Прыязджаў Горват. Расказаў пра “Радзіва”. Ну як, расказаў. Тое-сёе, адно што не абцугамі выцягваць прыйшлося. Паляшук, адно слова.
Радзіва, кажа, справа сур’ёзная. Гэта вам не “цілівізар”, не шоў “за шклом”. І, кажа, не чакайце надта разумных адказаў. Я так адразу не магу, каб разумна. От буду ў маршрутцы дахаты ехаць, тады я ўжо о-го-го якія прыгожыя адказы на вашы пытанні прыдумаю! І у фэйсбуку напішу. А пакуль прымайце, які ёсць.
То прымалі. Ахвотных пагаварыць з аўтарам у нядзелю 3 лютага набралася поўная зала. “Радзівафікацыя” Гродна ўдалася.

“Перадайце ў цэнтр – урбанізацыя адмяняецца”
Хто не ведае Андрусіка-Іванавіча-ой-як-схуднеў-Горвата, хай лепш не кажа пра тое ўголас. Ну як жа не ведаць? Хто двор ля Купалаўскага мёў ? А хто прэмію «Дэбют» сёлета атрымаў? А ў каго каза Цёця і цёця яшчэ тая каза? Ну то от.
А пачыналася ўсё вельмі проста. Вярнуўся хлопец з Мінску, “дзе ўсе людзі памытыя”, на вёску, у дзедаву хату. Думаў, будзе ў школе настаўнічаць і на “першабытна-абшчынны лад” гаспадарыць. Завёў сабе казу і ката. З выгодаў меў калодзеж на падворку і прыбіральню ў канцы гарода.
“Унутранаму этногафу было цікава перажыць такі лад жыцця. Адчуць, як пранікам мылі бялізну і тым вядром вады абыходзіліся. Я гэта перажыў, маю такі вопыт. Але цяпер банальна патрэбны бытавыя ўмовы. Калі іх няма, гэта не значыць, што месца мне не падыходзіць. Проста трэба гэта для сябе зрабіць”.

І ванны пакой, і “нармальная прыбіральня”, паводле Андруся, да вясковай хаты нармальна дапасуюцца. “Гэта будзе парыў шаблонаў. Я люблю спалучаць такія рэчы. Інтэр’ер таксама спачатку быў вясковы. Цяпер я напаўняю яго сваім, новым. Пасля падарожжа ў Еўропу чымсці еўпарейскім. Атрымліваецца вельмі цікавы мікс. Простыя бярвёны і душавая кабінка – мне здаецца, вельмі цікава. Гэта і павага да таго, што было, і маё існаванне. У мяне таксама ёсць свой голас. Мы з дзедам у пастаянным дыялогу. Спачатку я называў гэта месца дзедавай хатай, бо ён яе пабудаваў. Зараз кажу – мая і дзедава. Нібы сеў побач”.
Не-пісьменнік без казы
Андрусь адмаўляецца называцца “пісьменнікам”. Хіба толькі “каб доўга не тлумачыць і надаць сабе важнасці”. Яго меркаваннем, наконт пісьменніцтва мае вырашыць “аўдыторыя, крытыка, час”. Пакуль што ён азначае сябе проста – аўтар кнігі. Ці былы дворнік Купалаўскага. Залежыць ад сітуацыі.

