Вядучы гарадскіх мерапрыемстваў і барыста з “Нашай кавы” Аляксей Трэгубаў 2 чэрвеня здзівіў многіх жыхароў Гродна. Ён басанож прабег па асфальце 10 кіламетраў “Гарадзенскай вандроўкі”. Так хлопец хацеў паказаць, што для бегу не абавязкова мець абутак, галоўнае – жаданне.
Каб пераадолець 10-ці кіламетровую дыстанцыю ў гарачае надвор’е, гродзенец правёў усяго адну трэніроўку за некалькі дзён да «Гарадзенскай вандроўкі».
«Зрабіў басанож 5 км па горадзе і падумаў, што цалкам можна і 10 пераадолець, – распавядае Аляксей. – Я выступаю за натуральны бег. Так, шмат скептыкаў на гэты конт, але кожнаму сваё. Мне падабаецца бегаць басанож, я і буду гэта рабіць. Мне ўжо няма розніцы, бягу я па асфальце або па зямлі, заўсёды зручна. Калі бяжыш басанож, зусім іншыя мышцы задзейнічаны. Але каб так бегаць, трэба абавязкова пачынаць з маленькіх трэніровак, каб прывыкла ступня да зямлі або асфальта».

Падчас забегу “Гарадзенская Вандроўка” на Аляксея многія звярталі ўвагу. Хтосьці нават называў яго вар’ятам, што ў такое гарачае надвор’е выйшаў басанож на гарачы асфальт.
«Так, было горача, але бегчы можна і ў такое надвор’е. Мне было камфортна. Калі бяжыш па асфальце, важна глядзець пад ногі, каб не было ніякіх каменьчыкаў, – дадае Аляксей. – Каб бегаць, не абавязкова мець красоўкі і дарагую экіпіроўку. Вось, напрыклад, я бачыў на дыстанцыі людзей, якія беглі наперадзе мяне ў акулярах і крутой спартыўнай вопратцы, але потым яны апынуліся ззаду. Так што абутак – гэта не паказчык. А “Гарадзенскую вандроўку” я пераадолеў без траўмаў. Людзі на трасе са здзіўленнем глядзелі, але актыўна падтрымлівалі мяне
У будучыні Аляксей працягне бегаць басанож, а таксама хоча арганізаваць фонд “Бягу за дзяцей”. На бліжэйшы час хлопец ставіць сабе мэту прабегчы басанож паўмарафон.
«Бегаць – гэта добра, але ў мяне ёсць ідэя дапамагаць дзецям і прыцягваць гродзенцаў да здаровага ладу жыцця. Гэтая ідэя з’явілася даўно, але толькі цяпер пачынаю яе рэалізоўваць. Хацелася б, каб мяне падтрымалі гараджане».


