Кнігу пра “ліхія 90-я” ў мясцовых віртуальных рэаліях “Гродно.За(зеркалье)” прэзентавалі ў Цэнтры гарадскога жыцця 19 чэрвеня. Яна пабудавана на допісах наведвальнікаў Гродзенскага форума. Праз тое ў кнізе трапныя назіранні з гарадскога жыцця суседзяць з едкімі “трольскімі” каментарамі. «Самае галоўнае – гэта нашы з вамі галасы, нашы ўласныя ўспаміны і тое, як мы памятаем наша нядаўнішняе мінулае», – кажуць пра кнігу аўтары. За псеўданімам Андрэй Павач (не) хаваюцца ад чытачоў двое гродзенскіх гісторыкаў – Андрэй Чарнякевіч і Андрэй Вашкевіч.

“Прафесія гісторыка яшчэ нядаўна была дастаткова элітарная і шанаваная. Зараз іх навуковыя ступені нічога не значаць, бо кожны з нас расказвае гісторыю. Больш за тое – “гісторыя гісторыкаў” зараз амаль нікога не цікавіць. Хто насамрэч чытае нашы тоўстыя кнігі, акрамя нас саміх? Затое чытаюць блогераў” – казаў Андрэй Чарнякевіч. “Гродно. За” – спроба папрацаваць з вуснай гісторыяй, запісанай праз саміх яе дзеячоў і носьбітаў. “Яшчэ не так даўно пішучы чалавек – гэта было выключэнне. Ссёння кожны валодае клавіатурай”, – кажа Чарнякевіч.

У такім выглядзе следчанні пакуль не выкарыстаны ў гісторыяграфіі. “Гэта тыя ж самыя вусныя успаміны, толькі больш сучасныя і ляжаць у вольным доступе. Проста большасць аўтараў хаваюцца за нікамі,” – адзначае Чарнякевіч. Але ж і на пачатку найстарэйшага беларускага медыя, газеты “Наша Ніва”, аўтары былі схаваны за псеўданімамі. Толькі ў 90-х на змену “Яськам” прыйшлі “Душа утконоса”, “Левша” ды ”Grodno_Za».
Яшчэ адна ўнікальная рыса новай кнігі – што яе героі (і суаўтары) і зараз жывуць сярод нас. “Традыцыйны гісторык працуе з мертвай натурай. Гэта напэўна адна з нагодаў, чаму яшчэ няма кніжак пра савецкую спадчыну. Справы, што тычацца персаналій, могуць выклікаць наступствы. Ацэньваецца не толькі фактычны бок інфармацыі, але і маральны. Мы не прызвычаіліся пра такое гаварыць. А вось інтэрнэт гэта дазваляе. Чым і скарыстаўся Павач”, – тлумачаць аўтары.
Паклаўшы віртуальныя тэксты на паперу, яны робяць і спробу “перагуляць троля”. “Гродна За(зеркалье)” не спрабуе паказаць негатыў жыцця. Хутчэй – падсвяціць існуючы “сусвет крывых люстэркаў”. “Раптам высвятляецца, што троль – гэта такі самы чалавек, як астатнія. Тады ен перастае падавацца такім агрэсіўна-ненавісным”.
Кніга атрымалася невялікай па масштабу, чым на думку аўтараў, парадуе, як мінімум, эколагаў: “На яе пайшло нешмат паперы і дрэвы недзе ў Белавежскай пушчы захаваліся”. Дадатковую прыемнасць надаюць кнізе малюнкі ў выкананні гродзенскага мастака Івана Русачака.

Напрыканцы сустрэчы гісторыкі расказалі што зараз працуюць над кнігай у жанры альтэрнатыўнай гісторыі – што было б, калі б Балаховіч у 20-я гады перамог. “Паспрабуем выкарыстаць інструмент альтэрнатыўнай гісторыі, каб падвысіць веды пра рэчаіснсць. Каб у выніку мы пазбавіліся ад пошукаў лепшага сусвету, ад адчуванняў, што нешта лепшае страчана. Упэўнены: тое, што мы маем – найлепшае, што маглі мець. За што мы і папярэднія пакаленні заплацілі вялікую цану”.
Аднак больш раскрываць свае планы дасведчаныя вывучэннем віртуальнага Гродна аўтары адмовіліся. “Бо калі мы плануем нешта, дзесці на гродзенскім форуме ціха смяецца маленькі троль”.








