У адной з гродзенскіх школ настаўнікам сталі прыходзіць паведамленні ад адміністрацыі: не дапускаць святкавання Хэлоўіна ў навучальнай установе. Прычына забароны — скаргі, якія паступаюць у гарвыканкам. Але хто скардзіцца?
Інфармацыя пра забарону выглядае так: «Паступаюць скаргі ў гарвыканкам, што ў школах святкуюць Хэлоўін.
Гэта мерапрыемства не павінна праходзіць ва ўстановах адукацыі».
Уплыў царквы?
Чытач Валянцін, які даслаў у рэдакцыю Hrodna.life інфармацыю аб паведамленнях у школе, лічыць, што за забаронай Хэлоўіна можа стаяць царква.
«Рассылка настаўнікам на Viber — звычайная практыка. Але царква даўно вядзе барацьбу з усялякімі „паганскімі святамі“, аднак прамых доказаў не пакідае. У іншыя гады і супраць Дня Святога Валянціна было, і супраць Купалля, — кажа Валянцін. — Я не супраць, у кожнага свой пункт гледжання, але проста цікава, наколькі распаўсюджваецца на практыцы ўплыў царквы на грамадскія структуры».
Забарон не было, як і дазволаў
У галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама распавялі Hrodna.life, што ніякай забароны на святкавання Хэлоўіна ў навучальныя ўстановы горада не паступала.
«Упраўленне адукацыі не забараняе такія святы, але і дазволу не дае. Пагадзіцеся, на такія мерапрыемствы не трэба афіцыйны дазвол. А хто каму забараняе — я не ў праве сёння каментаваць», — сказала першая намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Галіна Курганская.
Што тычыцца паведамленняў аб забароне, то адміністрацыя навучальных устаноў можа прымаць такія рашэнні самастойна.
Царква супраць Хэлоўіна, але ўказанняў не дае
Каб даведацца меркаванне царквы адносна забаронаў Хэлоўіна ў школах, мы звярнуліся да айца Георгія Роя, настаяцеля Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне. Ён адзначыў, што царква сёння ніяк не можа ўплываць на рашэнні сістэмы адукацыі.
«Царква аддзелена ад дзяржавы і школы. Ніякіх прамых магчымасцяў уплываць на свецкую сістэму адукацыі ў нас няма і мы да гэтага не імкнемся, — кажа Георгій Рой. — Стаўленне адміністрацый школ або кіраўнікоў аддзела адукацыі да Хэлоўіна — гэта іх самастойнае рашэнне. Але я не выключаю, што гэта можа быць прадыктавана ўсё-ткі тым, што Хэлоўін не з’яўляецца традыцыйным святам нашага народа. Ён нясе псеўдакаштоўнасці, якія чужыя ў нашай культуры.
Адзінае, што царква можа сказаць і што я кажу як святар хрысціянскай царквы, гэта тое, што хрысціянам нельга ўдзельнічаць у святкаванні Хэлоўіна. Для хрысціян гэта грэх. А людзі, якія сябе лічаць атэістамі або паслядоўнікамі іншых рэлігій, гэта іх выбар і я ў гэтыя справы ўмешвацца не магу і не хачу. Тут у чалавека поўная свабода".
Што такое Хэлоўін?
У Гродне ў апошнія гады Хэлоўін стаў папулярны сярод моладзі. Ён успрымаецца проста як касцюміраванае мерапрыемства. Між тым, у Хэлоўіна доўгая гісторыя, якая каранямі сыходзіць у традыцыі старажытных кельтаў. Адзначаюць гэтае свята 31 кастрычніка — напярэдадні Дня ўсіх святых у католікаў.
Упершыню людзі пераапрануліся ў маскарадныя касцюмы ў 1895 годзе ў Шатландыі. Звычайна касцюмы насілі дзеці, якія ў ноч Хэлоўіна хадзілі па хатах і выпрошвалі прысмакі. З часам сталі пераапранацца і дарослыя. Асноўная тэма касцюмаў на Хэлоўін — розныя нячысцікі або звышнатуральныя персанажы, аднак папулярныя і касцюмы на зусім адвольную тэматыку. Апошнім часам можна ўбачыць людзей перапранутых у фей, каралёў, дзеячаў поп-культуры і нават у ролевыя касцюмы сэксуальнай тэматыкі.