Гродзенец Вітаўт Фядоценкаў апошнія два гады зарабляе, прадаючы вопратку ўласнага брэнда «Мечта». Да гэтага ён працаваў і мерчандайзерам, і слесарам у аўтасэрвісе. А сённяшні паспяховы бізнес пачынаўся як хобі.

“Працаваць на кагосьці – проста не маё”

Вітаўт паспеў папрацаваць у розных сферах, многія з якіх былі далёкія ад моды. Пасля ўніверсітэта ён працаваў дызайнерам у фірме «Макей». Але неўзабаве зразумеў, што працаваць на кагосьці яму не падабацца.

«Падумаў, лепш рабіць нешта сваё, хай у невялікіх аб’ёмах і з невялікім заробкам, але сам на сябе».

Ідэя ствараць вопратку прыйшла Вітаўту спантанна. Хоць, ён прызнае: шопінг і добрая вопратка падабаліся заўсёды.

Друкаваў на самых танных майках

«Я купляў у Польшчы самыя танныя майкі і наносіў на іх свой прынт», – распавядае пра старт ў бізнесе Вітаўт. Ён у свой час захапляўся графіці, таму і прынт былі ў адпаведным стылі.

Усё гэта адбывалася ў вузкай тусоўцы, пакуль аднойчы да Вітаўта не звярнуўся хлопец з просьбай прадаць майку.

«Я сказаў, што магу проста нанесці прынт, толькі дай мне майку. А ён адказаў: не, ты мне зрабі цалкам і скажы суму, і я ў цябе куплю».

Так Вітаўт упершыню зарабіў на продажы адзення.

Мадэльер з Гродна: «Ружовы - адзін з найлепшых колераў для мужчын»

Кліенты – таксама частка каманды

«Але самае класнае было, калі я ўбачыў гэтага хлопца, які ішоў па горадзе ў маёй майцы. Тады я зразумеў, што хачу гэтым займацца і прысвяціць гэтаму жыццё. І гэта пачуццё цяпер я адчуваю кожны раз, калі бачу людзей у маёй вопратцы».

Сёння Вітаўт працуе не адзін, а з камандай. Хоць у нейкай меры часткай сваёй каманды ён лічыць усіх кліентаў. Кажа, яму важна, каб людзі, якія носяць вопратку яго брэнда, былі з ім на адной хвалі. «Я сам нашу вопратку ўласнай вытворчасці. За выключэннем сподняй бялізны і абутку ўсё, што зараз на мне, гэта «Мечта». Вітаўт спадзяецца, што не за гарамі той час, калі 100% адзення і нават абутак будзе яго брэнда.

«Мне не бывае холадна»

Вітаўт апранаецца ярка і заўсёды вылучаецца з натоўпу. У Гродне людзі актыўна рэагуюць на яго стыль адзення. Асабліва, калі ён апранае леапардавую куртку.

«Узімку пастаянна рэагуюць на тое, што ў мяне ногі голыя, але мне проста не бывае холадна, я ніколі не мерзну. У Еўропе на мяне ніхто не звяртаў увагі. Там добра апранацца гэта норма. Але пры гэтым з якога-небудзь дарагога аўто можа выйсці чалавек у «кроксах» на босую нагу і гэта для іх таксама норма».

Цікава – не значыць дорага

Вітаўт адзначае: апрануцца цікава – не значыць дорага. «Можна патраціць на вопратку некалькі тысяч долараў і выглядаць кепска, а можна апрануцца на распродажы або ў сэкандзе за 20-30 еўра і выглядаць стыльна».

Мадэльер з Гродна: «Ружовы - адзін з найлепшых колераў для мужчын»

Вопратку свайго брэнда Вітаўт хоча лічыць даступнай, але адзначае, што паняцце даступнасці ў кожнага сваё. «Адны, калі даведваюцца, што майка каштуе 40 рублёў, пішуць, што гэта вельмі дорага, і майка не можа столькі каштаваць, іншыя, што гэта вельмі танна».

Кліент, які купляе ўсю калекцыю

Усю сваю прадукцыю Вітаўт прадае праз Instagram. Кажа, што вывучае профіль кожнага патэнцыйнага кліента і калі бачыць, што абраная рэч яму не падыдзе, раіць нешта іншае. Праўда, марыць аб афлайн-кропцы.

«Мець свой магазін – мара кожнага дызайнера, хоць і трошкі бессэнсоўная. Бо выдаткі на арэнду і персанал могуць не акупіцца.
Для Беларусі дастаткова мець інстаграм».

Зараз асноўная частка пакупнікоў «Мечты» – жыхары Гродна, хоць адзенне прадаецца па ўсёй Беларусі, а некаторыя заказы Вітаўт адпраўляе і за мяжу.

«Кожныя 3-4 месяцы я адпраўляю вялікі заказ у Рыгу. З гэтым кліентам я нават сустракаўся ў Гродне, ён скупляе адразу ўсю калекцыю. Таксама ў мяне ёсць два 18-гадовых кліента, якія кожны сезон смела пакідаюць на маю вопратку каля 400 долараў».

У Беларусі працоўная сіла – танней чым у Кітаі

Вітаўт хоча вывесці свой брэнд на еўрапейскі рынак. «У Еўропе, каб цябе ведалі і куплялі, патрэбен добры сайт. Ім не важна, які ў цябе інстаграм, нават калі ў цябе там тры мільёны падпісчыкаў».

З’язджаць з роднага горада, дзе жывуць яго сябры, Вітаўт не плануе. Тым больш, ён лічыць, што ў Гродне адсотак людзей, якія стыльна апранаюцца, вышэй чым у Мінску.

Мадэльер з Гродна: «Ружовы - адзін з найлепшых колераў для мужчын»

Яшчэ адзін плюс Беларусі – танная рабочая сіла. «За тыя грошы, за якія я адшываю свае рэчы тут, я ўжо не адшыю нават у Кітаі. Кітай ужо не той. У Еўропе за такія аб’ёмы ніхто нават брацца не будзе. Можна гэта рабіць у Маскве, але я не давяраю. Я люблю кантраляваць увесь працэс».

«Кажуць, што шыць вопратку – не мужчынскі занятак. Але ж першапачаткова гэтым займаліся мужчыны! Яшчэ адзін стэрэатып гэта колер. Мой любімы колер – ружовы. І гэта адзін з найлепшых колераў для мужчын».

Акрамя адзення і дызайну Вітаўта заўсёды цікавіла тэхніка. Таму свой заніжаны «Гольф 2», які з’яўляецца аўтамабілем «для душы», ён уласнаручна разбіраў ужо не адзін раз. Прыязджаючы на ​​СТО ён усё робіць сам. «Не таму, што не давяраю камусьці, а таму, што мне гэта падабацца. Пайсці ў гараж і пазаймацца машынай гэта выдатная магчымасць адцягнуць сябе ад штодзённых спраў».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life