Францужанка Ізабэль Х’югані, разбіраючы старыя рэчы ў сваім доме ў Парыжы, знайшла лісты пачатку 1940-х на польскай і рускай мовах. Лісты належалі яе бабулі Міраславе Любіч. Яна памерла ў 2001 годзе. За некалькі дзён да смерці яна сказала ўнучцы, што ў яе яўрэйскія карані і яна родам з Гродна.
Ізабэль звярнулася ў інстаграм grodnо_en_francais. Адтуль інфармацыю перадалі ў рэдакцыю Hrodna.life.
Праз амаль 20 гадоў пасля смерці бабулі выпадак прымусіў Ізабэль заняцца гісторыяй сям'і. Францужанка адкрыла для сябе шмат цікавага і гатовая ехаць у Гродна, калі гэта будзе магчыма.
Міраслава Любіч і яе брат Валь у 1938 годзе з’ехалі з Гродна вучыцца ў Францыю. Оні вялі перапіску з бацькамі да чэрвеня 1941 года. Пасля гэтага сувязь з роднымі абарвалася.
«У мяне маленькая сям’я, і я хачу ведаць яе гісторыю. З бабуляй Міраславай мы былі вельмі блізкія, — распавядае Ізабэль. — Яна вучыла мяне рускай мове, калі я была маленькай, і нейкай песні. Яна была добрым кухарам і гатавала рускія стравы. Таксама яна распавядала мне, што наша сям’я з Гродна і мае яўрэйскія карані. Пра гэта яна ніколі нікому больш не казала».
З лістоў, якія знайшла Ізабэль, зразумела, што сям’я яе бабулі жыла ў Гродне на вуліцы Рыдза Сміглага (суч. Васілька) у доме № 5. Усе лісты ў Францыю былі адпраўленыя з гэтага гродзенскага адраса.
«У Гродне жылі прабабуля Микла Любіч і прадзядуля Якуб Любіч. Сям’я была забяспечаная, валодала сваёй друкарняй. У іх былі дзеці: мая бабуля Міраслава і яе брат Валь — Валянцін па-французску. Перад вайной, у 1938 годзе, яны адправілі іх у Францыю вучыцца», — кажа Ізабэль.
Міраслава пасялілася на поўдні Францыі ў горадзе Клермон-
Феранэ і вывучала там мэдыцыну. Адтуль яна перапісвалася з бацькамі ў Гродне. Перапіска працягвалася і пасля пачатку Другой сусветнай вайны, пасля таго як у Гродна ўвайшлі Саветы. Лісты ёсць як на польскай, так і на рускай мовах.
Міраслава перапісвалася з бацькамі на розныя жыццёвыя тэмы, пісала пра свае перажыванні, вучобу і многае іншае.
«Брат Міраславы падчас вайны з’ехаў у ЗША. А бабуля засталася ў Францыі. Яна змяніла імя і прозвішча на Мары Любіез і стала дантысткай. Яна пазнаёмілася з маім дзедам Чарльзам Х’югані і выйшла за яго замуж у 1943 годзе. Бабулі ўдалося паступіць у французскую армію і стаць лейтэнантам, яна дапамагала людзям».
У разгар вайны, у чэрвені 1942 года, Міраслава пры дапамозе Чырвонага Крыжа спрабавала знайсці сваіх бацькоў. Яна адправіла тэлеграму ў Гродне на бацькоўскі адрас: «Я здаровая, скончыла вучыцца, Валь працуе. Турбуемся пра Вас. Просім адказаць у бліжэйшы час». Але адказ так і не прыйшоў.
З чэрвеня 1942 года Гродна быў пад нямецкай акупацыяй. Усіх мясцовых яўрэяў перасялілі ў гета. Там маглі апынуцца і бацькі Міраславы. Сувязь вязняў з навакольным светам была абарваная. Гродзенскіх яўрэяў вывозілі ў лагеры смерці Асвенцым і Трэблінка. Да 12 сакавіка 1943 года гета было знішчана, пакінутыя вязні былі вывезены ў Беласток. З 27 000 гродзенскіх яўрэяў пасля вайны ў жывых засталося каля 300 чалавек. Некаторыя з іх пасля вызвалення з’ехалі ў Заходнюю Еўропу.
«Пасля вайны бабуля пераехала ў Парыж разам з мужам. У іх нарадзіўся мой бацька Жан-Марк. Бабуля паспрабавала вярнуцца ў Польшчу, каб пабачыцца з бацькамі, але больш ніколі іх не бачыла.
Бабуля заўсёды адмаўлялася казаць пра сваю рэлігію і сям’ю ў Гродне, але за тыдзень да смерці сказала мне праўду. Яна памерла 26 сакавіка 2001 года. Я не ведаю, чаму яна мне гэта сказала. І вось праз столькі часу я стала вывучаць сваю сям’ю».
Гродзенская краязнаўца Наталля Канюк распавядала, што на Васілька, 5 некалькі гадоў таму прыязджалі нейкія французы. Паводле іх, будынак раней належаў іх прадзеду. Замежнікі засталіся задаволеныя, што ў доме іх продка знаходзіцца дзіцячы сад (да 2007 года). Магчыма, гэта прыязджала Міраслава або нашчадкі Валянціна. Пра гэта Ізабэль не ведае.
«Я не ведаю дакладна, ці вярнулася яна ў Гродне, але я ведаю, што яна спрабавала знайсці сваіх бацькоў. Я ведаю, што яна была ў Расіі, але пра Гродна не чула. Я хачу прыехаць і адкрыць для сябе горад маёй сям'і. Вядома, будзе шмат эмоцый, але я хачу ўбачыць Гродна. Можа, я знайду друкарню і школу маёй бабулі. Ведаю, што Гродна больш не знаходзіцца ў Польшчы, а пра Беларусь я чула няшмат. Шчыра кажучы, я проста ведаю імя прэзідэнта гэтай краіны і лакалізацыю. Мы так мала ведаем пра гэтую краіну…».