Гродна — горад, дзе традыцыйна квітнеў аўтамабільны бізнэс. Прынамсі, яшчэ адносна нядаўна. А ці памятаеце вы, дзе гэтыя аўто прадаваліся? Рынак у Аўльсе, які праіснаваў 15 год — да 2012 года — не быў першай такой пляцоўкай. Узгадаем разам гісторыю і сучаснасць аўтарынку ды ўспомнім, якія некалі былі пошліны.
Да 1994 года ў самім Гродне не было аўтамабільнага рынку. Ён месціўся ў Скідзелі. Не было ў той час і мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў. Першыя мытныя пошліны былі ўведзены толькі 27 верасня 1993 года. Складалі яны 0,1 $ за куб.см. То бок за аўтамабіль з рухавіком 1,9 мыта складала ўсяго 190 $. Казка!
Першы аўтамабільны рынак у Гродне з’явіўся ў 1994 годзе і месціўся ён на тэрыторыі стадыёна «Чырвонае знамя» (сёння ЦСК «Нёман»). Так цягам трох год па выходных спартыўны комплекс пераўтвараўся ў пляцоўку па продажы машын. Потым ён перамясціўся на трасу ля Аўльса, але сувязі са спортам не страціў, бо «рынак» на Аўльсе належыў Гродзенскаму аддзяленню БФСТ «Дынама».
[irp posts="67 192″ name=" На Захадзе аўто лепшыя за нашы ідуць на звалку". Як аўтабізнес стаў ахвярай Мытнага саюза"]
У верасні 1995 мыта вырасла да 0,3 ЭКЮ. ЭКЮ — умоўная разліковая адзінка, якая выкарыстоўвалася ў фінансавай сістэме еўрапейскіх краін да з’яўлення еўра. У сярэдзіне 1990-х 1 долар ЗША ацэньваўся прыкладна ў 1,12 ЭКЮ. Пры гэтым аўтамабіль нельга было прадаць цягам двух год. У адваротным выпадку «размытнёўку» пералічвалі з разліку ажно 5 ЭКЮ за «кубік».
Пачынаючы з 1997 года гродзенскім аўтамабільным рынкам быў кавалак старой трасы Гродна — Мінск у раёне станцыі «Аўльс». Цягам 15 год па суботах і нядзелях перакрывалі 1,5 км трасы: закрывалі шлагбаўм і на ўездзе з’яўляліся супрацоўнікі рынка.У тым жа 1997 страцілі сілу двухгадовыя абмежаванні на продаж машын. І аўтамабільны бізнес пачаў квітнець. Нават не гледзячы на тое, што з 1 сакавіка 1999 года мытныя пошліны выраслі і складалі ад 0,35 да 0,5 еўра «за кубік».
Наступныя змены ў мытным заканадаўстве адбыліся ў 2004. Тады ўпершыню з’явіліся ўзроставыя абмежаванні, падраслі стаўкі да 0,6 еўра для аўто з аб’ёмам рухавіка большым за 2,5 літры і старэйшых за 10 год.
Чарговыя змены чакалі ў канцы 2005 года. Некранутай засталася толькі стаўка 0,35 еўра для аўтамабіляў ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў, ды і тое пры ўмове, што аб’ём рухавіка не больш за 1,5 л. У астатнім «тарыфікацыя» павысілася.
Нягледзячы на сталы рост мытных пошлін, ужо на пачатку нулявых на рынку месца хапала не ўсім, асабліва па суботах. Каб патрапіць на рынак і заняць лепшыя месцы, людзі пакідалі свае аўтамабілі з пятніцы і нават з чацвярга. Фактычна, проста на ўзбочыне дарогі, бо гэтая частка дарогі была «рынкам» толькі ў суботу і нядзелю. Ва ўсе астатнія дні гэта быў звычайны кавалак загараднай дарогі з не самым інтэнсіўным трафікам.
З гэтай нагоды на «аўтарынак» па начах часам неведваліся злодзеі. Гэтак на пачатку 2010 года ў ноч з чацвярга на пятніцу там скралі Рэно Лагуна-2 2002 года, а яшчэ тры аўтамабілі пакінулі без колаў.
Паралельна працаваў так званы «сквапны [рус. — жадный] рынак», які не надта адрозніваўся ад афіцыйнага. Такі самы кавалак дарогі, толькі рух на ім не быў абмежаваны. З інфраструктуры на афіцыйнай частцы было кафэ на базе «ПАЗіка» і некалькі прыбіральняў. Людзі з цялежкамі, якія развозілі каву, гарбату, семкі, беляшы, пернікі і г. д. працавалі на абодвух баках рынку.
Афіцыйны рынак мог размясціць не больш за 1500 аўтамабіляў, але жадаючых было нашмат больш. Таму нелегальны «жадны» рынак у залежнасці ад наплыву дасягаў нават аднаго кіламетра ў даўжыню.
