Існуе дастаткова сучасных і гістарычных падставаў надаць Гродна «сталічны» стасус — прызнаць яго беларускай сталіцай кавы.

Тым больш, досвед альтэрнатыўнай сталіцы ў горада немалы. Яго называлі і першай сталіцай БНР, і другой сталіцай ВКЛ, і трэцяй сталіцай Рэчы Паспалітай і нават — культурнай сталіцай Беларусі.

1. Кава — connecting people

Такі сталічны статус, меркаваннем гісторыка і культуролага Алеся Белага, мог бы стаць для горада адметным турыстычным брэндам.

«Не афіцыёзным, каторы фармальна прызначылі і ўзгадваюць раз на год, каб адсправаздачыцца на паперы, але такім, што насамрэч праходзіць праз свядомасць гараджан і выбудоўвае імідж горада».

Да таго ж, гэтым беларускі Гродна нагадвае ўкраінскі Львоў, горад напрацягу ўжо некалькіх стагоддзяў «самапрадукуе» ўласную кававую ідэнтычнасць.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Капальня кавы ў адной з львоўскіх кавярняў

Што да львавянаў, то яны ператварылі сваю любоў да кавы ў цэлы шэраг турыстычных цікавостак.

«Гэта не азначае, што трэба наўпрост іх захады малпаваць, але самы час пашукаць у тым кірунку свае падыходы», — раіць гісторык. Гродзенская кава мае ўсе шансы, каб стаць новай гродзенскай «кропкай зборкі» і аб’яднаць вакол сябе кавярні і турфірмы, гісторыкаў і супрацоўнікаў культуры, гараджан і гасцей горада.

Чытайце таксама: Помнік каралю, незвычайныя кавярні і ратуша. 5 ідэй са Львова, што не зашкодзілі б і ў Гродне

Тым больш, у хуткім часе Гродна можа адзначыць годны кававы юбілей — 250-годдзе першага пісьмовага ўзгадвання мясцовага кафенгаўза. Да слова, адшукала знакавую звестку гродзенская даследчыца Наталля Сліж.

2. Быў кафенгаўз, бо жыў Тызенгаўз

«Можа, дзе яшчэ на гэтых землях і пілі каву раней за гродзенцаў, але „сіе навуцы невядома“, — „уключае гісторыка“ Наталля Сліж. — Гродна ў гэтым сэнсе пашанцавала, ён адзін з самых даследаваных беларускіх гарадоў».

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Кафенгаўз на плане Гарадніцы 1780 года

Гістарычныя крыніцы даводзяць, што ў Гродна кава з’явілася разам з Антоніем Тызенгаўзам і тымі майстрамі ды рамеснікамі, што прыехалі па яго запрашэнні з Заходняй Еўропы. Іх намаганнямі паўстаў у цэнтры Гродна «горад у горадзе» — Гарадніца. Разам з ёй з’явіліся прывычныя для прыезджых майстроў кафенгаўзы. Дакументальнае сведчанне іх наяўнасці - план Гарадніцы, датаваны 1780 годам, на якім адзін з будынкаў у раёне сучаснай вуліцы Ажэшкі, пазначаны як кафенгаўз. Ён быў драўляным і да нашых дзён не захаваўся.

Разам з кавай з’явілася і шмат новых рэчаў і прыстасаванняў для яе спажывання і гатавання. У палацах магнатаў будаваліся адмысловыя печкі для пражання зерня і гатавання кавы, з’явіліся млынкі і цэлыя наборы посуду для сервіроўкі кавы.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Набор посуду для кавы з экспазіцыі Старога замка ў Гродне

Кафенгаўзы ў Гродне былі не толькі ў цэнтры, але таксама ў Ласосне, больш аддаленых Крынках і нават Паставах. Зразумела, што спажыванне кавы ўжо было неад’емнай часткай гарадской культуры.

«XVIII стагоддзе ўвогуле больш „гарадское“ і „культурнае“. Да таго ж, заходнія майстры прыехалі да нас рабіць бізнес, а кава лепш, чым алкаголь, пасавала да дзелавых камунікацый і свецкіх размоў».

Першая гродзенская хваля захаплення кавай сышла разам з Антоніем Тызенгаўзам. Каралеўскі падскрабі атрымаў адстаўку ў 1780, а кафенгаўзы пад канец стагоддзя былі перапрафіляваны ў корчмы.

Але кава моцна пусціла карэнне ў побыт гарадзенцаў, бо напачатку XX стагоддзя над гродзенскімі вуліцамі ізноў лунаў яе водар. «Той кавы зараз не пакаштуеш», — кажа гісторык Андрэй Вашкевіч, але ён мае што распавесці пра кавярні пачатку ХХ стагоддзя.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Кафейная пара з экспазіцыі Старога замка ў Гродне, над каторай Вашкевіч шкадуе аб немагчымасці пакаштаваць «міжваеннай» кавы

3. «Міжваенная» кава пачатку ХХ стагоддзя

«У гэты час гродзенцы пілі каву досыць актыўна, — кажа гісторык. — Ужыванне кавы было больш распаўсюджана сярод шляхты і багацейшага мяшчанства».

Магчымасць выйсці на каву «ў горад» таксама была, хаця кавярняў і цукерняў было не так шмат. Асноўную частку ўстановаў харчавання ў міжваенным Гродне складалі шынкі і танныя рэстараны.

