З пачаткам хакейнага сезону на фанацкім сектары гродзенцаў шмат новых асоб. Сярод іх і афрыканскія студэнты, якія ўпершыню з хакеем пазнаёміліся ў Гродне, куды прыехалі вучыцца. Чым прыцягнуў гэты від спорту выхадцаў з Ганы і Нігерыі, даведаўся Hrodna.life.

Студэнты прыходзяць на матчы «Нёмана» ў Гродне ўжо трэці раз і ідуць менавіта на фанацкі сектар, каб максімальна адчуць хакей. Афрыканскіх студэнтаў на сектары ўжо ведаюць і цёпла прымаюць. Там кажуць: «Мы чырвоныя, а яны чорныя — і разам мы «Нёман».

Зайшлі паглядзець што такое хакей

Ініцыятарам паходу афрыканцаў на хакей з’яўляецца нігерыйскі студэнт універсітэта імя Янкі Купалы Ахмед Яхайе.

«Мы з сябрамі часта гуляем у футбол і аднойчы пасля гульні ўбачылі шмат людзей ля Лядовага палаца, — распавядае Ахмед. — Падышлі туды, а там, аказваецца, быў турнір, у якім прымаў удзел „Нёман“. Нам сказалі, што ўваход на матч бясплатны. Мы былі здзіўлены і зайшлі паглядзець, што такое хакей».

«Нёман, мы з табой!» Як афрыканскія студэнты ў Гродне пазнаёміліся з хакеем
Так сустракаюць афрыканскіх студэнтаў на фанацкім сектары «Нёмана»

«Ніколі хакею не бачыў»

На першым жа матчы афрыканскія хлопцы так захапіліся хакеем, што купілі сабе шалікі гродзенскай каманды.

«Мы шмат фатаграфавалі і здымалі відэа. І нашы афрыканскія сябры, якія таксама вучацца ў Гродне, пісалі, чаму мы іх не запрасілі. Дагэтуль ніхто з нас ніколі хакею не бачыў, а тут такое цікавае відовішча. Наступны раз я ўзяў на хакей яшчэ некалькі сваіх сяброў. І ўсім спадабалася. Я нават паспеў вывучыць адну крычалку «Нёман, мы з табой!».

Сілавая барацьба, якой няма ў футболе

Цяпер кожны раз, калі Ахмед гуляе ў футбол на ЦСК «Нёман», ён сочыць за афішай ля Лядовага. Студэнт плануе з сябрамі наведваць кожны матч гродзенскай каманды. Абавязкова на фанацкай трыбуне.

«Калі ёсць матч, то я тэлефаную сябрам і мы збіраемся. Гэтая гульня нам вельмі спадабалася. Асабліва сілавая барацьба, якой няма ў футболе. А таксама адносіны хакеістаў і фанатаў. Я заўважыў такую ​​традыцыю, што гульцы пасля матчу пад’язджаюць і дзякуюць кожнаму. Нам падабаецца на фанацкім сектары, адчуваць там атмасферу і энергетыку падчас матчу. Можна сказаць, я палюбіў хакей з першага погляду».

«Нёман, мы з табой!» Як афрыканскія студэнты ў Гродне пазнаёміліся з хакеем
Афрыканскія студэнты падчас матчу

Калі ўпершыню ўбачыў снег, гэта быў супер момант

Ахмед кажа, што калі скідвае фатаграфіі з хакею сябрам у Афрыку, яны дзівяцца і пытаюцца: чаму ў Беларусі летам катаюцца на лёдзе.

«У нас у Афрыцы няма такой гульні. Да прыезду ў Гродна мы не ведалі пра яе. Усё з-за снегу, якога ў нас няма. Калі я ўпершыню ўбачыў снег, гэта быў супер момант. Ён мне так спадабаўся, што я паехаў у Гродна знаёміцца ​​з „Каробчыцкім Алімпам“, там я вучыўся катацца на лыжах. Цэлы дзень вучыўся, а цяпер я ўжо майстар. Снег і зіма адкрываюць новыя магчымасці, пра якія мы раней не ведалі».

У бліжэйшых планах у афрыканскіх студэнтаў навучыцца катацца на каньках і паспрабаваць пагуляць у хакей.