Хоць рынак на Аўльсе цяжка было назвать зручным, ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў аўтамабілістаў не толькі з Гродна, але і з усёй краіны. Сюды прыязджалі перакупы з рэгіёнаў, якія потым перапрадавалі машыны ў Мінску, а таксама простыя людзі ў пошуках «свежых» машын з Еўропы.
Акрамя саміх машын тут прадавалі і іншыя тавары, прывезеныя з Еўропы. Часам — вельмі далёкія ад аўтамабільнай тэматыкі. Па прыемных коштах можна было набыць каву, пральныя парашкі, аўдыёапаратуру, колы, дыскі, мабільныя тэлефоны і нават парфуму.
Ужо у 2010 годзе ў СМІ пачала з’яўляцца інфармацыя, аб тым, што рынак чакаюць змены. «Ну, што можна размясціць на некалькіх кіламетрах агароджанай часткі дарогі?!» — пісала пра адсутнасць інфраструктуры «Гродзенская праўда» ў верасні 2010.
Тады меркавалася, што рынак не пераедзе, але перабудуецца. «Цяпер аўтарынак ужо дакладна пераязджаць не будзе. Як ён будзе выглядаць, пакуль невядома. Зараз вядуцца неабходныя праектныя працы. Абяцаюць, што там з’явяцца і сталыя месцы грамадскага харчавання, крамы і станцыі тэхабслугоўвання. Застаецца спадзявацца, што на новай пляцоўцы камфортна сябе адчуваць будуць і прадаўцы, і пакупнікі» («Гродзенская праўда», 16.09.2010).
Планы засталіся планамі. З 21 сакавіка 2012 года аўтамабільны рынак пачаў сваю працу на новай пляцоўцы на «Паўднёвым».
Перадапошні год існавання рынка Аўльс быў бадай самым гарачым за ўсю яго гісторыю. У 2010 Беларусь уступіла ў Мытны саюз. З гэтай нагоды мытныя пошліны павялічыліся ў некалькі разоў, а ўзроставыя абмежаванні сталі больш жорсткімі. Таму 2011 год запомніўся неймаверным «хапуном».
Некаторыя машыны прадаваліся, пакуль стаялі ў чарзе на ўезд. Па адносна невялікіх тарыфах з 1 ліпеня 2011 стала можна прывозіць толькі аўто не старэйшыя за 5 год. Пры гэтым мінімальным тарыфам стаў 1,5 еўра «за кубік» і гэта толькі для аўто з рухавіком да 1 літра. Для аўто з аб’ёмам рухавіка ад 1,8 літра — 2,7 еўра «за кубік».
Таму ў апошнія месяцы свайго існаваня рынак страцыў былыя абароты і неабходнасці пакідаць аўтамабілі загадзя на свой страх і рызыка ўжо не было.
Новы рынак на «Паўднёвым» больш зручны ў параўнанні са старым. Аўто стаяць (дакладней, стаялі) ужо не ў два шэрагі ўздоўж трасы цягам некалькі кіламетраў, а ў некалькі радоў. Ёсць стацыянарныя кавярні, прыбіральні, магчымасць выпісаць рахунак-даведку, паркоўка і грамадскі транспарт.Рынак на «Паўднёвым» распачаў сваю працу, калі ўжо дзейнічалі новыя мытныя тарыфы, таму такой шалёнай актыўнасці, якая больш за 10 год панавала на Аўльсе, там ніколі не было. Пасля абвалу расійскага рубля ў 2014 аўтамабільны рынак пачало ліхарадзіць. І колькасць машын на рынку пачала павольна падаць.
У 2014 годзе частка пляцоўкі рынка была адведзена пад рэалізацыю канфіскаваных аўто. Першы аўкцыён адбыўся 18 снежня 2014.
У нядзелю 5 жніўня каля 10 раніцы на асноўнай пляцоўцы рынка на продаж былі выстаўлены ажно 10 (!) машын. Каля 30 стаяла на пляцоўцы аўтакоміса. Прадаўцы на рынку кажуць, што такая сітуацыя ўжо не першы месяц. Нават у суботы колькасць машын зрэдку бывае больш за 50. «Рынка больш няма», — з сумным выглядам сказаў адзін з прадаўцоў.
Канфіскаваных машын шмат. Выбар на любы густ і гаманец. Ад элітных пазадарожнікаў да машын на якія ўжо зачакалася звалка. Дарэчы, аўтамабілі з апошняй катэгорыі прадаюцца толькі на запчасткі. Пэўная частка машын, як кажуць, «без прабега па РБ»: гэта аўтамабілі канфіскаваныя ў замежнікаў, часцей за ўсё за кантрабанду.
На фотаздымках вышэй — аўто з канфіскату. Яны там у самым розным стане. У некаторых цікавая гісторыя — Audi на апошнім фота гэта тая самая, што спрабавала некалі прарвацца праз мяжу ў Прывалцы.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…