Ужо на працягу 2,5 гадоў гродзенец Андрэй Шапавалаў фатаграфуе насякомых.Па адукацыі мужчына інжынер, а вольны час бавіць з фотаапаратам у лесе або на дачы. За некалькі гадоў Андрэй сабраў вялікую калекцыю здымкаў насякомых, якія ён гатовы паказаць грамадскасці.

Герояў фота знаходзіць на вуліцы

Першы год свайго хобі Андрэй трэніраваўся, але пасля пачаў дзяліцца фатаграфіямі на адным вядомым сайце. Там яго працы абмяркоўвалі і каментавалі. Сёння калекцыя Андрэя налічвае больш за 1000 розных здымкаў насякомых.

«Тры гадзіны здымак пралятаюць проста незаўважна, — распавядае Андрэй. — Спачатку я фатаграфаваў на звычайны аб’ектыў і на насякомых нават не звяртаў увагу. Праз час я купіў сабе спецыялізаваны макрааб’ектыў, які дае вялікае павелічэнне, што нават жучкоў па міліметры можна здымаць. Насякомых знаходжу на вуліцы і здымаю ў асноўным дома, там у мяне ўжо маленькая студыя».

Зусім іншы свет

Хто ў Гродне ці Беларусі фатаграфуе насякомых, Андрэй не ведае, але па ўсім свеце такіх людзей шмат. Многія аматары макраздымкі выкладваюць фатаграфіі, каб падзяліцца захапленнем і даведацца больш пра насякомых.

«Я таксама дзялюся сваімі здымкамі. Пачынаў са звычайных жучкоў, матылькоў і стракоз. Зараз імкнуся шукаць насякомых больш прыгожых і яркіх, якія рэдка трапляюцца, — дадае фатограф. — Гледзячы на такіх істот, людзі будуць думаць, што яны нібы з іншай планеты. За час вывучэння насякомых я адкрыў для сябе зусім іншы свет. Мне не так страшна стала падыходзіць да вос, павукоў і ці шэршняў, якіх я раней моцна баяўся».

Нібы з іншай планеты: гродзенскі фатограф класна здымае насякомых і хацеў бы зрабіць выставу
Здымаць трэба пры ідэальных умовах

Хобі дало магчымасць Андрэю вывучыць істоты, пра якія мала ведаюць звычайныя людзі. Спецыяльны аб’ектыў абышоўся гродзенцу ў 2015 годзе ў 1000 тысячу долараў.

«Насякомых таксама трэба ўмець правільна здымаць. Я фатаграфую са стэкінгам — 50 здымкаў на адну фатаграфію. І гэта трэба рабіць пры ідэальных умовах, без ветру і шуму. Акрамя студыі, я часта фатаграфую ў лесапарку на вуліцы Томіна або на дачы. Трэба выйсці, нагнуцца і ўзірацца. Мяне прывабліваюць восы, начныя матылькі, жукі-вусачы і іншыя яркія віды насякомых».
Нібы з іншай планеты: гродзенскі фатограф класна здымае насякомых і хацеў бы зрабіць выставу

Трэба месца для выставы

Сёння фатограф гатовы паказаць свае здымкі гараджанам, але пакуль шукае памяшканне, дзе можна было б гэта зрабіць.

«Хацелася б паказаць фатаграфіі людзям, гэта цікавы свет, які мы часам не заўважаем. За 2,5 гады ў мяне ўжо назапасілася вялікая колькасць здымкаў і некаторых ведаў. Я стаў цікавіцца насякомымі і нават набыў патрэбную літаратуру, магу ўжо адрозніваць і называць розныя віды. У асноўным усё гэтыя істоты простыя, але ёсць і тыя рэдкія віды, якія даводзіцца доўга вывучаць».