Існуе дастаткова сучасных і гістарычных падставаў надаць Гродна «сталічны» стасус — прызнаць яго беларускай сталіцай кавы.
Тым больш, досвед альтэрнатыўнай сталіцы ў горада немалы. Яго называлі і першай сталіцай БНР, і другой сталіцай ВКЛ, і трэцяй сталіцай Рэчы Паспалітай і нават — культурнай сталіцай Беларусі.
Такі сталічны статус, меркаваннем гісторыка і культуролага Алеся Белага, мог бы стаць для горада адметным турыстычным брэндам.
«Не афіцыёзным, каторы фармальна прызначылі і ўзгадваюць раз на год, каб адсправаздачыцца на паперы, але такім, што насамрэч праходзіць праз свядомасць гараджан і выбудоўвае імідж горада».
Да таго ж, гэтым беларускі Гродна нагадвае ўкраінскі Львоў, горад напрацягу ўжо некалькіх стагоддзяў «самапрадукуе» ўласную кававую ідэнтычнасць.
Што да львавянаў, то яны ператварылі сваю любоў да кавы ў цэлы шэраг турыстычных цікавостак.
«Гэта не азначае, што трэба наўпрост іх захады малпаваць, але самы час пашукаць у тым кірунку свае падыходы», — раіць гісторык. Гродзенская кава мае ўсе шансы, каб стаць новай гродзенскай «кропкай зборкі» і аб’яднаць вакол сябе кавярні і турфірмы, гісторыкаў і супрацоўнікаў культуры, гараджан і гасцей горада.
Чытайце таксама: Помнік каралю, незвычайныя кавярні і ратуша. 5 ідэй са Львова, што не зашкодзілі б і ў Гродне
Тым больш, у хуткім часе Гродна можа адзначыць годны кававы юбілей — 250-годдзе першага пісьмовага ўзгадвання мясцовага кафенгаўза. Да слова, адшукала знакавую звестку гродзенская даследчыца Наталля Сліж.
«Можа, дзе яшчэ на гэтых землях і пілі каву раней за гродзенцаў, але „сіе навуцы невядома“, — „уключае гісторыка“ Наталля Сліж. — Гродна ў гэтым сэнсе пашанцавала, ён адзін з самых даследаваных беларускіх гарадоў».
Гістарычныя крыніцы даводзяць, што ў Гродна кава з’явілася разам з Антоніем Тызенгаўзам і тымі майстрамі ды рамеснікамі, што прыехалі па яго запрашэнні з Заходняй Еўропы. Іх намаганнямі паўстаў у цэнтры Гродна «горад у горадзе» — Гарадніца. Разам з ёй з’явіліся прывычныя для прыезджых майстроў кафенгаўзы. Дакументальнае сведчанне іх наяўнасці - план Гарадніцы, датаваны 1780 годам, на якім адзін з будынкаў у раёне сучаснай вуліцы Ажэшкі, пазначаны як кафенгаўз. Ён быў драўляным і да нашых дзён не захаваўся.
Разам з кавай з’явілася і шмат новых рэчаў і прыстасаванняў для яе спажывання і гатавання. У палацах магнатаў будаваліся адмысловыя печкі для пражання зерня і гатавання кавы, з’явіліся млынкі і цэлыя наборы посуду для сервіроўкі кавы.
Кафенгаўзы ў Гродне былі не толькі ў цэнтры, але таксама ў Ласосне, больш аддаленых Крынках і нават Паставах. Зразумела, што спажыванне кавы ўжо было неад’емнай часткай гарадской культуры.
«XVIII стагоддзе ўвогуле больш „гарадское“ і „культурнае“. Да таго ж, заходнія майстры прыехалі да нас рабіць бізнес, а кава лепш, чым алкаголь, пасавала да дзелавых камунікацый і свецкіх размоў».
Першая гродзенская хваля захаплення кавай сышла разам з Антоніем Тызенгаўзам. Каралеўскі падскрабі атрымаў адстаўку ў 1780, а кафенгаўзы пад канец стагоддзя былі перапрафіляваны ў корчмы.
Але кава моцна пусціла карэнне ў побыт гарадзенцаў, бо напачатку XX стагоддзя над гродзенскімі вуліцамі ізноў лунаў яе водар. «Той кавы зараз не пакаштуеш», — кажа гісторык Андрэй Вашкевіч, але ён мае што распавесці пра кавярні пачатку ХХ стагоддзя.
«У гэты час гродзенцы пілі каву досыць актыўна, — кажа гісторык. — Ужыванне кавы было больш распаўсюджана сярод шляхты і багацейшага мяшчанства».
Магчымасць выйсці на каву «ў горад» таксама была, хаця кавярняў і цукерняў было не так шмат. Асноўную частку ўстановаў харчавання ў міжваенным Гродне складалі шынкі і танныя рэстараны.
