Гродзенскi “Нёман” выбралі самым беларускамоўным футбольным клубам Беларусі

Паводле рэйтынгу, які праводзіць аўтар блога “Мова Спартова” Ігар Случак, гродзенскі “Нёман” у 2016 годзе стаў лідарам сярод футбольных клубаў Беларусi па выкарыстанню беларускай мовы. Да гэтага выніку гродзенцы ішлі на працягу трох гадоў.

Сярод усiх каманд трох лiг беларускага футбола праз сіта адбораў-галасаванняў на тэму “самага беларускамоўнага футбольнага клуба” ў фінал патрапілі “Нёман”, “Гомель”, “Крумкачы” і “Дынама Мінск”. З вялікім адрывам гродзенскі “Нёман” заняў першае месца.

Hrodna.life звязаўся з аўтарам блога “Мова Спартова”  Ігарам Случаком і даведаўся, што значыць перамога для клуба.

“Мне здаецца, гэта ганарова, асабліва калі клуб абралі не эксперты, а беларускія заўзятары, бо яны абіралі не толькі розумам, але і сэрцам. Гэта было народнае галасаванне. Усе фіналісты годна і шырока выкарыстоўвалі беларускую мову – выпадковых каманд карыстальнікі Укантакце ў фінал не правялі, што вельмі радуе, бо гэтая сацыяльная сетка славіцца сваімі недобрасумленнымі падыходамі.

Тое, што “Нёман” перамог з вялікім адрывам, сведчыць аб тым, што клуб мае добрую падтрымку сярод фанатаў і заўзятараў не толькі Гродна. Клуб правёў цяжкі сезон, ледзьве ўтрымаўся ў Вышэйшай лізе, але шмат у чым і праз беларускую мову напрацягу ўсяго сезона да яго было добрае стаўленне. Беларуская мова працавала на пазітыўны імідж клуба, магчыма, у нечым і дапамагла яму застацца ў эліце – той жа “Граніт” прынцыпова адмаўляўся ад беларускай мовы і вылецеў у Першую лігу, хоць па гульні не так ужо і саступаў “Нёману”. Супадзенне? Не думаю”.

Ігар Случак ў 2016 годзе афіцыйна ўступіў і ў клуб заўзятараў футбольнага "Нёмана"
Ігар Случак у 2016 годзе ўступіў у “Клуб заўзятараў” футбольнага “Нёмана”

“Нёман” працаваў тры гады, каб стаць самым беларускамоўным футбольным клубам Беларусі. Гэта заслуга і прэс-службы каманды, і клуба заўзятараў, і адданых фанатаў.

“У гэтым годзе з-за адсутнасці часу і магчымасцяў не атрымалася зрабіць рэйтынг “Самы беларускамоўны спартовы клуб”, які складаўся ў 2014 і 2015 гадах па вызначаных крытэрах і які безэмацыйны – перамагаў той, хто меў больш балаў. У 2015 годзе “Нёман” заняў высокае месца – 7-е з 120 клубаў краіны”.

Беларуская мова ў “Нёмане” выкарыстоўвалася ў наступных выпадках:

– Дыктар на хатніх матчах
– Клубны аўтобус
– Камплект футболак
– Прэс-канферэнцыі
– Версія сайта
– Суполка заўзятараў ФК Нёман ВК
– Старонкі клуба ў Twitter, Facebook, Instagram
– Канал на YouTube
– Электроннае табло
– Відэаагляды матчаў
– Футбольны слоўнік
– Іміджавыя відэаролікі
– Дзейнасць фанацкага руху і ГА “Клуб Заўзятараў”

3
“Усё гэта “Нёман” робіць па-беларуску. У мінулым годзе пералік быў меншы ў два разы. Здаецца, што такімі тэмпамі беларусізацыю нарошчавала ў гэтым годзе толькі АБФФ. Таму федэрацыі трэба звярнуць на клуб увагу і неяк адзначыць гэтыя дасягненні, бо і федэрацыя і “Нёман” крочаць у адным накірунку і ў адным тэмпе – робяць наш футбол па-сапраўднаму нацыянальным і беларускім”.

Было б цудоўна, каб на цырымоніі закрыцця футбольнага сезону “Зорны мяч 2017” з’явілася намінацыя “Самы беларускаарыентаваны” ці “Самы патрыятычны” клуб, або нейкая іншая намінацыя, якая ўганароўвала б клуб, што найбольш выкарыстоўваў беларускую мову і культуру ў сезоне. Выбіраць будзе з каго”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: