэклама, якая зазываючая, — сказаў Румак.
У тым жа годзе BGmedia звярнула ўвагу, што “кафэ і рэстараны Брэста быццам вырашылі праігнараваць свята”. Журналісты не знайшлі афіш ці згадак пра тэматычныя мерапрыемствы.
У Гродне бацькі школьнікаў атрымалі лісты ад настаўнікаў. Там паведамлялася, што “свята не з’яўляецца дзяржаўным ці народным, таму адзначаць яго ва ўстановах адукацыі катэгарычна недапушчальна”. Дарослыя гродзенцы аддалі перавагу адзначыць свята ў невялікіх кампаніях.
«Гарбуз у шлеме» і go-go ведзьмы: як у Гродне (не)святкуюць Хэлоўін у 2025 годзе
Напярэдадні свята ў 2025 годзе новых гучных заяў беларускія чыноўнікі пакуль не зрабілі. Нягледзячы на агучаныя ў папярэднія гады забароны, некаторыя ўстановы краіны ўсё ж вырашылі адзначыць Хэлоўін.
Напрыклад, у Мінску адразу некалькі кафэ, клубаў і рэстаранаў апублікавалі тэматычныя афішы. Арганізатары не хаваюць, што вечарыны прысвечаны Хэлоўіну.


У Гродне сітуацыя выглядае інакш. У сацсетках устаноў рэдакцыя Hrodna.life не знайшла афіш мерапрыемстваў, якія пройдуць непасрэдна ў дзень святкавання – 31 кастрычніка.
Верагодна, арганізатары выбралі іншую тактыку – адзначыць Хэлоўін загадзя або правесці вечарынкі з асенне-гарбузовай тэматыкай у другой палове кастрычніка.
Так клуб «База» правёў “гарачае go-go шоу” і назваў яго “Шабаш Party”. Вечарына прайшла ў выходныя 17 і 18 кастрычніка.
У маёнтку Каробчыцы ўвогуле арганізавалі гібрыд святаў. Мерапрыемства “Гарбуз у шлеме” прывязалі да закрыцця мотасезону. Удзельнікі наведалі партызанскі лагер, усклалі кветкі ў капліцы, а пасля арганізавалі танцавальны батл. Мерапрыемства правялі 4 кастрычніка.
У арт-студыі “Час мастацтва” 24 кастрычніка правядуць тэматычны майстар-клас па фільме “Змярканне”. Удзельнікі будуць маляваць восеньскі лес і глядзець сагу. Але такія ж майстар-класы праходзяць у студыі і ў іншую пару года.



Кінапаказы і квэсты: хто ў Гродне не маскіруе мерапрыемствы ад чыноўнікаў
Адны з нямногіх арганізатараў, якія адкрыта заяўляюць пра тэматычныя вечары 31 кастрычніка — кінапрастора Moon. Там ладзяць «ноч жахаў». Пакажуць замежныя фільмы “Чорны тэлефон 2”, “Пясочнага чалавека” і “Астрал”.
А арганізатары мерапрыемстваў Questoria прапануюць гродзенцам запісацца на квэст “Спірытычны сеанс”. Абяцаюць “жудасна вясёлую вечарынку”.
Ніякіх павуцін і монстраў: як у Гродне (не)стылізуюць установы да свята
У рэдакцыі Hrodna.life не атрымалася знайсці ў Instagram рэстаранаў і кафэ звыклай хэлоўінскай стылізацыі інтэр’ераў: павуцінне, ведзьмаў і прывідаў. Але некаторыя ўстановы ўсё ж стылізавалі інтэр’еры. Дзе-нідзе можна сустрэць і гарбузы. Праўда, без выразаных рожыц.
Так побач з піцэрыяй “Форно” расставілі восеньскія кветкі ў жоўта-аранжавых адценнях. Каля ўваходу ў рэстаран Boboli паклалі некалькі гарбузікаў. Падобная інсталяцыя з’явілася і ў рэстарана “Муравьев”.
“Свята мае істэрычнае значэнне для краіны”. Чыноўнікі нагадваюць гродзенцам аб забароне
Карыстальніца Threads пад нікам Коса апублікавала рассылку ад Гродзенскага гарвыканкама. У лісце звяртаюць увагу на “недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў, якія супярэчаць гістарычным, духоўным і культурным традыцыям беларускага народа”.

Характэрна, што ў лісце закралася абдрукоўка. Замест выказвання “святы маюць гістарычнае значэнне для нашай краіны”, гродзенскія чыноўнікі напісалі “істэрычнае”.
Акрамя Хэлоўіна ўлады забараняюць прадаваць тэматычную атрыбутыку і афармляць фотазоны. Электронны ліст разаслалі за тыдзень да свята. Па словах карыстальніцы, даручэнне падпісана намеснікам старшыні гарвыканкама.
У каментарах беларусы высмейваюць фармулёўку забароны.
“”Маюць асаблівае істэрычнае значэнне” Вось захочаш – не атрымаецца так удала апячатацца. І, галоўнае, што сутнасць цяпер яшчэ больш выразна прасочваецца”, – піша mahouni.
“Гэта выключна суб’ектыўнае меркаванне Гродзенскага РВК. Указ 157 (указ аб дзяржаўных святах – Hrodna.life) не мае такой забароны”, – адзначае luckily_ever.
“Ага а менструальна-крывавае свята 7 лістапада не істэрычнае? І культурна-духоўнае відаць?” – цікавіцца yurik_rek.
“Будзем святкаваць падпольна”, – лічыць alekxanderkolyago.
Чытайце таксама: “Бармэны размаляваныя і атмасфера крутая”. Як раней адзначалі Хэлоўін у Гродне