Адной з самых папулярных была кавярня Напалеона Катоўскага. Яна пачала працу ў гады Першай сусветнай вайны і праіснавала да сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Знаходзілася кавярня ў вялікім будынку з вокнамі-вітрынамі на рагу сучасных вуліц Найдуса і Савецкай. У свой час яна лічылася самай саліднай і нават элітнай кавярняй горада.
Добрую памяць пакінула па сабе і кавярня Леанарда Шыпоўскага. Яна знаходзілася насупраць кінатэатра Эдэн (зараз — Чырвоная зорка) і была папулярнай ў 20-я гады. Старэйшыя гродзенцы ўспамінаюць, што ў цукерню заходзілі па дарозе ў кінатэатр, каб запасціся пончыкамі на фільм. Адметнасцю інтэр'ера кавярні былі мармуровыя сталешніцы. Краязнаўца Віктар Саяпін некалі пераказваў, што адна з іх была па смерці ўсталявана на магіле гаспадара кавярні.
Яшчэ адным месцам, дзе падавалі каву, была бузярня «Орыент», што мясцілася на рагу сучасных вуліц Ажэшкі, Сацыялістычнай і Віленскай. Да кавы там быў вялікі выбар слодычаў.
Чытайце таксама: Як усходнія слодычы з Гродна перамагалі на выставах у Францыі
У 30-х гадах найлепшым месцам на каву лічылася кавярня «Стамбул». Паміж сабой гродзенцы называлі яе «турэцкай», ці па-просту — «у турка». Знаходзіўся «Стамбул» там, дзе сёння ЗАГС.
Што да пераемнасці кававых традыцый у сучаснасці, то апошнія некалькі гадоў у Гродне назіраецца яе сапраўдны рэнесанс. У горадзе з’явілася шмат новых кавярняў на розны густ і нават уласная марка кавы — Horodnia.
«Культура кавы і кавярні вельмі запатрабаваныя ў Гродне, — разважае барыста з «Нашай кавы» Аляксей. — За два гады, што працуе наша кавярня, яна стала натуральнай часткай гарадскога асяроддзя. З’явіліся пастаянныя кліенты, ёсць новыя наведвальнікі.
У кавярню заглядаюць не проста пасядзець ці пагрэцца, а яшчэ і падзяліцца кавалачкам душы.
Бывае, прыходжу на працу, аглядаюся, а тут усе свае, усіх ведаю — гэта вельмі прыемна".
Нават узровень размовы пра пра каву за гэты час значна вырас, зазначае барыста: «Смак арабікі з характэрнай кіслінкай раней не ўсе разумелі, была звычка да горкай кавы». А зараз людзі больш падарожнічаюць, спрабуюць каву ў іншых месцах, робяцца больш дасведчанымі спажыўцамі і навучыліся адчуваць і цаніць розніцу.
Чытайце таксама: Гродзенец распавёў, як будуе ўласную кава-імперыю і плануе перадаваць веды барыста з усяго свету
У гарадскім кантэксце сёняшняга Гродна кавярні робяцца ўсё больш арганічнай часткай жыцця. Сюды заходзяць рана ідучы на працу, ці нават адмыслова прыходзяць у кавярню, каб папрацаваць.
«Выглядае на тое, што для многіх гродзенцаў наведванне кавярняў стала пэўнай звычкай, такім прыемным рытуалам працоўнага і выходнага дня».
Пра тое, што ў Гродне любяць і разумеюць каву, як нідзе больш, сведчыць і факт, што толькі тут ёсць свая, гродзенская кава — Horodnia.
«Раней выраз „беларуская кава“ часта выклікаў скепсіс. Маўляў, хіба яна тут расце? Зразумела было адразу — чалавек не ў тэме. У Італіі, між іншым, таксама каву не вырошчваюць. Зараз стаўленне змянілася. Людзі разумеюць, што на якасць кавы ўплывае не толькі паходжанне, але таксама купаж і абжарка», — расказвае Вадзім Якута, кіраўнік прадпрыемства «Кава Бум».
З прафесійнай цікавасцю назіраючы за трэндамі спажывання кавы, Вадзім Якута адзначае — за апошнія гады ў Гродне назіраецца рост продажаў натуральнай меленай і кавы ў зернях, а таксама продажы кава-машын.
Прычым ён упэўнены — практычна любыя афіцыйныя дадзеныя па спажыванню кавы ў Гродне будуць заніжанымі. «Гродзенцы яшчэ і з Польшчы любяць прыцягнуць сабе пару пачак кавы ці кава-машыну, набыўшы на прамоцыях».
Што да фірмовай гродзенскай кавы, то яе Вадзім акрэслівае, як «каву для большасці». Складаецца яна з арабікі і рабусты ў роўных прапорцыях. Набыць фірмовы прадукт можна толькі ў Гродзенскім рэгіёне, праз прадстаўнікоў кампаніі ці непасрэдна ў офісе.
«З культурай кавы ў Гродне ўсё добра. Не тое, што раней, калі замовіўшы эспрэса, дзівіліся малому кубку і не ведалі што з ім рабіць. Зараз гродзенцы ў каве разбіраюцца».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…