Адной з самых папулярных была кавярня Напалеона Катоўскага. Яна пачала працу ў гады Першай сусветнай вайны і праіснавала да сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Знаходзілася кавярня ў вялікім будынку з вокнамі-вітрынамі на рагу сучасных вуліц Найдуса і Савецкай. У свой час яна лічылася самай саліднай і нават элітнай кавярняй горада.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Інтэр'ер кавярні Катоўскага. Здымак прадастаўлены Андрэем Вашкевічам

Добрую памяць пакінула па сабе і кавярня Леанарда Шыпоўскага. Яна знаходзілася насупраць кінатэатра Эдэн (зараз — Чырвоная зорка) і была папулярнай ў 20-я гады. Старэйшыя гродзенцы ўспамінаюць, што ў цукерню заходзілі па дарозе ў кінатэатр, каб запасціся пончыкамі на фільм. Адметнасцю інтэр'ера кавярні былі мармуровыя сталешніцы. Краязнаўца Віктар Саяпін некалі пераказваў, што адна з іх была па смерці ўсталявана на магіле гаспадара кавярні.

Яшчэ адным месцам, дзе падавалі каву, была бузярня «Орыент», што мясцілася на рагу сучасных вуліц Ажэшкі, Сацыялістычнай і Віленскай. Да кавы там быў вялікі выбар слодычаў.

Чытайце таксама: Як усходнія слодычы з Гродна перамагалі на выставах у Францыі

У 30-х гадах найлепшым месцам на каву лічылася кавярня «Стамбул». Паміж сабой гродзенцы называлі яе «турэцкай», ці па-просту — «у турка». Знаходзіўся «Стамбул» там, дзе сёння ЗАГС.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Сучасная кава-машына стылізаваная пад рэтра

4. Кавярні, як прыемны рытуал у штодзённасці

Што да пераемнасці кававых традыцый у сучаснасці, то апошнія некалькі гадоў у Гродне назіраецца яе сапраўдны рэнесанс. У горадзе з’явілася шмат новых кавярняў на розны густ і нават уласная марка кавы — Horodnia.

«Культура кавы і кавярні вельмі запатрабаваныя ў Гродне, — разважае барыста з «Нашай кавы» Аляксей. — За два гады, што працуе наша кавярня, яна стала натуральнай часткай гарадскога асяроддзя. З’явіліся пастаянныя кліенты, ёсць новыя наведвальнікі.

У кавярню заглядаюць не проста пасядзець ці пагрэцца, а яшчэ і падзяліцца кавалачкам душы.

Бывае, прыходжу на працу, аглядаюся, а тут усе свае, усіх ведаю — гэта вельмі прыемна".

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Адзін з вечароў у кавярні «Наша кава»

Нават узровень размовы пра пра каву за гэты час значна вырас, зазначае барыста: «Смак арабікі з характэрнай кіслінкай раней не ўсе разумелі, была звычка да горкай кавы». А зараз людзі больш падарожнічаюць, спрабуюць каву ў іншых месцах, робяцца больш дасведчанымі спажыўцамі і навучыліся адчуваць і цаніць розніцу.

Чытайце таксама: Гродзенец распавёў, як будуе ўласную кава-імперыю і плануе перадаваць веды барыста з усяго свету

У гарадскім кантэксце сёняшняга Гродна кавярні робяцца ўсё больш арганічнай часткай жыцця. Сюды заходзяць рана ідучы на працу, ці нават адмыслова прыходзяць у кавярню, каб папрацаваць.

«Выглядае на тое, што для многіх гродзенцаў наведванне кавярняў стала пэўнай звычкай, такім прыемным рытуалам працоўнага і выходнага дня».

5. Гродзенская кава — варыянт «для большасці»

Пра тое, што ў Гродне любяць і разумеюць каву, як нідзе больш, сведчыць і факт, што толькі тут ёсць свая, гродзенская кава — Horodnia.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
У кавы Horodnia зараз ёсць дробная фасоўка і абноўлены дызайн упакоўкі

«Раней выраз „беларуская кава“ часта выклікаў скепсіс. Маўляў, хіба яна тут расце? Зразумела было адразу — чалавек не ў тэме. У Італіі, між іншым, таксама каву не вырошчваюць. Зараз стаўленне змянілася. Людзі разумеюць, што на якасць кавы ўплывае не толькі паходжанне, але таксама купаж і абжарка», — расказвае Вадзім Якута, кіраўнік прадпрыемства «Кава Бум».

З прафесійнай цікавасцю назіраючы за трэндамі спажывання кавы, Вадзім Якута адзначае — за апошнія гады ў Гродне назіраецца рост продажаў натуральнай меленай і кавы ў зернях, а таксама продажы кава-машын.

Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў
Меркаваннем Вадзіма Якуты, разам з натуральнай кавай і тэхнікай для яе прыгатавання гродзенцы «набываюць» сучасную культуру спажывання кавы

Прычым ён упэўнены — практычна любыя афіцыйныя дадзеныя па спажыванню кавы ў Гродне будуць заніжанымі. «Гродзенцы яшчэ і з Польшчы любяць прыцягнуць сабе пару пачак кавы ці кава-машыну, набыўшы на прамоцыях».

Што да фірмовай гродзенскай кавы, то яе Вадзім акрэслівае, як «каву для большасці». Складаецца яна з арабікі і рабусты ў роўных прапорцыях. Набыць фірмовы прадукт можна толькі ў Гродзенскім рэгіёне, праз прадстаўнікоў кампаніі ці непасрэдна ў офісе.

«З культурай кавы ў Гродне ўсё добра. Не тое, што раней, калі замовіўшы эспрэса, дзівіліся малому кубку і не ведалі што з ім рабіць. Зараз гродзенцы ў каве разбіраюцца».


Гродна - беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў "за" ад экспертаў