Увечары 13 верасня Віктар Касцюк выйшаў у цэнтр Гродна ў майцы з нацыянальнай сімволікай і сцягам. Яго паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Ён вымушаны быў уцякаць і, каб выратавацца ад пераследу, пераплыў Нёман. Выбрацца з ракі Віктару дапамаглі выпадковыя мінакі.

Віктару 32 гады, ён працуе будаўніком. Увечары ў нядзелю ён мэтанакіравана прыйшоў у цэнтр горада, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне.

«Да гэтага дня я рыхтаваўся, ведаў, што людзі будуць выходзіць у цэнтр. Знайшоў сцяг і вопратку з нацыянальнай сімволікай. Спачатку стаяў на Савецкіх пагранічнікаў, але там нікога не было, таму вырашыў пайсці ў цэнтр. Вядома, у такім выглядзе мяне ніхто не пусціў бы нават на Савецкую плошчу, там усё было перакрыта супрацоўнікамі міліцыі. Вырашыў стаяць каля драмтэатра».

Віктар некалькі хвілін прастаяў каля драмтэатра, пакуль не ўбачыў на святлафоры таніраваны бус, на якім ездзяць супрацоўнікі АМАП. Аўтамабіль рэзка павярнуў у бок гродзенца.

«Мне прыйшлося спачатку адысці, а потым бегчы ў бок піўзавода. За мной гналіся чатыры чалавекі - два ў цывільным і два ў форме. Я скаціўся са схілу да Нёмана і скокнуў у ваду. Я зразумеў, што не ўцяку і скочыць ўваду — адзіны выхад. АМАПаўцы падышлі да берага і сказалі: „Вылазь, інакш патонеш“. Я ім у адказ крыкнуў, што калі патану, гэта будзе на іх сумленні».

Гродзенец вырашыў пераплысці Нёман і выйсці на іншым беразе. У яго былі думкі, што там яго ўжо будзе чакаць міліцыя. Іншага выйсця ў яго не было.

«Я ўмею плаваць і быў упэўнены, што переплыву раку. Але не буду хлусіць, страх прысутнічаў. На шчасце, на іншым беразе Нёмана ніхто з міліцыі мяне не чакаў. Выбрацца з вады дапамаглі звычайныя мінакі. Адзін мужчына — Яўген, сказаў, што ён не супрацоўнік і гатовы дапамагчы, а другі мужчына быў з дзіцем, ён сачыў, каб да берага ніхто не падыходзіў. Яны проста мяне ахоўвалі, потым далі сваю вопратку, абагрэлі і завезлі дадому, за што я ім вельмі ўдзячны. Я ніколі гэтага не забуду».

Пераплываў Нёман Віктар са сцягам на плячах. Кажа, што сцяг ніколі б не кінуў.

«Дадому я прыйшоў у шортах і без майкі, увесь тросся ад адрэналіну. Жонка не магла зразумець, што са мной адбылося. Толькі потым я ўбачыў у інтэрнэце відэа, дзе я плыву. Для мяне гэта шок, бо я нічога не рабіў супрацьзаконнага, каб мяне так загнаць у ваду».

Адзенне і сцяг Віктара. З гэтым рэчамі ён пераплыў Нёман. Фота прадстаўлена Віктарам

Ужо дома Віктар вырашыў з’ездзіць у бальніцу, бо адчуваў сябе дрэнна. Медыкі зафіксавалі ў яго удары мяккіх тканін жывата, якія ён атрымаў пры падзенні са схілу.

«У бальніцы ўжо ведалі пра мяне, напэўна, бачылі відэа. Сябе я не хаваў, думаю, хутка і міліцыя прыйдзе пагутарыць. Шчыра скажу, я не баюся, бо я не парушаў закон».

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.