Кніжка, апроч задавальнення аўтарства, прынесла і матэрыяльны плён. Пакатацца па Еўропе ўдалося за кошт “Радзіва”. Але ператвараць яе ў бізнес Андрусь не збіраецца.
“Былі прапановы зрабіць серыю магніцікаў і паштовак. Ці арганізаваць ток-шоў. Я адмовіўся”.
Тым не менш, “Радзіва” ўсё роўна вырвалася з-пад кніжных вокладак. Купалаўцы зараз рыхтуюць пастаноўку паводле горватаўскай кніжкі. “Што будзе – сам нічога не ведаю. Адбываюцца рэпетыцыі, не хачу перашкаджаць. Пастаноўку робіць Раман Падаляка. Яму я давяраю, ён мае добры густ і адчуванне тэксту”.
https://youtu.be/TNJkA-2JtU0
А вось з казой Андрусю прыйшлося растацца. “Я магу ў шэсць раніцы прачнуцца і ў шэсць раніцы легчы спаць. Таму казу аддаў у добрыя рукі, каб не мучыць моцна сваім ладам жыцця”. Зараз гаспадарка ў Андруся – куры і пчолы. А новая муза – кот Батон.
“Ён вясной прыбіўся. Доўга не хацеў яго пускаць і рабіць сваім катом, проста карміў. Але ён такі клёвы, я яму літаральна пару тыдняў таму даў імя – Батон. Таму што ён такі вялікі і аранжавы. Але гэта не літаратурны персанаж, а мой кот“.
“За кароўнікам Мінск, за лесам Украіна”. І Еўропа таксама
“Раней адчуваў сваёй вось гэту прастору – Палессе, Беларусь. Цяпер свет для мяне пашырыўся. Зараз Гомель ці Берлін – розніцы няма, у прынцыпе. І там, і там жывуць такія самыя клёвыя цікавыя людзі, каторыя могуць даваць натхненне”. Што да права “прысябечыць” да сваёй прасторы аж 11 наведаных краін, то яго, на думку Горвата, дае любоў.
“Любіць – гэта значыць ставіцца акуратна, неяк ахоўваць, зберагаць. Калі я люблю нешта, гэта дае мне права лічыць яго сваім. Значыць, у мяне ёсць жаданне каб там было добра”.

Найбольш дзіўным адкрыццём Еўропы стала хіба яе свойскасць.
“Людзі паўсюль вельмі правінцыйныя, вельмі простыя. Есць сталіцы, мульцікультурныя цэнтры. Астатнія, нават буйныя гарады – гэта правінцыя. Людзі жывуць у сваіх дамах, у горад прыязджаюць толькі працаваць. Не ведаю, чаму ў нас прынята лічыць вясковасць чымсьці нізкім”.
“У Польшчы ёсць усё, акрамя дзедавай хаты”
Драўляныя хаткі, меркаваннем Андруся, “расказваюць, хто мы і адкуль прыйшлі”. “У заходнееўрапейскіх краінах няма драўлянай архітэктуры зусім. Калі з дзясятак краінаў аб’ехаў, то вочы прасілі ўжо гэтых драўляных хатак”. Хаця б праз тое яны вартыя захавання, мяркуе былы гаражанін. “Нават калі пабудаваны адносна нядаўна, пасля вайны, яны з непарыўнай традыцыі ідуць. Перарваць гэта – вельмі небяспечная штука”.

Праўда, многія з аднавяскоўцаў Горвата не разумеюць: як можна было з горада перабрацца ў вёску. Большая частка з тых, што засталіся ў Прудку, хацелі б з’ехаць, але проста не могуць сабе такога дазволіць. “Людзі застаюцца і імкнуцца ператварыць вясковыя хаты ў “кшталту гарадскія” кватэры. Заходзіш унутр – і не адрозніваецца. За гэта балюча заўсёды, што сваю ўнікальную прастору людзі разбураюць. Такая ж паганая тэндэнцыя, як плот з металапрофілю ставіць, ці сцены сайдынгам зашываць. Проста ёсць рэчы рэальна патрэбныя, а есць і тое, што не трэба чапаць, ашчадна ставіцца і зберагаць”.
Культура прыйдзе ў Прудок
Што да “Радзіва”, то гэта – пройдзены этап. “Ёсць слова “канец” і вокладка ззаду. А зараз? Андрусь піша кнігу, пра каторую пакуль не хоча асабліва расказваць. Кажа толькі, што яна будзе адрознівацца ад “Радзіва”. “Яшчэ ў Мазыры ладзім культурніцкую прастору. Магчыма, хутка ў Нароўлі палацам зоймемся. Такія рэгіянальныя справы”.

А побач з дзедавай сядзібай, у выкупленай Дэдалевай хаце, Андрусь збіраецца зладзіць “нешта кшталту артпляцоўкі вясковага масштабу”. “Туды можна будзе прыязджаць. Музыкі канцэрты будуць ладзіць. Купалаўцы летам прыедуць, пакажуць спектакль па кнізе. Без білетаў, бясплатна. Чыста з мэтай далучэння прудкаўцоў да культурніцкіх падзей нашай краіны”.



