У Гродне на продаж выставілі рэдкі самазвал IFA «Мультыкар 25» 1984 года. Грузавічок-цацка родам з ГДР можа перавозіць вагу да 3 тон. Гродзенец, якому ён зараз належыць, цалкам перабраў і аднавіў рэтра-грузавік да стану новага.

Прабег у 40-гадовага аўто — зусім невялікі, усяго 35,8 тыс. км. Падрыхтаваная маса машыны (з кіроўцам, але без грузу) — 1750 кг. На самазвале ўсталяваны дызельны рухавік «Мэрсэдэс» ОМ 616, аб’ёмам 2/4 л. Гэта дазваляе машыне разганяцца да 70 км/г замест завадскіх 60 км/г.

Зараз машына выстаўлена на продаж. Цана — 25 563 рублёў ($ 7 900).

Грузавік-легенда з ГДР

З усіх аўтамабільных кампаній ГДР, Multicar, заснаваная ў 1920 году, адзіная, якая працягвае сваю дзейнасць і дагэтуль пасля аб’яднання Нямеччыны. Мадэль, выстаўленая на продаж, — самая масавая за ўвесь час існавання завода. Яе выпускалі з 1978 да 1992 года. У СССР было пастаўлена каля 20 000 адзінак гэтай мадэлі. Зараз у Беларусі машына сустракаецца рэдка, асабліва ў працоўным стане.

Гродзенец Сяргей, які набыў рэтра-грузавік для працы ў вёсцы, аднавіў яго пасля 10 гадоў прастою, піша NewGrodno. Ён цалкам перабраў падвеску, адпескаструіў і пафарбаваў раму, аднавіў кузаў самазвала, пафарбаваў кабіну і перашыў салон. Таксама ён замяніў у машыне оптыку — яна ад УАЗа.

«Мультыкар», хоць і вельмі манеўраны, валодае ўсімі характарыстыкамі паўнавартаснага грузавога аўтамабіля. Для кіравання ім спатрэбіцца пасведчанне кіроўцы катэгорыі «C».

Чытайце таксама: