Спадчына

Гродзенская друкарня: ад езуітаў і Тызенгаўза да «Гродзенскай праўды» і «Заветаў Ільіча»

У Гродне спыніла існаванне абласная друкарня. З пэўнымі нацяжкамі гісторыю гэтага прадпрыемства можна было весці аж ад часоў Антонія Тызенгаўза і гродзенскіх езуітаў. Такіх старых вытворчасцяў у нашым горадзе больш няма. Telegram-канал Hrodna 11:27 узгадаў яе гісторыю.

Каралеўская друкарня, папулярная ў старавераў

Гродзенская друкарня вяла свае пачаткі ад друкарні, якой валодалі гродзенскія езуіты. Яны друкавалі там абвесткі аб сваіх мерапрыемствах, невялікія рэлігійныя тэксты. У 1770-х гг., пасля забароны ордэну езуітаў, друкарня дасталася гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу. Для яе «паляпшэння» стараста запрасіў вядомага спецыяліста Нохіма Сокаля, які займаўся ліццём літар для друку.

Сокаль стварыў у Гродне адну з найлепшых словалітняў на землях былой Рэчы Паспалітай. Ягоныя літары куплялі друкарні Вільні і Варшавы. Словалітня праіснавала прыкладна да сярэдзіны ХІХ ст. Там працавалі сын Нохіма Зімель і ягоны ўнук Хацкель Зімелевіч. Тая каралеўская друкарня была настолькі папулярнай, што расійскія стараверы, якім было забаронена друкаваць свае кнігі ў Расіі, пісалі на свах выданнях — «Гродна. Каралеўская друкарня». На інтэрнэт-аукцыёнах стараверскія кніжкі з Гродзенскай каралеўскай друкарні многія памылкова выдаюць за гродзенскія дасюль.

Друкаваліся Доўнар-Запольскі, Багдановіч, Арлоўскі

У часы Расійскай імперыі друкарня атрымала назву Губернскай. Апрача афіцыйных «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» і Памятных кніжак Гродзенскай губерні тут былі надрукаваны цікавыя кніжкі гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, этнографа Адама Багдановіча, гісторыка і педагога Яўстафія Арлоўскага. Губернская друкарня знаходзілся ў будынку на сучаснай плошчы Тызенгаўза.

Побач з ёй ў 1868 г. у будынку ў даліне Гараднічанкі паўстала літаграфія братоў Мейлаховічаў. Іх бацька Мойша Лейбавіч Мейлаховіч быў не проста таленавітым рэзчыкам па камяні, але і дыпламаваным мастаком. У 1861 г. Расійская акадэмія мастацтваў прысвоіла гродзенцу за зроблены па-майстэрску медаль «Майсей прымае ад Бога скрыжалі з дзесяццю запаведзямі» званне вольнага мастака. Такое званне адразу ставіла яўрэйскага майстра па над цэхавымі рамкамі і давала магчымасць закласці надзейны падмурак дабрабыту для сябе і сваіх дзяцей. І Мойша Мейлаховіч гэтай магчымасцю скарыстаўся.

Ён перадаў свае веды сынам Ёселю і Давіду, якія адкрылі ў Гродне ўласную літаграфію. Нашчадак аднаго з іх Лазар Мейлаховіч аж да 1939 г. валодаў адной з самых магутных гродзенскіх друкарняў, якая размяшчалася ў даліне Гараднічанкі, там, дзе цяпер знаходзіцца плошча Леніна.

Плошча Леніна ў самым канцы 1960-х. Менавіта тут, у даліне, друкарня знаходзілася да пераезду на Паліграфістаў. Хаця газетны цэх пераехаў раней.

Абласная друкарня — з 1944 года

У гады Першай сусветнай вайны Мейлаховічы забралі рэшткі губернскай друкарні і стварылі ўласную вялікую друкарскую ўстанову — тыпалітаграфію Мейлаховічаў, якая паспяхова працавала да 1939 г. Тут выдавалася нямецкая газета «Grodnoer Zeitung», польскія і беларускія газеты міжваеннай пары.

Рэдакцыя Grodnoer Zeitung у даліне Гараднічанкі на месцы сённяшняй плошчы Леніна. На заднім плане бачны будынак «Крывой афіцыны»

Рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 6 снежня 1944 г. у будынку былой друкарні Мейлаховічаў адчынілася абласная друкарня. Пры друкарні працавала школа паліграфістаў. У красавіку 1947 г. газетны цэх друкарні перасяліўся на вул. Савецкую № 12 (зараз вул. Савецкая № 8), дзе знаходзілася рэдакцыя газеты «Гродненская правда».

Пераезд на вул. Паліграфістаў і апошнія гады

У 1962 г. друкарня пераехала на вуліцу Паліграфістаў. Вуліцу ўласна так і назвалі дзеля таго, што ў новым трохпавярховым будынку тут размясцілася гэтая паважаная ўстанова. Будынак у даліне Гараднічанкі праз некаторы час зруйнавалі, а на яго месцы насыпалі плошчу Леніна і пабудавалі будынак гарвыканкама.

Новы будынак друкарні на вул. Паліграфістаў. У правым ніжнім куце бачны пустыр, дзе сёння знаходзіцца Цэнтральны (Скідзельскі) рынак

Да 1980-х гг. Гродзенская абласная ўзбуйненая друкарня стала найбуйнейшай такога кшталту ўстановай вобласці. Тут друкаваліся газеты «Гродзенская праўда», «Сельская Новь», «Зара над Нёманам», «За камунізм», «Заветы Ільіча», «Савецкая вёска», шматтыражныя газеты прадпрыемстваў «Гродзенскі хімік», «Высота», «Маяк», «Гродзенскі ўніверсітэт». Друкаваліся і каляровыя ўпакоўкі, хаця каляровым друкам збольшага займалася зачыненая яшчэ ў 1993 г. Фабрыка афсетнага друку на вул. Будзёнага. Друкарня мела аддзяленні ў Шчучыне, Мастах і Росі.

Апошні дзясятак гадоў абласная друкарня была досыць дзіўным прадпрыемствам. Кошт на друк кнігі ў ёй быў ледзь не самы дарагі з усіх друкарняў Гродна і вобласці, нават некаторыя вялікія гарадскія газеты апошнія гады друкаваліся ў Брэсце і іншых гарадах краіны. Шкада, што ўстанова з такой багатай гісторыяй друкарства перастала існаваць. Цяпер толькі прыватныя фірмы будуць працягваць гродзенскую друкарскую традыцыю.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025