«У Токіа цяпер дзве гадзіны ночы, а я не магу спаць. Эмоцыі перапаўняюць!" — карэспандэнткі Hrodna.life звязаліся з Аляксандрай Хільмановіч, лёгкаатлеткай з Гродна, якая 5 жніўня на Алімпійскім стадыёне ў Токіа бегла эстафету 4 па 400. Тую самую, у якой беларуская каманда прыйшла апошняй. Тую самую, што прыкавала да сябе ўвагу ўсяго свету пасля скандальнай адмовы ад удзелу ў забегу Крысціны Ціманоўскай. «Нават думкі не было, каб адмовіцца ад старту, — кажа Аляксандра. — Удзел у Алімпіядзе — гэта ўжо перамога». Для Hrodna.life спартсменка распавяла пра свой шлях да Алімпіяды, дзіўны Токіа і сапраўдныя японскія сушы.
Удзел у Алімпіядзе — ужо перамога
«Тэлефануюць сябры, бацькі. Усе радуюцца, усё такія шчаслівыя, нават былыя аднакласнікі сталі пісаць. Віншуюць, што трапіла на Алімпійскія гульні. Дзівяцца вельмі, бо гэта такія прэстыжныя спаборніцтвы», — распавядае Аляксандра. Для яе Токіа — алімпійскі дэбют. «Ужо паехаць сюды — гэта асабістая перамога».
Здаецца, што хваля хейту і злараднасці з сацыяльных сетак яе не кранула. Ці - што для яе гэта не важна. Важныя тыя, хто патэлефанавалі падтрымаць і парадавацца паводле алімпійскага прынцыпу: «Галоўнае не перамога, а ўдзел».
«Я не хвалілася [што атрымала алімпійскую ліцэнзію]. Хтосьці з сяброў у навінах бачыў, у якім складзе адабралі на Алімпійскія гульні. Яны пачалі распавядаць адзін аднаму. Мама кажа, былыя аднакласнікі пачалі ператэлефаноўвацца, скідваць [інфармацыю], у колькі я бягу. У выніку нават мае далёкія сваякі з Амерыкі глядзелі і потым тэлефанавалі павіншаваць».
Чаму засталося трое
Пра тое, што каманда выйшла на спаборніцтвы не ў тым складзе, які рыхтаваўся да Алімпіяды, Аляксандра кажа коратка:
«Дзве дзяўчынкі не паехалі. За апошнія 10 месяцаў усе павінны былі прайсці па тры допінг-пробы з інтэрвалам не менш за 21 дзень. У дзяўчынак атрымалася ў адной 19, у другой 20 дзён [паміж пробамі]. У выніку іх не змаглі дапусціць — такія правілы».
Хто «прапусціў» сітуацыю, спартсменка не каментуе: «Я не ведаю, чаму так атрымалася. Вядома, не спартсмены і трэнеры не павінны былі гэта кантраляваць».
Каманда для эстафеты 4 па 400 складаецца з пяці спартсменак. Чатыры — асноўны склад, пятая — запасная. Калі перад Алімпіядай дзвюх спартовак не дапусцілі да ўдзелу ў спаборніцтвах, прадумалі сістэму замены. Звярнуліся да лёгкаатлеткі Эльвіры Герман. Спартсменка пагадзілася прабегчы эстафету пасля свайго асноўнага выступу на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі. Крысціну Ціманоўскую ўнеслі ў спіс пятай, запасной. Яе выхад на дарожку не планаваўся.
«Мы нават не думалі не ехаць. Ліцэнзія заробленая і не выступаць? Не было такога варыянту!" — распавяла Hrodna.life Аляксандра Хільмановіч.
Праз што паўстаў скандал вакол Ціманоўскай, Аляксандра не разумее. «Ёй не прапаноўвалі [бегчы эстафету]. На гэта пагадзілася Эльвіра. Ціманоўскую заявілі запасной. Чаму паўстаў скандал, для нас вялікая загадка. Якой будзе разгадка гэтай загадкі, мы таксама не ведаем».
Найлепшыя вынікі, якія Аляксандра называе «хуткімі секундамі», каманда паказвала ў наймацнейшым складзе. Замены адбіліся на выніках. Але Аляксандра спакойная: «Будуць яшчэ старты».
Замены: «Бываюць такія сітуацыі»
Аляксандра распавяла, што спартсмены вельмі добра разумеюць, што значыць выступіць на «не сваёй» дыстанцыі. «Украінкі, якія жывуць у нашым доме ў Алімпійскай вёсцы, падыходзілі да Эльвіры, захапляліся яе ўчынкам». Але такія сітуацыі, па яе словах, на спаборніцтвах бываюць.
«Гэта нармальная практыка, не трагедыя, — кажа Аляксандра. — Я на Кубку Беларусі гэтай зімой бегла 60 метраў з бар’ерамі [асноўная дыстанцыя Аляксандры — 400 метраў і 400 метраў з бар’ерамі - заўв. Hrodna.life]. Прабегла, усё выдатна, жывая-здаровая».
«Вядома ж, дзяўчынкі вельмі моцна засмуціліся. Мы ўсе засмуціліся. Але яны мужна трымаліся. Заўзелі за нас, паведамленняў шмат даслалі».
Пра выступ яна кажа: «Кожная прабегла за колькі магла. Атрымалі максімум з магчымага. Выціснулі з сітуацыі, што змаглі. Я лічу, што мы выглядалі вельмі годна. Прыкавалі да сабе ўвагу ўсяго свету. Усіх, хто ў тэме, так дакладна».
Пра Алімпіяду марыла з дзяцінства
«Спачатку была стомленасць ад забегу», — прызнаецца Аляксандра. Потым прыйшла радасць. Мы сталі пятнаццатымі. Гэта прэстыжнае месца на Алімпійскіх гульнях. Тое, што выступілі - ужо крута".
Пра Алімпіяду Аляксандра марыла з дзяцінства. З тых часоў, як у 11 гадоў маці прывяла яе ў малы манеж школы алімпійскага рэзерву да трэнера Васіля Борсука. Ён вёў Аляксандру 10 гадоў. Зараз яе трэнуе Леанід Вяршынін.
Колькасць заваяваных з тых часоў медалёў Аляксандра даўно перастала лічыць. Кажа, «маці іх сабрала ў дзве вялікія скрынкі». Фатаграфій з дзіцячых трэніровак дзяўчыны наогул не было. «Раней не фоткалі на спаборніцтвах», — тлумачыць яна.
Шанец падарыла пандэмія
Тое, што Аляксандра і каманда, у якой яна бегла эстафету, патрапілі на Алімпіяду ў Токіа — амаль цуд. Спаборніцтвы павінны былі прайсці ў 2020 годзе. Але тады Алімпіяду скасавалі праз пандэмію. Калі б усё прайшло ў свой тэрмін, гэтыя лёгкаатлеткі не паспелі б атрымаць алімпійскіх ліцэнзій. За 2020 год каманда з’ездзіла на Чэмпіянат свету па эстафеце і на камандны чэмпіянат Еўропы. На еўрапейскіх спаборніцтвах дзяўчаты ўзялі золата і зарабілі сабе права выступіць на Алімпіядзе.
Токіа з акна аўтобуса
На Алімпіядзе 2021праз «кавідныя» абмежаванні спартсмены не могуць пакідаць Алімпійскую вёску.
«Бачым Японію толькі з акна аўтобуса, які вязе нас на стадыён, — распавяла Hrodna.life Аляксандра. — Але горад нават з аўтобуса — надзвычайны! Адны вялікія хмарачосы — велізарны і такі прыгожы! Глядзіш на хмарачос, думаеш, што офісны будынак, а на самай справе гэта проста жылы дом.
Японцы вельмі ветлівыя, прыязныя людзі. Усе вітаюцца, радуюцца, заўсёды гатовыя дапамагчы. Сёння пад’язджалі да алімпійскай вёскі, стаяла невялікая кампанія з плакатамі: «Мы любім вас», «Дзякуй, што прыехалі». Паказваюць сэрцайкі, махаюць — проста цудоўныя людзі. Я вельмі радуюся японцам. Яны зараджаюць энергіяй".
Чаканні і падрыхтоўка
Апошнія месяцы перад Алімпіядай каманда трэнавалася ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Стайках пад Мінскам. «Рэжым быў сур’ёзны», — коратка згадвае пра гэта Аляксандра. На Алімпіяду каманда ляцела ўжо без трэнера: «Ніхто не суправаджаў, мы ж дарослыя. Наша справа прыйсці, размяцца і пайсці спаборнічаць. Не сказала б, што хтосьці строга сочыць за рэжымам — гэта справа кожнага. Кантроль не патрэбны».
Пра арганізацыю Алімпіяды Аляксандра кажа: «Вельмі крута. Усё распісана, усё выразна, усё зразумела для нас».
Ежа для алімпійцаў
Для харчавання спартсменаў арганізаваны шведскі стол. «Ёсць усё, на любы густ і колер, — распавяла Hrodna.life Аляксандра. — Ёсць бургеры і бульба фры, ёсць азіяцкая кухня, вегетарыянская, садавіна, гародніна, напоі - усё ёсць». Да выступленняў, па словах Аляксандры, спартсменкі не эксперыментавалі з ежай. Мару пакаштаваць сапраўдныя японскія сушы выканалі ўжо пасля выступу. «Не ўсе нам спадабаліся, некаторыя вельмі спецыфічныя. Але яны абсалютна адрозніваюцца ад тых, якія робяць у Беларусі».
«Вярнуся ў любімы Гродна»
Да 8 жніўня Аляксандра з камандай застаюцца на Алімпіядзе. «Будзем глядзець выступы астатніх лёгкаатлетаў». Потым яе чакае адлёт дадому — працягваць трэнавацца з новымі сіламі. Алімпіяда, кажа Аляксандра, дала матывацыю, каб працаваць, працаваць і працаваць. Да наступных Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць праз тры гады, Аляксандры будзе 27 гадоў. «Гэта прыдатны ўзрост, каб выступіць яшчэ раз», — кажа спартсменка.
Збіраючыся вярнуцца ў любімы Гродна, яна кажа: «Усё ў парадку. Я вельмі шчаслівая. Я ішла на старт з добрым настроем і хацела атрымаць задавальненне ад кожнай хвіліны выступлення на Алімпійскіх гульнях».
Чытайце таксама: